Апазіцыя вагаецца, ці працягваць удзел у выбарах

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў скончылася 25 сакавіка. І ў гэты ж дзень, яшчэ не маючы канчатковых вынікаў па колькасці зарэгістраваных, лідэры апазіцыйных партый і рухаў дамовіліся сустрэцца і абмеркаваць — як сябе паводзіць далей. Прычым, гэтым разам падзелу на сябраў Ад’яднаных дэмакратычных сіл і Беларускага незалежніцкага блоку не было. Да прыкладу, старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча на сход асабіста запрашаў лідэр левай партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік выбарчага штаба Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Што ж тычыцца таго, якой пазіцыі яны будуць прытрымлівацца падчас гэтай сустрэчы, то, паводле яго словаў, партыя не адступіць ад раней прынятага на гэты конт рашэння.

Рыгор Кастусёў: “Мы лічым выбары несапраўднымі, недэмакратычнымі, але мы запрашаем сваіх сяброў, якія будуць зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты, ісці на выбарах да канца, каб данесці пазіцыю партыі па тых падзеях, якія адбываюцца ў краіне і ў рэгіёнах. Выявіць факты парушэнняў падчас правядзення выбарчай кампаніі і данесці іх да грамадскасці як краіны, так і свету”.

Тым больш, што, адзначае кіраўнік выбарчага штаба партыі, у іх ёсць сябры, якія ўпэўненыя, што ім удасца перамагчы на выбарах.

Згодна са словамі намесніка старшыні руху “За свабоду!” Віктара Карняенкі, яны выступаюць за тое, каб іх актывісты працягвалі змагацца за дэпутацкі мандат да канца. Але падчас гэтай нарады дэмакратаў прадстаўнікі руху ўважліва выслухаюць прыхільнікаў байкоту выбараў і іх аргументы.

Віктар Карняенка:
“Калі ў прыхільнікаў зняцця кандыдатаў ёсць нейкая стратэгія, калі гэтым не абмяжуецца — мы гатовы яе паслухаць, абмеркаваць. Магчыма, у іх ёсць нейкія ідэі на гэты конт. Але калі гэта проста крыўда на ўладу, то зняцце — гэта дзіўна для палітыкаў такую пазіцыю займаць”.

Галоўнае, кажа Карняенка, разабрацца, да каго скіравана пратэстная апеляцыя са зняццем кандыдатаў. Калі да грамадства, то гэта адно. Калі такім чынам апазіцыя хоча прыцягнуць увагу БДІПЧ АБСЕ да выбараў — то гэта марная справа, лічыць палітык.

Віктар Карняенка:
“Для БДІПЧ галоўнымі доказамі недэмакратычнасці выбараў было не тое, што не ўключылі ў камісіі, і нават не тое, што не давалі сустракацца з людзьмі, — а як адбывалася галасаванне ў дзень выбараў менавіта. І калі кароткатэрміновыя назіральнікі, якіх узначальваў спадар Айрэнс, не змаглі прысутнічаць пры падліку бюлетэняў, вось гэта было падставай для прызнання выбараў не адпаведнымі дэмакратычным стандартам”.

Таксама паслухаць прыхільнікаў байкоту выбараў пойдзе, кажа намеснік старшыні партыі “Справядлівы свет” Валеры Ухналёў, і ён з Сяргеем Калякіным. Хаця, заўважае, яны гатовыя на пэўных умовах зняць з выбараў сваіх кандыдатаў.

Валеры Ухналёў:
“Калі здымацца, то мы гатовыя падтрымаць гэтую пазіцыю і зняць сваіх кандыдатаў, але тады павінны здымацца ўсе. Усе! Да адзінага кандыдата. Тады гэта будзе мець сэнс, і хоць нейкая мэта будзе дасягнута”.

А ў БХД, кажа Павел Севярынец, увогуле няма канчатковай пазіцыі на дадзены момант па гэтым пытанні. Але схіляюцца да думкі, каб працягваць удзел у выбарах да канца.

Павел Севярынец:
“Будзе ў нядзелю сход кіраўніцтва БХД. Мы будзем вырашаць пытанне, якую лінію партыя абярэ на гэты месяц агітацыйнай кампаніі. Але цяпер агульны настрой такі: да пачатку датэрміновага галасавання ўдзельнічаць у агітацыйнай кампаніі. Усе сілы тых, каго не зарэгістравалі, кінуць на акругі кандыдатаў, якіх зарэгістравалі, — і правесці вельмі моцную кампанію там”.

Прыблізна падобная пазіцыя і ў астатніх партый і рухаў. Таму адказу на пытанне, хто можа катэгарычна выступіць за выхад з выбарчай кампаніі, Еўрарадыё не знайшло. Тым больш, што нават тыя структуры, якія прынялі “партыйнае” рашэнне спыніць ўдзел у выбарах, дазволілі працягваць барацьбу асобным сваім сябрам, якія яшчэ не страцілі імпэту і надзеі на перамогу.


Глядзі таксама:

Каратыст з БНФ хоча "выбіць" алімпійца Дзевятоўскага

Фота: http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі