У кнізе пра Беларусь Рой Мядзведзеў абгрунтаваў жорсткую ўладу Лукашэнкі

Аляксандр Фядута: Назва кнігі, на маю думку, крыху недакладная. Я б выправіў на "Аляксандр Лукашэнка. Контуры беларускай супермадэлі". Бо замест апавядання пра тое, як і з чаго складаецца беларуская дзяржава, Мядзведзеў стварае залакіраваную карцінку таго, які выдатны Аляксандр Рыгоравіч і як ён усё слушна робіць. Замест аб'ёмнага партрэта буйнога палітыка, у якім мусіць быць і чорнае, і белае, мы бачым суцэльны камплімент. І выглядае Аляксандр Рыгоравіч у гэтай кнізе як тая "замызганая францужанка", супраць якой ён сам калісьці выступаў: плоска і непрыгожа.


Я не хачу сказаць, што я больш таленавіты за Роя Мядзведзева. Гэта было б з майго боку занадта нахабна. І, магчыма, у мяне проста рэдактар быў лепшы. Але ніколі ў жыцці я не змог бы скончыць кнігу наступнай фразай:

"Одно из самых главных конкурентных преимуществ Беларуси и России — их союзнические отношения и связи".


Разумееце, кнігі так не заканчваюцца і, тым больш, не пішуцца! Такое адчуванне, што гэтая напісана з кавалерыйскага наскоку. Чалавек прыехаў, паглядзеў, тыдзень-другі пажыў тут на казённыя грошы, пачытаў газеты, атрымаў стос ксеракопій і пачаў працаваць клеем і нажніцамі.

Еўрарадыё:
То бок, гэтая кніга хутчэй падобна не да рэкламы, а да антырэкламнага калажу?

Аляксандр Фядута: Я б на месцы Аляксандра Рыгоравіча свядома дыстанцыяваўся ад гэтай кнігі. Яна напісаная насуперак відавочнаму. І, галоўнае, напісаная дрэнна. Нават не газетнай мовай, а дрэнным канцылярытам. А тон часам нагадвае жыццяпіс Кім Чэн Іра з часопіса "Карэя". Перыядычна сустракаюцца ў кнізе расповеды пра тое, як мудра кіруе Аляксандр Рыгоравіч. З цытатамі.

"Как суверенные государства Республика Беларусь и Российская Федерация существуют с декабря 1991 года, и история их отношений в новом качестве не насчитывает ещё 20 лет. Однако её нельзя оторвать от той истории, которая складывалась на протяжении многих столетий, и которая не знала ни войн, ни серьёзных конфликтов. "Россияне и белорусы, — говорил совсем недавно Александр Лукашенко, — это практически один народ, и история давно поставила нас в определённые рамки".


Вось гэтыя рамкі, у якія паставіла гісторыя, — я разумею, што гэта мог сказаць Аляксандр Лукашэнка. Але дасведчаны публіцыст Рой Мядзведзеў мусіць жа разумець, што яшчэ трэба і пісаць!

Еўрарадыё: Але Мядзведзеў карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод людзей, якія нарадзіліся і жылі ў СССР. Можа, таму і быў для яе напісання абраны менавіта гэты гісторык?

Аляксандр Фядута:
Рой Мядзведзеў — не гісторык. Гэта гістарычны публіцыст. Чалавек, які пэўным палітычным канцэпцыям надае публіцыстычную, калялітаратурную форму. Але трэба адрозніваць двух Рояў Мядзведзевых: аднаго — дысідэнта, які быў забаронены ў Савецкім Саюзе. І паспяховага публіцыста постсавецкай эпохі, пачынаючы народным дэпутацтвам пры Гарбачове. Гэта чалавек, які цалкам прыстасаваны да ўлады. Афіцыйны і афіцыёзны біёграф Уладзіміра Пуціна. Чалавек, які выпусціў кнігу пра свайго аднафамільца — Дзмітрыя Мядзведзева — ледзь не праз 3 месяцы пасля яго абрання прэзідэнтам.

Асабіста мяне гэта вельмі насцярожыла. Я маю досвед пісання кніг і магу сказаць, што за 3 месяцы стварыць сур'ёзную біяграфію палітыка фізічна немагчыма!


Еўрарадыё:
Думаеце, Рой Мядзведзеў пачаў пісаць раней за абранне?

Аляксандр Фядута:
Думаю, што ён паставіўся да гэтай біяграфіі адпаведным чынам. Але вось гэтая жоўта-карычневая кніга, якую я зараз трымаю ў руках, — з арліным позіркам Аляксандра Лукашэнкі на вокладцы — у бібліяграфіі Мядзведзева цалкам асаблівая. Бо ён першы перыяд свайго жыцця прысвяціў абгрунтаванню таго, што аўтарытарныя рэжымы шкодныя, што дыктатура не мае шанцаў на жыццё. Тлумачыў, чаму Сталін не мог абысціся без рэпрэсій нават супраць свайго атачэння і што гэта прынесла краіне. А ў гэтай кнізе ён абгрунтоўвае неабходнасць жорсткай аўтарытарнай улады і выкладае, як яна прыводзіць да дабрабыту ў краіне. І тут ўзнікае пытанне: ці не здрадзіў ён сваёй маладосці і сваім ідэалам, за якія ў свой час сапраўды пакутаваў. Іначай няхай прызнае іх памылковымі!

Еўрарадыё:
Што можна сказаць наконт крыніцаў, якімі карыстаўся Мядзведзеў?

Аляксандр Фядута: Калі я працаваў над сваёй кнігай, было зроблена безліч ксеракопій з арыгінальных газетных падшывак. Каля 20 выданняў, пачынаючы 1988-м годам. І гэта было вельмі асаблівае адчуванне. Мы адчувалі пах часу. А тут бачна, што Рой Аляксандравіч прачытаў не так шмат. Асноўная крыніца — газета "Рэспубліка". Другая — часопіс "Беларуская думка". Далей — "Россия в глобальной политике", "Союзное Вече", "Независимая газета". І зрэдку — "Белорусы и рынок".

Мядзведзеў не сустракаўся ні з кім з беларускіх апазіцыянераў. Ён часам блытае элементарныя факты. Напрыклад, піша, што Шушкевіч быў абраны спікерам пасля сыходу ў апазіцыю Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Я не кажу, што ў маёй кнізе няма памылак. Але яна хаця б з'яўляецца першакрыніцай. І Рой Аляксандравіч сумарна працытаваў у сваёй кнізе некалькі старонак з яе, што прыемна. А яшчэ больш прыемна тое, што на 131-й старонцы ён згадаў пра мяне і назваў мяне пісьменнікам! Лічу, што гэта вартая рэкамендацыя ў Саюз пісьменнікаў!

Еўрарадыё:
Як Мядзведзеў піша пра Беларусь?

Аляксандр Фядута:
Характарыстыкі, якія ён дае нашай краіне, — гэта, у асноўным, штампы. Пачытаем Мядзведзева яшчэ:

"Казахстанского журналиста Андрея Гришина поразил не только резкий контраст между грязным, полным бомжей и милиционеров Белорусским вокзалом в Москве и Минским вокзалом в белорусской столице, но и общий порядок в стране. «Минск заметно проигрывает другим столицам Европы по части мест, обязательных для посещения, — отмечает Гришин. — Зато этот город гармоничен и комфортен для проживания. В Минске, в отличие от Москвы и Алматы, нет хаотичного и бездумного строительства. Здесь нет и коррупции, ее президент Лукашенко извел как явление на корню".


Дзе доказы? Няма. Проста словы, штамп на штампе.

"И российских, и казахстанских, и украинских журналистов приятно поразили цены: и проезд в метро, и поход в баню, и покупка продуктов — все это в 2—2,5 раза дешевле, чем в Москве, Киеве или Алматы. Что в рублях, что в долларах, что в тенге, что в гривнах. А лечить зубы сюда приезжают даже из США".


Еўрарадыё:
Але ў Кіеве метро нават сёння крыху таннейшае за беларускае!

Аляксандр Фядута:
Так. Натуральна, можна і з ЗША прыязджаць лячыць зубы. Але навошта чытачоў лячыць? Чытачам трэба праўду казаць. Бо ва ўсіх гарадах, якія пералічыў Рой Мядзведзеў, сярэдні заробак вышэйшы, чым у Мінску, таму і кошты могуць быць крыху вышэйшыя, уключна з коштам на наведванне лазні, што так уразіла мэтра.

Еўрарадыё:
Ці згадваецца ў кнізе ўвогуле беларуская апазіцыя?

Аляксандр Фядута:
Так, і ёсць нават цэлыя кавалкі кнігі, прысвечаныя адносінам уладаў і апазіцыі. Трэба сказаць, Мядзведзеў нідзе не апускаецца на ўзровень "кухонных" эпітэтаў накшталт "ворагі народа", "пастраляць іх трэба" і г.д. Ён паважае сябе і сваё апазіцыйнае мінулае. І не можа дазволіць, каб яго рукамі зводзілі рахункі з людзьмі, непрыемнымі прэзідэнту. Але адчуваецца, што беларускую апазіцыю ён не ведае. Ён не бачыў яе і не размаўляў з ёй, і іх матывы для яго не зразумелыя.

Еўрарадыё:
Думаю, што перад Роем Мядзведзевым вельмі актуальна стаіць праблема часу. Ён спяшаецца за сваім узростам...

Аляксандр Фядута:
Не трэба спісваць нешта на ўзрост. Ёсць шмат прыкладаў таго, як людзі сталага веку захоўваюць адданасць ідэалам маладосці. Ёсць шмат прыкладаў таго, як людзі не сталі з узростам пісаць горш. Справа ў тым, што Рой Мядзведзеў стаміўся быць апазіцыянерам і знайшоў сябе ў новых умовах. Ён заняў сваю нішу: зборнік "Атачэнне Сталіна" і біяграфія Андропава выйшлі ў серыі ЖЗЛ. У 1980-я гады яго кнігі былі для мяне сапраўдным адкрыццём, прарывам: тады ён пісаў пра тое, чаго мы не ведалі.

А цяпер ён напісаў пра тое, што мы ведаем лепш. І зачараванне знікла. Засталася толькі жоўта-карычневая кніжачка з не вельмі ўдалай назвай. Яшчэ адзін міф разваліўся, ледзь ты дакрануўся да яго сваімі рукамі. І гэта сумна.


З іншага боку я, за некалькі гадзінаў, запоем прачытаўшы невялікую кніжку Роя Мядзведзева, зразумеў, што мая "палітычная біяграфія" Аляксандра Лукашэнкі, адрэдагаваная нябожчыкам Яўгенам Дамінікавічам Будзінасам, будзе жыць яшчэ доўга. Я кажу так упэўнена, бо думаю, што шмат у чым менавіта яна спыніла Мядзведзева на простым шляху напісання біяграфіі беларускага прэзідэнта. І тое, што ён вырашыў прысвяціць кнігу хутчэй кнізе, чым чалавеку, — гэта ён зрабіў слушна. Таму, у адрозненне ад шмат якіх іншых кніжак, прысвечаных Аляксандру Лукашэнку, гэтую я пастаўлю ў сябе на палічку. І спашлюся на яе, калі буду дапісваць сваю кнігу. Я лічу, што палітычную біяграфію Аляксандра Лукашэнкі трэба скончыць.

Последние новости

Главное

Выбор редакции