ЗША знялі санкцыі з беларускай кампаніі “Белтэхэкспарт”

24 траўня на сайце Дзярждэпартаменту ЗША размясцілі спіс прадпрыемстваў, у дачыненні якіх спыненыя абмежаванні. У гэтым спісе ёсць і ЗАТ “Белтэхэкспарт”.



Два гады таму ЗША ўвялі санкцыі супраць гэтага прадпрыемства, а таксама супраць беларускай кампаніі “БелОМА”. Як вынікала з паведамлення на сайце Дзярждэпу, падставай для ўвядзення санкцыяў стала “надзейная інфармацыя”, што гэтыя кампаніі перадавалі ў Іран, Паўночную Карэю ці Сірыю, або атрымлівалі ад гэтых краін “абсталяванне і тэхналогію, пазначаную ў спісах кантролю за шматбаковым экспартам, <…> або іншым чынам мелі магчымасць зрабіць матэрыяльны ўнёсак у зброю масавага знішчэння або сістэмы крылатых і балістычных ракет”.



Сутнасць санкцыяў у тым, што ўрадавыя ведамствы ЗША цягам двух гадоў не могуць набываць у названых кампаній або пастаўляць ім тавары і паслугі, а таксама падтрымліваць іх.



Апроч двух беларускіх прадпрыемстваў, пад санкцыі ЗША трапілі тры кітайскія кампаніі, пяць іранскіх, адна паўночнакарэйская, дзве сірыйскія і адна венесуэльская, інфармуе БелаПАН.



Паводле інфармацыі партала tut.by, 1 чэрвеня 2012 года “Белтэхэкспарт” накіраваў на адрас Дзярждэпартаменту ЗША афіцыйны пакет дакументаў, пасля азнаямлення з якімі амерыканскі бок запрасіў прадстаўнікоў беларускай кампаніі ў Вашынгтон. 4 красавіка 2013 года ў Вашынгтоне адбылася сустрэча прадстаўнікоў “Белтэхэкспарту” з дырэктарам упраўлення ракетнага, біялагічнага і хімічнага нераспаўсюду Дзярждэпу Памэлай Дзюрхэм і яе намеснікам Ральфам Палм’ера.


Варта адзначыць, што ў чэрвені 2011 года Рада ЕС прыняла санкцыі ў дачыненні трох беларускіх кампаній — ЗАТ “Белтэхэкспарт”, ЗАТ “Спорт-пары”, і ПУП “БТ Тэлекамунікацыі”, забараніўшы ім бізнес на тэрыторыі ЕС. Усе тры кампаніі пад кантролем бізнесмена Уладзіміра Пефціева, які, як адзначаюць у ЕС, “звязаны з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй”. Сам Пефціеў уключаны ў спіс асобаў, неўязных на тэрыторыю Еўрасаюза.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі