Ці гатовыя ўласнікі зніжаць цэны на арэнду кватэр і браць плату ў рублях?

Анастасія, якая прыехала ў Мінск на працу, разам з хлопцам шукае аднапакаёвую кватэру. Цяпер яны наймаюць двухпакаёўку за 350 долараў каля станцыі метро "Пралетарская". Маладыя людзі жывуць у кватэры паўгода, дамова заключаная на два гады, але гаспадары кватэры задумалі прадаваць жыллё. Таму маладой сям'і давядзецца з'ехаць. Анастасія адзначае, што ажыятажу на кватэры, як летась, яна не назірае.

“У мінулым годзе было складана знайсці кватэру: мы пастаянна абнаўлялі аб'явы, тэлефанавалі, а кватэры ўжо аказваліся здадзенымі. А ў гэтым годзе прасцей усё — мы паглядзелі тры варыянты, гаспадары нават даюць нам час падумаць!”

Цяпер дзяўчына шукае кватэру да 300 долараў. Анастасія мяркуе, што яшчэ праз два месяцы цэны на аднапакаёўкі зменшацца.

Але ці гатовыя самі ўласнікі кватэр скідваць цэны або браць аплату ў рублях?

Тэлефануем гаспадару "аднапакаёўкі ў элітным доме за 300 долараў" Пятру. Дамовіцца на зніжэнне аплаты праз скачок курсаў з гаспадаром нескладана.

“Я гатовы пераглядзець суму арэнды як у ваш, так і свой бок, ад сітуацыі залежыць”, — хітруе Пётр. Пытанне пра арэнду ў рублях яму не вельмі падабаецца, але гатовы гаспадар і на гэты крок.

Яшчэ адна гаспадыня кватэры, Дыяна, сама кажа пра тое, што гатовая здаваць сваю аднапакаёўку ў добрым стане за 5 мільёнаў рублёў (каля 285 долараў — заўв. Еўрарадыё).

“Хіба ў нас можна браць аплату за кватэру ў доларах? Бяруць тыя, хто не баіцца штрафу. Я бяру ў рублях. А раптам вы агент ці яшчэ з якой нагоды тэлефануеце”, — палохаецца Дыяна.

У цэлым уласнікі кватэр цяпер гатовыя ісці на аплату ў рублях “па добрым курсе” або рэагаваць на зніжэнне рубля да долара. На словах. Як будзе ў жыцці — прадказаць немагчыма.

Што адбываецца на рынку арэнды, каментуе намеснік дырэктара па арэндзе жылля кампаніі “Твая сталіца” Наталля Радзеня. Спецыяліст адзначае, што як толькі скокнуў долар, пачаліся тэлефанаванні з просьбай парэкамендаваць, як быць.

"Мы кажам, каб людзі арыентаваліся на цэны лістапада 2014 года, калі аднапакаёвая кватэра каштавала 3-3,5 мільёны. Цяпер сярэдні заробак складае 7 мільёнаў, курс долара вырас, так, але заробак усе атрымліваюць у рублях, і ніхто не індэксаваў гэтыя заробкі. Няхай чалавек будзе аддаваць палову заробку за арэнду. Але ж яму, прабачце, на нешта трэба жыць", — кажа Наталля Радзеня.

Спецыяліст заўважае, што цяпер большасць уласнікаў кватэр адэкватна ўспрымаюць сітуацыю з курсам: яны пачалі зніжаць арэнду, каб не страціць добрых арандатараў. Але ёсць выключэнні.

“Ёсць уласнікі кватэр, якія адразу кажуць: хачу за кватэру 300 долараў і не буду скідваць ні дваццаць долараў, ні сорак. Таму адразу шукайце нам такіх арандатараў!” — распавядае Наталля Радзеня.

На сённяшні дзень аднапакаёвыя кватэры ў Мінску можна знайсці за 200-250 долараў, двухпакаёўка — пад 300 долараў, а арэнда трохпакаёўкі пачынаецца ад 300.

Спецыяліст дадае, што ўсведамленне сітуацыі з доларам і зніжэнне арэнды адбудзецца не адразу, а праз месяц-паўтара.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі