В издательстве "Мяне Няма" выходят мемуары Шагала "Сваё". Читайте фрагмент!
Уже можно оформить предзаказ / "Мяне няма"
Издательство "Мяне Няма" выпускает на белорусском языке первый вариант автобиографии Марка Шагала "Сваё" ("Ejgens"). Книга находится в типографии, выход из печати ожидается в конце октября.
На сайте издательства уже можно оформить предварительный заказ.
Перевод на белорусский язык сделал Сергей Шупа. Основой стала машинопись объемом 80 страниц, которая хранится в архиве журнала "Di cukunft" в Институте еврейских исследований YIVO в Нью-Йорке. В ней есть некоторые изменения и дополнения по сравнению с вариантом, опубликованным в журнале.
В издательстве отметили: "Это, пожалуй, самый амбициозный наш проект".
По их словам, совпали личные привязанности, интерес публики и переводчика, а также добрая воля меценатов, которые поддержали издание.
В послесловии к изданию переводчик отмечает, что идишский вариант 1925 года "сохраняет подлинный замысел Шагала". По его словам, широко известный французский вариант "Моя жизнь", изданный в переводе Беллы Шагал в 1931 году, предлагает публике более приемлемый и "безопасный" образ художника и убирает все, что могло бы создать нежелательное впечатление.
С разрешения издательства Еврорадио публикует фрагмент мемуаров Шагала.
***
11
Папраўдзе я не магу з упэўненасьцю сказаць, што неяк асабліва рваўся ў Парыж. Не было ў мяне такога пачуцьця і калі я ехаў зь Віцебска ў Пецярбург. Я проста ведаў, што трэба ехаць.
Мне было цяжка вырашыць, чаго я насамрэч хачу. Гучала б вельмі правінцыйна, калі б я ў гэтым адкрыта прызнаўся. Пры ўсёй маёй любові да вандраваньняў, я быў гатовы задаволіцца і значна меншай клеткай. Я заўсёды казаў, што маленькі пакойчык з акенцам у дзьвярах, празь якое мне б перадавалі ежу і іншыя рэчы, задаволіў бы мяне да канца жыцьця.
З такім пачуцьцём я некалі ехаў у Пецярбург, а цяпер — у Парыж.
Толькі што на падарожжа ў Парыж у мяне не было ніякіх матэрыяльных сродкаў. І каб не згубіцца сярод трыццаці тысяч мастакоў з усіх краін і народаў, якія напоўнілі гэты горад, мне напачатку трэба было забясьпечыць сабе сродкі на жыцьцё і працу.
У тым часе мяне прадставілі Вінавэру. Набыўшы маю карціну «Вясельле», ён прызначыў мне месячную стыпэндыю. І я паехаў.
Праз чатыры дні я быў у Парыжы.
Толькі вялікая чатырохдзённая адлегласьць паміж Парыжам і Расіяй утрымалі мяне ад таго, каб вярнуцца — адразу, праз тыдзень ці празь месяц.
Я хацеў прыдумаць сабе нейкія канікулы, каб толькі вырвацца дадому.
Канец усім думкам і марам пра вяртаньне дадому паклаў Люўр.
Я хадзіў па круглай залі Вэранэзэ, па ніжніх залях Манэ, Дэлякруа, Курбэ, Міле — і мне больш нічога не было патрэбна.
Расія ў маім уяўленьні ўзьнімалася ўгору, як кош, падвешаны да паветранага шара. Застылая ў паветры надзьмутая груша з гадамі павольна апускалася долу. Так я сабе ўяўляў рускае мастацтва.
Ну сапраўды, кожны раз, калі даводзіцца думаць або гаварыць пра рускае мастацтва, я адчуваю ўсё той самы смутны, туманны неспакой, замяшаны на роспачы і горычы. Выглядае, што яно асуджанае — у сілу свайго гістарычнага лёсу — быць залежным ад Захаду.
І калі рускія мастакі былі асуджаныя быць вучнямі Захаду — іх нельга вінаваціць у тым, што яны не былі найлепшымі вучнямі. Можа, таму, што па сваёй натуры яны і не маглі быць іншымі. Бо нават найлепшы рускі рэаліст — гэта насьмешка з рэалізму Курбэ. Самы сапраўдны рускі імпрэсіяніст — пачварная пародыя на Манэ і Пісаро. Не магу больш пра гэта гаварыць! Бо я ж люблю Расію...
На другі дзень я выправіўся ў Салён незалежных.
Мой прыяцель, які пайшоў разам са мной, папярэдзіў, што абысьці ўвесь салён ня хопіць сіл.
Ён сам, напрыклад, ледзь дыхаў пасьля некалькіх вялікіх заляў. Спачуваючы яму і маючы свой мэтад наведваньня салёнаў, я прабег першыя залі, нібы ўцякаючы ад залевы — і адразу ўварваўся ў цэнтральныя. Так я зьбярог сілы. І апынуўся ў самым сэрцы францускага жывапісу 1910 года.
Я ўчапіўся ў яго. Ніякія акадэміі і школы ні ў якіх гарадах не маглі мне даць тое, што я адкусіў і адгрыз ад сэрца францускіх выставаў, вулічных вітрын і музэяў. Усё, пачынаючы ад францускага рынку, дзе з прычыны маёй незаможнасьці я купляў толькі кавалак доўгага агурка, або ад работніка ў сіняй блюзе, і канчаючы стараннымі пасьлядоўнікамі Пікасо, Глеза або цыбатага Дэлянэ — усё гаварыла пра сапраўдны францускі густ, пачуцьцё меры, яснасьць і форму. У гэтым была такая мастацкасьць, якая выглядала нават больш жывапісна на карцінах другарадных францускіх майстроў.
І я ня ведаю, ці меў нехта больш яснае ўяўленьне пра тую амаль неадольную прорву, якая аддзяляла мастацтва Францыі да 1914 года ад жывапіснага мастацтва іншых краін. Мне думаецца, што ў Расіі ніхто не задумваецца пра гэтую розьніцу. Але я ў Парыжы думаў пра гэта ўвесь час. І выглядае, што справа тут ня ў меншых або большых здольнасьцях таго або іншага індывіда або народа. Тут дзейнічаюць іншыя, больш арганічныя, псыхафізычныя сілы, якія вызначаюць схільнасьці народаў — каго да музыкі, каго да жывапісу, каго да літаратуры або да сонных мараў.
Пражыўшы нейкі час у студыі на Манпарнасе, па суседзтве са скульптарам Бурдэлем, я перабраўся ў больш сьціплую і адпаведную майму становішчу майстэрню «La ruche» («Вулей»). Так называлася каля сотні злучаных у адно цэлае майстэрняў у атачэньні садоў і гарадзкіх бойняў, дзе жыла мастацкая багема з усяго сьвету. Тым часам як у рускіх майстэрнях рыдала натуршчыца, у італьянскіх гучалі песьні пад гітару, у яўрэйскіх выбухалі сваркі, а я сяджу ў сваёй майстэраньцы з газьнічкай...
Неба сінее. Бярэцца на дзень.
Крыху далей рэзалі быдла на бойнях. Каровы раўлі. Я маляваў кароваў, ня спаў начамі. Вось ужо тыдзень, як у майстэрні не прыбіралі. Кругом карціны, яечныя шкарлупіны, булённыя кубікі за два су. Гарэла лямпа. І я разам зь ёй. Гарэла так доўга, пакуль не пачынала мігцець у калідорнай сіні. Тады я паднімаўся на антрэсолі. Хоць можна было ўжо выйсьці на вуліцу і купіць сьвежых круасанаў. Але я клаўся спаць. Пазьней прыходзіла хатняя прыслужніца, і я ня ведаў, сапраўды яна зьбіралася прыбраць у майстэрні (гэта абавязкова? толькі не чапайце нічога на стале!) ці мела пры гэтым намер падняцца да мяне. Я люблю францускую кроў. І ўгрызаючыся ў францускі жывапіс, жадаючы перасягнуць яго, мне хацелася пакаштаваць францускай плоці.
Каб увайсьці ў маю майстэрню, наведнік мусіў паўгадзінкі пачакаць за дзьвярмі. Гэтага часу было дастаткова, каб я прывёў сябе да ладу і апрануўся. Я працаваў голы... Я зь цяжкасьцю пераношу цяжар любога адзеньня. Я не разьбіраюся ў касьцюмах і апранаюся надзвычай безгустоўна.
Я наведваў школы і акадэміі бульвару Манпарнас і адначасова старанна рыхтаваўся да ўдзелу ў салёне. Як пранесьці праз увесь «Вулей» і ўвесь горад мае крыклівыя палотны?
Спрытны эмігрант хапаецца за ўсё, асабліва за магчымасьць пасьмяяцца. Па дарозе мой рыкша сустракаецца зь іншымі рэмбрантамі, якія вязуць, як і я, свае карціны ў салён. Усе коцяць да брызэнтавых намётаў. Там празь нейкі момант я нарэшце змагу параўнаць мае працы з традыцыйным францускім жывапісам. Карціны разьвешаныя. Праз гадзіну адкрыецца вэрнісаж. І тут да маіх працаў падыходзіць францускі цэнзар і загадвае адну карціну — «Асёл і жанчына» — зьняць. Мы з Тарховым пераконваем яго, што ў ёй няма нічога непрыстойнага. Дамовіліся — карціна засталася.
Для французаў, без сумневу, мае раньнія мастацкія прыёмы былі чужыя. А я ж так старанна прыглядаўся да іх мастацтва. Было так крыўдна, і я спытаўся: ці сапраўды нейкі народ мае вечнае права на ўнікальнасьць? Ці можа іншы народ хоць на нейкі час урваць сабе такое права? Я ня знаю больш ніводнага народа, які, як французы, думаў бы, што ён — соль зямлі ў мастацтве. Шмат у чым гэта так. Але гэта ж несправядліва.
Гэткая іронія і пагарда да чужынцаў невыносныя і ня маюць апраўданьня. І я прызнаюся, што, лежачы ў сваёй каморцы ў Парыжы з такімі развагамі, ня раз думаў пра бунт супраць гэтай традыцыі, супраць іх мастацкай самаўпэўненасьці. Мае выступы ў салёне несьлі на сабе пячатку гэткіх настрояў.
На нейкі час я расстаўся з платамі майго роднага краю і ўліўся ў асяродзьдзе францускіх паэтаў і мастакоў. Вось Канудо, рэдактар «Монжуа». Па пятніцах у яго можна сустрэць Глеза, Мэцэнжэ, Лежэ з Дэлянэ, Валентыну дэ Сэн-Пуан з трыма мілымі хлопчыкамі, адзін меншы за другога. Цёпла і ўтульна.
«Сапраўды, кажу я вам, — зьвяртаецца да мяне Канудо, — ваш твар нагадвае мне галаву Хрыста. Халера зь ёй, з газэтай. Пра мяне ніводнага радка». І кідае газэту на падлогу.
«Не магу ўспомніць, каго мне нагадвае ваш твар, — адказваю я. — Італія, вуліца Дантэ, і я разам з вамі плыву па хвалях «Монжуа», а навокал — бліскучыя трэскі, над намі лунае чарада белых чаек, нібы клубы белых плямаў, яны вірамі ўздымаюцца ў неба.
Вось мансарда Апалінэра, лагоднага Зэўса. Вершамі зь літар і лічбаў пракладвае ён новыя шляхі...
Раптоўнай залевай абрынаюцца на нас сэнсы тваіх словаў. Табе, вядома ж, мрояцца акварэлі; новы твар карцін, паэтаў, горкіх лёсаў. Усіх нас, пра каго ты хоць раз сказаў сваё слова.
Яго ўжо няма. Засталася ўсьмешка, пабляклая на мёртвым твары...
Вось палымяны, звонкі Блез Сандрар, мой сябар, жоўтая кофта, рознакаляровыя шкарпэткі.
Снапы сонечнага сьвятла, жабрацтва ў сетках рытму і колеру, агністая цякучасьць мастацтва, напор нованароджаных палотнаў, галовы, каровы, лятучыя абломкі — усё гэта я памятаю.
«А ты?»
Мне хопіць.
Цэлымі днямі блукаю я па пляцы Згоды, па Люксэмбурскім садзе. Гляджу на Дантона і Вато. Зрываю лісткі.
О, калі б я мог асядлаць каменную хімэру Нотр-Дама, узьляцець над горадам і крэсьліць у небе рукамі і нагамі!
Парыж, ты мой другі Віцебск.