Актрысу "Свабоднага тэатра", якая пацярпела на Дні Волі, выпісваюць з бальніцы

Актрысу "Свабоднага тэатра", якая пацярпела на Дні Волі, выпісваюць з бальніцы

Актрыса "Свабоднага тэатра" Яна Русакевіч, якая атрымала траўму галавы падчас разгону акцыі на Дзень Волі, ужо заўтра можа выйсці з бальніцы. Падазрэнні на расколіну ў чэрапе не пацвердзіліся. Дактары раяць Яне як мінімум тыдзень пазбягаць фізічных нагрузак і знаходзіцца ў спакоі.

"Я ўжо нармальна размаўляю, праўда, мне падаецца, што крыху па сінусоідзе хаджу. Таму што на леках, крыху прытарможаная, але ўжо лепш. Аперацыі не будзе. Цяпер рыхтуюць дакументы і заўтра пасля дзвюх можна ўжо выпускаць. Мяне адвязуць дадому, але як мінімум тыдзень мне нельга напружвацца. Было моцнае страсенне мозга", ― расказала Яна ў размове з Еўрарадыё.

Актрыса таксама кажа, што ёй працягвае цікавіцца міліцыя. "Мой урач расказаў, што ўчора прыходзіў міліцыянер, глядзеў маю гісторыю хваробы. Але да мяне не зайшоў", ― расказвае Яна Русакевіч. І дадае, што гэта быў не той супрацоўнік міліцыі, які раней прыходзіў да яе і браў паказанні аб прычынах атрымання траўмы.

Актрыса адзначае, што не будзе настойваць на завядзенні крымінальнай справы аб збіцці: "Справядлівасць не ў судзе... Пакаранне наступіць крыху пазней, таму што зверху нехта ўсё бачыць".

Яна Русакевіч атрымала траўму галавы падчас разгону акцыі на Дзень Волі. Актрыса змагла самастойна сысці з акцыі, але страціла прытомнасць у таксоўцы па дарозе дадому. На наступны дзень "хуткая" адвезла Яну ў бальніцу, дактары падазравалі, што ў дзяўчыны расколіна чэрапа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі