Абвешчаны конкурс праектаў, прысвечаны Курапатам

Абвешчаны конкурс праектаў, прысвечаны Курапатам

Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы "Эксперты ў абарону Курапатаў" абвясцілі аб пачатку адкрытага творчага конкурсу ідэй і праектаў, прысвечанага ахвярам сталінскіх рэпрэсій, пахаваных ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 10 сакавіка адзін з арганізатараў конкурсу журналіст Марат Гаравы, галоўная мэта — "падштурхнуць беларускае грамадства да ідэі пакаяння за свабодны або вымушаны ўдзел у злачынствах таталітарнага рэжыму". "Курапаты паўторацца, калі ў нас будзе не нацыя, а натоўп. Яны больш не будуць паўтарацца толькі ў тым выпадку, калі людзі, свабодныя, што ўсведамляюць страшную небяспеку таталітарызму, якая можа прывесці да новых Курапатаў, аб'яднаюцца", — цытуе словы Гаравога БелаПАН.

Першапачаткова "Эксперты ў абарону Курапатаў" планавалі арганізаваць конкурс на лепшы праект мемарыялізацыі гэтага месца масавых пахаванняў, але пазней было вырашана пашырыць умовы творчага спаборніцтва, каб у ім маглі ўзяць удзел людзі, якія працуюць у розных жанрах выяўленчага мастацтва.

Так, акрамя архітэктурных праектаў па мемарыялізацыі Курапатаў, арганізатары конкурсу чакаюць ад удзельнікаў макеты скульптур, жывапісныя палотны, творы графікі і фотаграфікі, арт-аб'екты і відэаінсталяцыі. Конкурсныя работы могуць быць прысвечаныя Курапатам як народнаму мемарыялу; гістарычнай памяці і пакаянню; трагедыі беларускага народа і асобнага чалавека, які стаў ахвярай рэпрэсіўнай палітычнай сістэмы савецкага перыяду.

Патэнцыйныя ўдзельнікі творчага спаборніцтва могуць дасылаць свае працы ў электронным выглядзе да 31 жніўня. Журы конкурсу да 15 кастрычніка адбярэ шэраг работ, якія пасля будуць выстаўлены на другой дакументальна-мастацкай выставе "Праўда пра Курапаты".

У найбліжэйшы час арганізатары конкурсу абнародуюць кантактную інфармацыю, а таксама адрасы, на якія ўдзельнікі змогуць высылаць свае працы.

Абвешчаны конкурс праектаў, прысвечаны Курапатам
Фота: Bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі