Чыноўнік, які адказваў за канцэрты ў Мінску, звольніўся

Кіраўнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Анціповіч, які шмат гадоў узгадняў правядзенне ў сталіцы ўсіх канцэртаў, сышоў са сваёй пасады.

“Я проста выпрацаваўся, — тлумачыць рашэнне былы чыноўнік. — Ёсць свой стаж дзяржаўнай службы і г.д. Я разумею, што вы жадаеце пачуць, што мяне звольнілі, але не, пра гэта нават не вядзецца. Таму будуць займацца гэтым усім іншыя людзі, і ад 1 верасня ўказ пра вяртанне гастрольных пасведчанняў таксама будзе працаваць”.

Што Уладзімір Валер’евіч будзе рабіць далей, пакуль невядома: маўляў, наперадзе яшчэ ёсць вольны месяц адпачынку, за які і вырашыць, ці заставацца ў сферы культуры.

Адзначым, што згодна з прэзідэнцкім указам, з 1 ліпеня гэтага года на 25% была скарочаная колькасць чыноўнікаў. Упраўленне культуры, у якім працаваў Уладзімір Анціповіч, аб’яднанае з іншымі структурамі. Яго функцыі цяпер выконвае Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі. Менавіта яно з 1 верасня пачне выдаваць гастрольныя пасведчанні на правядзенне канцэртаў. Таму не выключана, што звальненне Анціповіча хоць і адбылося па ўласным жаданні, усё ж такі звязана са скарачэннем колькасці чыноўнікаў. Па інфармацыі Еўрарадыё, яму прапануюць месца ў Філармоніі.

Уладзімір Анціповіч прымаў заяўкі арганізатараў на правядзенне канцэртаў і ставіў пад імі подпісы. З яго іменем многія звязвалі адмены канцэртаў “забароненых гуртоў”. Яшчэ на пачатку чэрвеня кіраўнік аддзела па справах мастацтваў расказваў Еўрарадыё пра тое, што праблема “чорных спісаў” вырашана.

Уладзімір Анціповіч: "Я сам былы рокер і скажу так — трэба займацца сваёй дзейнасцю! Не лезці ў палітыку і гэтак далей. Паглядзіце на нармальных музыкаў на тым жа Захадзе! Не трэба лезці туды, куды не трэба! Калі ж там будуць нейкія воклічы, то гэта ўжо не будзе музыка — нешта іншае атрымаецца. Экстрэмісцкая дзейнасць такая, яна не патрэбная. Не трэба хадзіць туды, куды не трэба. Займайцеся музыкай, на беларускай мове пішыце — ніхто нічога не забараняе".

Еўрарадыё: Можаце назваць тыя беларускія гурты, якія трапляюць у спіс тых, хто “ходзіць туды, куды не трэба”?

Уладзімір Анціповіч: Гэтае пытанне (чорны спіс забароненых гуртоў – Еўрарадыё) знятае і яго цяпер не існуе. Калі ласка — Neuro Dubel робіць канцэрты, “Крама”, N.R.M. робяць. Ніхто нічога не забараняе.

Тады ж Анціповіч каментаваў вяртанне “гастрольных пасведчанняў” і збіраўся працаваць па новых правілах. Але ў той жа перыяд пачалося масавая скарачэнне чыноўнікаў, падчас якога чыноўнік сышоў у адпачынак і на працу ўжо не выйшаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі