Ці сталі метро ахоўваць лепш? (фота)

Каб вызначыць, у якой ступені ахова метро сочыць за ўваходнымі турнікетамі, мы наведаліся на ўсе дзейныя станцыі Мінскага метрапалітэна (яшчэ ў канцы ліпеня 2012-га года). А ў лютым гэтага года пабылі на трох новых станцыях падземкі ― “Грушаўцы”, “Міхалове” і “Пятроўшчыне”(дадаткова праехаліся па некаторых кропках, дзе бывалі раней).

Здымалі на пляцоўках, дзе ўсталяваны турнікеты. Станцыі наведвалі ў розныя гадзіны сутак.

Такім чынам, дзякуючы ўласнаму даследаванню атрымалася падлічыць ступень аховы метрапалітэна людзьмі ў пагонах.

ВЫНІК ДАСЛЕДАВАННЯ (для дэтальнага азнаямлення перайдзіце па спасылцы)

На дадзены момант у мінскім метро функцыянуе 28 станцый.

Ахова, якая сачыла за турнікетамі ці кантралявала сітуацыю на платформе, фізічна прысутнічала на дзесяці станцыях.

На 18 ― за турнікетамі сачылі толькі жанчыны-кантралёры, чыя задача ― не прапускаць у метрапалітэн “зайцоў”.

Згодна з нашым даследаваннем, толькі 36% ад усіх станцый пільна ахоўваліся людзьмі ў пагонах.

Увага! Кожны аргумент гэтага даследавання можа быць пацверджаны адпаведным відэазапісам.


Міністр унутраных спраў: “Спалучэнне фізічнай прысутнасці і новых тэхнічных сродкаў дазваляюць забяспечваць ахову метро”


Пасля тэракту 11 красавіка 2011 года здавалася, што людзі ў пагонах будуць дзяжурыць на пляцоўках ля ўваходных турнікетаў, як ля каралеўскага трона. Спачатку так і было. Любыя буйнагабарытныя рэчы паўсюль правяралі металашукальнікамі.

Але потым сачыць за турнікетамі сталі менш пільна. Аб гэтай сітуацыі неаднаразова сігналізавалі журналісты. Улетку 2012 года карэспандэнты Еўрарадыё амаль бесперашкодна прайшліся па метро з вялікай сумкай шляхам асуджанага за тэракт Дзмітрыя Канавалава.

Увосень пра недастатковую ахову метро расказалі ў межах праграмы “Адкрыты фармат” па тэлеканале АНТ.

Аддзел міліцыі па ахове Мінскага метрапалітэна не тлумачыў Еўрарадыё, за кошт чаго ажыццяўляецца бяспека падземкі.

“Паведамляю, што звесткі аб штатнай колькасці УУС па ахове Мінскага метрапалітэна, аб парадку нясення службы, а таксама аб службовых абавязках супрацоўнікаў з’яўляюцца інфармацыяй, прызначанай для службовага карыстання, і разгалошванню не падлягае”, ― так нам адказалі ў паперы за подпісам начальніка УУС па ахове Мінскага метрапалітэна І.С. Карповіча.

Начальнік сталічнай падземкі Расціслаў Юрэня падчас прэс-канферэнцыі ў жніўні 2012-га паведаміў пра стварэнне цывільнай службы аховы:

“На жаль, сёння рук і вачэй нам пакуль не хапае. На першым этапе мы мяркуем прыцягнуць 166 інспектараў службы аховы. Як мы плануем, будзе здзяйсняцца патруляванне вестыбюляў, пераходаў, платформаў…”


У параўнанні з летам 2012-га ахова метро, трэба адзначыць, палепшылася. Цывільныя інспектары аховы метрапалітэна, пра якіх казаў Расціслаў Юрэня, сапраўды дзяжураць на многіх станцыях (у асноўным на платформах), з металашукальнікамі. Але на вока далёка не кожная станцыя знаходзіцца пад замком ад патэнцыйнага тэрарыста.

“Можа быць, за турнікетамі супрацоўнікі міліцыі назіраюць праз якія-небудзь схаваныя камеры, ужываюць новыя тэхналогіі?” ― цікавімся ў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча падчас яго удзелу ў "гарачай лініі".

Ігар Шуневіч: “Недахопу супрацоўнікаў у нас няма, гэта я афіцыйна заяўляю. Тое, што супрацоўнік не заўжды знаходзіцца на вачах у грамадзян і выкарыстоўвае тэхнічныя сродкі для здзяйснення адпаведнага кантролю, спыняючы толькі падазроных асоб, я думаю, гэта някепска. Мяркую, што спалучэнне фізічнай прысутнасці і новых тэхнічных магчымасцяў ― яно дазваляе забяспечваць ахову. У нас усё выкарыстоўваецца ў комплексе”.


Усё адно не правяраюць усе сумкі. Як выявіць падазроную асобу, калі супрацоўнік міліцыі назірае з дыстанцыі?”

Ігар Шуневіч: “Тут грае ролю суб’ектыўны фактар, але ёсць пэўныя нормы, згодна з якімі супрацоўнік абавязаны рэагаваць. У тым ліку на буйнагабарытныя рэчы. Я думаю, што ўзровень бяспекі, які сёння забяспечваецца ў метро, ён цалкам адэкватны”.


Раней кіраўнік метрапалітэна Расціслаў Юрэня паведамляў пра планы на будучыню: усталяваць у метро лакалізатары выбухаў, відэакамеры ў вагонах, спецыяльныя зоны дагляду пасажыраў. Простыя прылады экстранай сувязі, якія таксама абяцалі ўсталяваць, ужо з’явіліся на многіх станцыях.

Последние новости

Главное

Выбор редакции