Былыя трэнеры БАТЭ: Мы не верым, што Капскі сыдзе

Вечарам 5 жніўня на бітма забітай “Барысаў-Арэне” БАТЭ ў драматычным матчы перамагае венгерскі “Дэбрэцэн” з лікам 3:1. І выходзіць у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Пасля гульні Анатоль Капскі раптоўна прызнаецца, што сыходзіць у канцы сезона.

“Яго роля вельмі важная. Магчыма, нават самая важная — гэта адназначна. Зразумела, што трэнерскія кадры — таксама немалаважны фактар. Але ідэя пераемнасці вытрымліваецца Капскім. І гэта прыносіць вялікі поспех. Таму Анатоль Капскі — гэта той кіраўнік, без якога праекта БАТЭ дакладна не было б. Гэта факт”, — гаворыць Еўрарадыё Юрый Пунтус.

Пунтус трэніраваў БАТЭ вельмі доўга. З 1996 па 2004 год. У найноўшай гісторыі клуба гэта самы “жывучы” галоўны трэнер. Прайшоў з камандай шлях ад другой лігі да вышэйшай, двойчы прывёў яе да золата чэмпіянату Беларусі (у 1999 і 2002 гадах), двойчы — да срэбра (1998, 2000) і адзін раз — да бронзавых медалёў (2001).

Юрый Пунтус не вельмі верыць у тое, што Анатоль Капскі сыдзе “на спакой” пасля завяршэння сезона, як ён абяцае журналістам. І згадвае, што падчас супольнай працы ў БАТЭ бывала рознае, нават да лаянкі справа даходзіла.

“З Капскім складана пражыць 10 гадоў. Але мне крыху прасцей было ў параўнанні з маімі малодшымі калегамі. Нават, напэўна, маімі вучнямі. Таму што мы з Анатолем Капскім на той перыяд былі сябрамі. Так, мы шмат спрачаліся. І нават лаяліся. Але гэта былі спрэчкі сяброў, аднадумцаў”.

Пунтус мяркуе, што ў выпадку сыходу Анатоля Капскага БАТЭ чакае няпросты перыяд. Вядома, шмат будзе залежаць ад таго, хто ўзначаліць клуб замест яго.

Аб тым, што ён шукае пераемніка, Анатоль Капскі прызнаецца выданню “Савецкі спорт” яшчэ ў лютым 2011 года. “Скажу адназначна, што кіраваць клубам мой сябра не будзе. Гэта будзе малады спецыяліст з адукацыяй высокага міжнароднага ўзроўню. Ён абавязкова павінен любіць футбол. Але гэта нават не ўмова. Працаваць у футболе і не любіць футбол немагчыма”, — сказаў тады Капскі.

Пасля сыходу Юрыя Пунтуса з пасады галоўнага трэнера БАТЭ ў 2004 годзе яго месца на тры сезоны займае Ігар Крывушэнка. Цяпер ён трэніруе аднаго з самых прынцыповых сапернікаў барысаўчан — жодзінскае “Тарпеда-БЕЛАЗ”. Крывушэнка таксама адзначае вядучую ролю Анатоля Капскага ў БАТЭ. Ён згадвае, што нягледзячы на гэта ў трэнерскую працу пры ім Капскі не асабліва ўмешваўся.

“У мае функцыі, у прынцыпе, Капскі не ўмешваўся. Былі моманты, калі каманда прайгравала, і тады ён заўсёды хацеў ведаць, чаму так адбылося, што стала прычынай. Як паўплывае пройгрыш на далейшы лёс каманды. Такое ў асноўным. Але ніколі не было пытанняў, чаму я некага стаўлю ў аснову, а некага — не, чаму трэніроўкі такія, а не іншыя”.

Крывушэнка называе Капскага максімалістам, чалавекам, які робіць усё, каб БАТЭ дасягаў самых высокіх мэтаў. “Клуб для яго — як дзіця”, — гаворыць галоўны трэнер “Тарпеда-БЕЛАЗ”. І называе словы Капскага аб сыходзе з пасады ў канцы сезона эмацыянальным рашэннем. На думку Крывушэнкі, Капскі можа перадумаць, нягледзячы на моцны стрэс, які прыносіць праца ў клубе, і стомленасць.

У адваротным выпадку БАТЭ чакае няпросты перыяд, лічыць Крывушэнка. І шмат што будзе залежаць ад магчымага пераемніка Капскага.

“Усё будзе залежаць ад таго, хто прыйдзе замест Капскага, якую ён знойдзе замену. Я не думаю, што нават калі Капскі сыдзе, ён сыдзе далёка ад клуба. Ён пакіне пасля сябе чалавека, блізкага сабе па духу. Чалавека з аўтарытэтам. Магчыма, гэта будзе Аляксандр Захарчанка, паплечнік Капскага”.

Падумаць над прозвішчам пераемніка (калі ён усё ж будзе прызначаны) у Капскага ёсць калі. Перамога над венгерскім “Дэбрэцэнам” азначае, што БАТЭ ў любым выпадку выходзіць у групавы этап еўракубкаў, Лігі чэмпіёнаў альбо Лігі Еўропы. Таму футбольны сезон для барысаўчан сёлета працягнецца ажно да зімы. Хто ведае, магчыма, новым кіраўніком праўлення БАТЭ стане… Алеся Капская. У 2011 годзе яна атрымала ступень магістра бізнес-адміністравання ў англійскім Ліверпулі са спецыялізацыяй у футбольнай сферы. З таго часу дачка Анатоля Капскага працуе намесніцай кіраўніка дэпартамента развіцця БАТЭ.

Фота by.tribuna.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі