Беларуская чыгунка спыніла продаж квіткоў на цягнік “Мінск-Варшава”
Ён можа канчаткова знікнуць ужо ў траўні з-за нерэнтабельнасці. У сярэднім ім карыстаюцца толькі 38 пасажыраў за рэйс.
З пачатку траўня можа знікнуць цягнік “Мінск-Варшава-Мінск”. Беларуская чыгунка прадае квіткі толькі да 28 красавіка. Аб гэтым падчас “Адзінага дня пасажыра” расказаў кіраўнік Пасажырскай службы “Беларускай чыгункі” Аляксандр Захарэвіч. Паводле яго слоў, беларусы ўжо двойчы ездзілі ў Варшаву дамаўляцца аб лёсе цягніка, аднак палякі настойваюць на яго адмене. Прычына — нерэнтабельнасць. “Беларуская чыгунка” вымушаная даплачваць польскім калегам па 2 тысячы долараў штомесяц за праход цягніка “Мінск-Варшава” па польскай тэрыторыі. У сярэднім ім карыстаюцца 38 чалавек за рэйс. А перавезці ён можа у пяць разоў больш.
“Мы працягваем перамовы і яшчэ спадзяёмся, што Польшча дазволіць нам захаваць гэты цягнік”, — гаворыць Захарэвіч.
Што будзе, калі цягнік адменяць?
Нічога страшнага. Чыгуначнікі абяцаюць чапляць беларускія вагоны да расійскага цягніка “Масква-Варшава”. Набыць квіток на іх можна будзе гэтаксама, як і на беларускі цягнік. Квіткі ў расійскія вагоны паступаюць ў продаж у абмежаванай колькасці і прадаюцца за некалькі гадзін да адыходу цягніка.
Фактычна для беларусаў зменіцца толькі час адпраўлення — расійскі цягнік у Варшаву з Мінска адыходзіць каля апоўначы. Беларускі — на дзве гадзіны раней. Але і прыбывае ў Варшаву расійскі цягнік у больш зручны час — каля 8-ай гадзіны раніцы. Беларускі даязджае да Варшавы прыкладна а пятай гадзіне.
Як перамены паўплываюць на кошты?
Пакуль незразумела, але верагодна, што яны зраўняюцца з коштамі на расійскі цягнік. На сёння самы танны квіток з Мінска на цягнік “Масква-Варшава” каштуе 1 мільён 308 тысяч. Падарожжа па гэтым жа маршруце на беларускім цягніку пакуль абыходзіцца на 50 тысяч танней.
Як яшчэ можна наўпрост дабрацца з Мінска да Варшавы?
Самалётам. У “Белавіі” кошт квітка эканом-класа ў абодва бакі складае два мільёны рублёў. То бок нават танней, чым на чыгунцы. Польская авіякампанія Lot часам прадае квіткі нават за 60 еўра ў абодва бакі (каля 1 мільёна рублёў). Вылеты 1-2 разы на дзень. З Мінска ў першай палове дня, з Варшавы — у другой.
Аўтобусам. У “Мінсктранса” чатыры рэйсы да Варшавы на дзень. Кошт — 450 тысяч. Калі набываць адразу ў два бакі — 50 тысяч зніжкі. Яшчэ ёсць рэйсы памежных кампаній Eurolines i Ecolines. Там кошты вагаюцца, аднак прыкладна такія ж, як у дзяржаўнага перавозчыка.