Аплаціць жыроўку праз інтэрнэт змогуць 10% беларусаў ва ўзросце ад 55 гадоў

Старшыня Нацбанка Надзея Ермакова кажа пра недалёкі дзень, калі за аплату камунальных плацяжоў ды мабільнай сувязі па наяўным разліку будзе брацца… камісія. Гэта будзе стымулам для людзей актыўна выкарыстоўваць пластыкавыя карткі i тэрміналы. Вось і статыстыка: па дадзеных на 1 красавіка толькі 17,7% пакупак і 12,3 % паслуг аплачваецца намі па картцы.

Але і да гэтага выступу Надзеі Ермаковай многія банкі паступова перастаюць прымаць аплату наяўным разлікам.

Недалёка ад маёй працы “Белаграпрамбанк” нядаўна таксама перастаў прымаць аплату за мабільны. Касірка ў банку накіравала мяне да інфакіёска, спасылаецца на эксперымент.

“У нас эксперымент па аплаце мабільнай сувязі праз інфакіёск. Ён будзе праводзіцца да 1 верасня, а далей кіраўніцтва паглядзіць, наколькі актыўна ўсе карыстаюцца ці не карыстаюцца інфакіёскам, - кажуць мне ў банку.

На мой довад, што вынік эксперыменту вядомы, бо касір ўсіх (!) накіроўвае да інфакіёска, дзяўчыне няма чаго сказаць.

Кіруюся ў “Беларусбанк”, што на вуліцы Маркса. У касіркі пытаюся пра аплату мабільнай сувязі. Тая пасылае да інфакіёска, дзе ўжо чарга з трох чалавек, якія разбіраюцца з тэхнікай. Ім як можа дапамагае кансультант, але і там затрымка. Пытаюся, што за фокусы.

“У нас нельга аплаціць мабільную сувязь. Усё астатняе можна, а мабільную сувязь - не”, - спрабую давесці да дзяўчыны, што ля інфакіёска ўжо чарга, але тая спачувальна разводзіць рукамі.

У кантакт-цэнтры “Беларусбанка” на пытанне Еўрарадыё, як з новай сістэмай разбяруцца сталыя людзі, у якіх і навыкаў працы з мабільнікамі няма, не тое, што з інфакіёскам, аператар з настойлівасцю запэўнівае: мы жывём ў XXI-м стагоддзі, у нас новыя тэхналогіі, сталыя людзі разбяруцца! Вы яшчэ сумняецеся?

Пытаюся ў людзей на вуліцы, паверце, не самых сталых, ці карыстаюцца яны  інфакіёскамі пры аплаце камунальных плацяжоў ці хаця б інтэрнэтам. Многія адмаўляюцца адказваць. Нехта кажа, што хочуць па-даўнейшаму – аплачваюць камуналку праз аператара.

“Я разумею, што гэта павінна быць проста, але пакуль не разбіралася. Пакуль прымаюць праз касу - буду плаціць праз касу, хоць мой брат, ён на 12 гадоў сталейшы за мяне, – аплачвае ўсё праз інтэрнэт, а я не ўмею”, - прызнаецца нам мінчанка.

“Мне ўжо вельмі многа гадоў, і аплату камуналкі мне звычайней праз банк. Я нават у мабільніку не магу разабрацца – у мяне толькі дзве кнопкі там – на выклік і на заканчэнне размовы. Мне зручней, каб усё пакінулі як ёсць”, - прызнаецца яшчэ адна жыхарка вуліцы Маркса.

Еўрарадыё запыталася ў эксперта Міхаіла Дарашэвіча, кіраўніка праекта Gemius Беларусь, наколькі прадвінутыя карыстальнікі беларусы.

“Ініцыятыва банка вельмі карысная, добрая, але тут ёсць іншая праблема. Колькасць людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам і старэйшыя за 55 гадоў, вельмі і вельмі нізкая. Яны не ўмеюць знаходзіць сайты карысныя нейкія, не арыентуюцца. Таму з увядзеннем інтэрнэт-плацяжоў патрэбна паралельна арганізоўваць для людзей, старэйшых за 55 гадоў, нейкія адукацыйныя курсы”, - кажа Міхаіл Дарашэвіч.

Дарэчы, як заўважае Міхаіл Дарашэвіч, прычынай таго, што сталыя людзі не карыстаюцца інтэрнэтам, можа быць некалькі: няма навыкаў карыстання, дорага.

“Трэба прыдумваць нейкія бясплатныя інтэрнэт-месцы, куды можна пайсці і ўсё зрабіць. Можна пайсці ў пункты “Белтэлекама”, але гэта зноў жа за грошы. Атрымліваецца, што і за грошы, і не ўмее чалавек. Дык яму прасцей у чарзе ў банку пастаяць”, - прыводзіць эксперт. Міхаіл Дарашэвіч кажа, што людзі ва ўзросце ад 55 гадоў часцей за ўсё наведваюць такія сайты, як надвор’е, аднакласнікі ды сайты навінаў.

“Цікава, што менавіты яны праводзяць на сайце значна больш часу, чым моладзь, якая чытае загалоўкі-ліды. Гэта больш удзячная публіка”, - кажа Дарашэвіч. 

Па звестках праекта Gemius Беларусь, ад агульнай колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў колькасць людзей ва ўзросце ад 55 да 74 гадоў займае ўсяго 10%. А вось з усіх карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў “Беларусбанка” гэтая колькасць складае ўсяго 6%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі