Андрэй Гайдукоў: Месяц у СІЗА КДБ правёў з намеснікам мэра Мінска

Даведка Еўрарадыё: Андрэя Гайдукова супрацоўнікі КДБ затрымалі 8 лістапада 2012 года і змясцілі ў следчы ізалятар КДБ. Яго абвінавацілі ў зборы інфармацыі для замежнай разведкі. 1 ліпеня 2013 года яго асудзілі паводле крымінальнага артыкулу "Замах на ўстанаўленне супрацоўніцтва са спецслужбай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы пры адсутнасці прыкметаў здрады дзяржаве" на 1,5 года пазбаўлення волі.

Еўрарадыё: Ці думалі ўжо, чым далей будзеце займацца, якія планы?

Андрэй Гайдукоў: Пра тое, чым буду займацца, я думаў апошнія некалькі месяцаў зняволення. Спачатку я буду з сям’ёй, першыя некалькі месяцаў я буду ў Беларусі, пастараюся аднавіць сілы і здароўе, рэабілітавацца і прайсці ўсе медагляды, сустрэцца з сябрамі і сваякамі. А што да канкрэтных планаў, то няхай гэта пакуль застанецца без адказу.

Еўрарадыё: Але ці будзеце працягваць грамадскую ці палітычную дзейнасць?

Андрэй Гайдукоў: Што да грамадскай дзейнасці, то мае паплечнікі не здзейснілі тое, што намі было запланавана — мы павінны былі зарэгістравацца праз тры дні пасля майго затрымання. Такім чынам, што цяпер з “Саюзам маладых інтэлектуалаў” я не ведаю — ён разваліўся ці не. Але ён так і не быў зарэгістраваны. Праўда, у бліжэйшы час я нічога ў гэтым накірунку і не змагу зрабіць у гэтых умовах. Фактычна, за гэта мяне і пасадзілі. Я ж хачу бліжэйшы час пабыць са сваёй сям’ёй. Што будзе праз некалькі месяцаў, я вам сёння не магу сказаць.

Еўрарадыё: Планаў з’ехаць з краіны няма?

Андрэй Гайдукоў: У бліжэйшыя паўгода дакладна не планую. Я гэта і кэдэбэшнікам казаў. Дарэчы, мне прэвентыўны нагляд даць не змаглі. Справа ў тым, што мой артыкул лічыцца “не маючым вялікай грамадскай небяспекі” і ў такім выпадку МУС нагляд не дае.

Еўрарадыё: Вы свабодны ад міліцэйскага нагляду чалавек?

Андрэй Гайдукоў: У ноч, калі мяне павезлі ў калонію з віцебскага СІЗА пасля разгляду маёй касацыйнай скаргі Вярхоўным судом, да мяне прыходзіў аператыўнік КДБ, які ад імя фонда амбасады ЗША вёў са мной перапіску, і сказаў, што яны мяне ставяць на свой прафілактычны нагляд. Прычым, па некалькіх катэгорыях. Так што, нагляд за мной будзе і, мяркую, што ён і цяпер ажыццяўляецца.

Еўрарадыё: Вас называлі шпіёнам, вас прызналі палітвязнем — як вы ставіцеся да абодвух “статусаў”, ці лічыце сябе шпіёнам? А палітвязнем?

Андрэй Гайдукоў: Што да шпіёнства, то гэта ўвогуле зусім іншы артыкул — 358. Па ім мяне ніколі не абвінавачвалі, мяне абвінавачвалі ў “замаху на пагрозу нацбяспецы і звяржэння канстытуцыйнага ладу”. У справе ні сакрэтаў дзяржаўных, ні камерцыйных, ні нейкіх інструкцый, якія тычыцца “Нафтана”, пра што мне расказвалі адвакаты і пра што я чытаў у газетах — нічога гэтага не было, ніякіх дакументаў на гэты конт. Я ў гэтым і не абвінавачваўся. Першапачаткова КДБ хацела “загрузіць” нешта накшталт рэвалюцыйнай арганізацыі, якая хоча ўсё пералічанае здзейсніць. Да ўсяго, дапытвалі мяне наконт выбуху 11 лістапада 2012 года ў Віцебску. І гэта хацелі павесіць на нашу арганізацыю, на мяне. У іх гэтага не атрымалася. Арыштаваны я быў па тым жа артыкуле, па якім і асуджаны. І мяне пасля арышту павінны былі праз трое сутак вызваліць. Я так разумею, што мяне арыштавалі з жаданнем, каб я напісаў тое, што яны хочуць, і тады б мяне адпусцілі. На гэта не пайшоў, і атрымліваецца, што на трэція суткі мне абвінавачанне перакваліфікавалі на “замах на здраду, пагрозу нацбяспецы, дэстабілізацыя сацыяна-палітычнай абстаноўкі” і гэтак далей. На судзе адбылася адваротная перакваліфікацыі і ў выніку мне прысудзілі 1,5 года.

Еўрарадыё: Дзіўная мітусня…

Андрэй Гайдукоў: Увогуле за гэта не садзяць! Проста перапіска і ўсё… Фактычна, усё гэта я лічу правакацыяй. Я гэта заяўляў і падчас следства, і на судзе. Гэта пытанне задавалася прадстаўніку КДБ на судзе, але на такія пытанні ён адказваў: “Я не ведаю, я не памятаю”. А што да палітвязня… Увага грамадскасці пайшла мне на карысць і нешта больш падтасоўваць яны баяліся, на больш сур’ёзным узроўні. Таму, гэта абвінавачванне з мяне і знялі. І тая маральная падтрымка, якую я бачыў у лістах з волі, яна вельмі моцна дапамагае. І гэта увага грамадскасці прывяла да больш пільнай увагі да мяне з боку МУС ды іншых органаў, якія бяруць удзел у наглядзе за асуджанымі.

Еўрарадыё: Была апублікаваныя нібыта ваша перапіска з нейкім амерыканскім фондам, што і падавалася як галоўны доказ вашай антыдзяржаўнай дзейнасці. Такія лісты сапраўды існавалі, вы іх пісалі?

Андрэй Гайдукоў: Яшчэ раз, ніякіх сакрэтаў там не было. КДБ хацела нам “загрузіць” нешта падобнае на тое, чым цяпер ва Украіне займаецца “Правы сектар”. Што да перапіскі, то я не бачыў, што там было апублікавана. Адвакаты казалі, што нібыта частка каштарысу. У мяне была перапіска, як я думаў, з прадстаўніком фонду амбасады ЗША. Для маладых грамадскіх арганізацый пошук фінансавання для сваёй дзейнасці — нармальная практыка. І мы падавалі запыты шмат у якія арганізацыі. А потым прыйшоў адказ ад гэтай арганізацыі. Так мы думалі, што ад гэтай. І падчас гэтай перапіскі ў нас пастаянна ўдакладнялі, што ў нас за арганізацыя, што там ёсць пра парушэнні правоў чалавека і гэтак далей. І потым гэтую інфармацыю КДБ у абвінавачванні назвала “аналітычная справаздача”. Пакуль не зразумелі, што ўсе гэтыя “аналітычныя справаздачы” — ні што іншае, як парушэнне правоў чалавека, імі і здзейсненае. І яны замянілі тэрмін на “інфармацыя”. Потым у КДБ зразумелі, што яны не могуць прызнаць за праўду ўсе свае дзеянні, і ў выніку справа пачала развальвацца. Яны зразумелі, што нешта з гэтым трэба рабіць, і таму на суд я прыйшоў з абвінавачваннямі ў “замаху на здраду дзяржаве ў форме пагрозы нацыянальнай бяспецы” і гэтак далей.

Еўрарадыё: Такім чынам, вы перапісваліся не з фондам амерыканскай амбасады, а…

Андрэй Гайдукоў: …а з прадстаўніком КДБ, які адказаў мне, як я думаў, ад імя фонду. Але потым КДБ казалі, што адказ быў ад імя разведкі. Такім чынам, КДБ адказала на адзін з лістоў нашай перапіскі, і пачалося… Яны ў нас цікавіліся канкрэтнай інфармацыяй, а потым усё, што тычылася парушэнняў у Беларусі, на судзе прадставілі як тое, “што можа быць выкарыстанае супраць… палітычнага іміджу краіны” і гэтак далей.

Еўрарадыё: Ці прымяняўся ў дачыненні да вас сілавы ўціск?

Андрэй Гайдукоў: Так. Гэта і “расцяжка”, і знаходжанне ў халодным памяшканні, калі на вуліцы мінусавая тэмпература і ў камеры каля 0. Маральны і псіхалагічны ўціск у іх адпрацаваны дасканала. І ўсё гэта спрабавалі прымяняць да мяне.

Еўрарадыё: Якое стаўленне да вас было з боку асуджаных і з боку адміністрацыі?

Андрэй Гайдукоў: З боку асуджаных паўсюль стаўленне было добрае — не тое, што з боку адміністрацыі. Да ўсяго, у СІЗА віцебскага КДБ ўціск да мяне прымяняўся пастаянна і без перапынку. І цэнзура — да мяне не даходзілі лісты, не пускалі да мяне тыднямі адваката, парушаючы такім чынам Канстытуцыю. У 19 калоніі было спакайней. Там мне адразу сказалі: “Калі ты будзеш сядзець спакойна, то спакойна адбудзеш свой тэрмін”. Не сцярпеў: усё адно размаўляў з людзьмі, збіраў інфармацыю пра тое, як парушаюцца правы, хто за што сядзіць, і ў свой час гэта ўсё я перадам праваабаронцам. А вось у Папраўчую калонію №3 я праехаў канкрэтна “пад прэс”. Па прыездзе я іду на каранцін і адразу пасля яго — у ШЫЗА. Пакуль я там, у мяне праводзяць вобшук, нешта з рэчаў знікае, нейкія мае скаргі.

Еўрарадыё: Ці былі спробы вас завербаваць?

Андрэй Гайдукоў: Што значыць, завербаваць? Яшчэ ў СІЗА КДБ да мяне пастаянна прыходзілі невядомыя людзі і прапаноўвалі варыянты “здзелкі са следствам”, па якіх я даю інфармацыю “з іх аркушаў” і тады мяне адпускаюць. Але гэта да такой ступені смешна было зроблена, што нават не выпадала гэтыя прапановы абмяркоўваць.

Еўрарадыё: Ці прыходзілі вам лісты ад лідараў апазіцыі, праваабаронцаў, замежных палітыкаў?

Андрэй Гайдукоў: Ад прадстаўнікоў апазіцыі і праваабаронцаў я атрымаў некалькі лістоў… Упэўнены, што іх было больш, але цэнзура іх не прапусціла. У асноўным, я атрымліваў лісты ад простых людзей. У СІЗА КДБ быў месяц, цягам якога я не атрымаў ніводнага ліста. Нешта, што тычыцца пазіцыі праваабаронцаў, я чытаў у газетах.

Еўрарадыё: Цягам пэўнага часу праваабаронцы асцерагаліся прызнаваць вас палітвязнем, вас такая пазіцыя не крыўдзіла?

Андрэй Гайдукоў: Гэта былі абгрунтаваныя і правільныя перасцярогі. Існуюць палітычныя рызыкі і любыя падставы зачапіць апазіцыю ці праваабаронцаў выкарыстоўваюцца. А яны сапраўды не ведалі нюансаў — справа ж закрытая. Па заканчэнні справы ўсе адвакаты былі пад падпіскай аб неразгалошванні, сведкі — таксама. І таму праваабаронцаў я разумею, ім нельга дапускаць палітычных стратаў у сённяшніх умовах. І так усё не вельмі добра, не трэба даваць гэтай уладзе дадатковыя козыры супраць сябе. Таму я нармальна да гэтага стаўлюся.

Еўрарадыё: Былі людзі, якія адвярнуліся ад вас у выніку ўсіх гэтых падзей?

Андрэй Гайдукоў: З тых, хто быў мне блізкі, ад мяне ніхто не адвярнуўся. Што да сяброў, то тут я даведаюся з часам: хто пісаў, а хто не, чые лісты проста не прапусціла цэнзура. Але з тых людзей, чыё меркаванне для мяне важнае, ніхто ад мяне не адвярнуўся, усе толькі падтрымлівалі і дапамагалі.

Еўрарадыё: Што было самым цяжкім і складаным за час зняволення?

Андрэй Гайдукоў: Складаней за ўсё было ў СІЗА КДБ. Калі не пускаюць адваката, і ты не ведаеш, што з табой будзе заўтра. Калі пастаянна прыходзяць нейкія людзі, якія не называюцца — нехта пагражаў, нехта палохаў, нехта нешта сваё даводзіў. Менавіта там быў самы напружаны перыяд. Іх задача была мяне маральна зламаць. Але яны і да іншых людзей, з іншымі артыкуламі гэтак жа ставіліся. Спадзяюся, што гэты складаны перыяд я перажыў нармальна.

Еўрарадыё: З якімі цікавымі людзьмі давялося сустрэцца?

Андрэй Гайдукоў: Апошніх дзён 30 у СІЗА КДБ я прасядзеў разам з Ігарам Васільевым, намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. У яго былі праблемы са здароўем, але яго прасавалі яшчэ больш, чым мяне — патрабавалі прызнання віны. Здаецца, ён так віну і не прызнаў. Гэта чыноўнік, які працаваў на гэтага прэзідэнта, патрапіў за краты, але ўсё адно пастаянна казаў: “Прэзідэнт разбярэцца”. Мяркуючы па ўсім, яны так і не разабраліся. Потым я чытаў у газеце, што яго пасадзілі. Былі і іншыя цікавыя сустрэчы, але гэты чалавек быў самы вядомы.

Фота: http://www.svaboda.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі