21-гадовы пінчук уцякаў ад ДАІ на машыне свайго дзядулі

Галівудскую пагоню за 21-гадовым кіроўцам-бяспраўнікам зладзілі даішнікі з Івацэвіцкага раёна. Інцыдэнт здарыўся сёння ў першай палове дня. У вёсцы Сяньковічы дарожныя інспектары спынілі аўтамабіль Fiat Ducato. Падставай для спынення стала значнае перавышэнне хуткасці — замест дазволеных 60 км/гдз шафёр гнаў 94 км/гдз. Малады чалавек спачатку спыніўся, сказаў, што не мае правоў і паабяцаў прайсці ў машыну інспектара з усімі астатнімі дакументамі. Але як толькі інспектар адышоў, хлопец завёў машыну і кінуўся ўцякаць.

За ім гнаўся інспектар на машыне і патрабаваў спыніцца, але парушальнік не рэагаваў. Калі Fiat уехаў у Івацэвічы, да пагоні далучыўся яшчэ адзін нарад ДАІ. Праваахоўнікі спрабавалі апярэдзіць ліхача, але ён не даваў гэтага зрабіць. Калі ж адзін з даіншых аўтамабіляў пачаў яго абганяць, кіроўца ўдарыў яго ў бок.

Тады да гэтай “галівудскай пагоні” далучыліся і супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Пераслед працягваўся па вёсцы Стайкі, затым па вёсцы Гошчава, а потым парушальнік зноў вярнуўся ў Івацэвічы. Пры гэтым ён ствараў аварыйную небяспеку на цэнтральных вуліцах горада.

Спыніла яго толькі раптоўнае сутыкненне з агароджай у гаражным кааператыве, куды парушальнік заехаў. Але і пасля гэтага хлопец не здаваўся: ён выскачыў з машыны разам са сваім пасажырам і пабег. Інспектары ДАІ ўсё ж затрымалі ўцекачоў.

Высветлілася, што малады кіроўца жыве ў Пінску і месяц таму яго пазбавілі правоў за паўторнае перавышэнне хуткасці цягам года. На парушальніка складаюць адміністратыўныя пратаколы. Аўтамабіль належыць дзядулі хлопца, паведамляе Брэсцкая абласная ДАІ.

П'яны гродзенец на аўто ўцякаў ад ДАІ па лясах (відэа)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі