ЗША не павітаюць прызнанне Беларуссю разбору Грузіі

Злучаныя Штаты "пазітыўна не ўспрымуць" магчымае прызнанне Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Пра гэта заявіў 29 жніўня афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Роберт Вуд, паведамляе "Голас Амерыкі". У той жа час, па словах Р.Вуда, ён не мае намер рабіць здагадкі, ці будзе згублены шанец на паляпшэнне беларуска-амерыканскіх адносін, калі Менск услед за Масквой прызнае незалежнасць гэтых тэрыторый, што ўваходдзяць у склад Грузіі.

Прадстаўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства заявіў, што Злучаныя Штаты могуць адмяніць санкцыі ў дачыненні Беларусі, калі краіна распачне крокі ў кірунку палітычных рэформ. Пры прыняцці рашэння аб адмене санкцый і візавых абмежаванняў будзе ўлічвацца ход парламенцкіх выбараў у Беларусі 28 верасня. Акрамя таго, Злучаныя Штаты жадаюць, каб Беларусь дазволіла вярнуцца амерыканскім дыпламатам, якія пакінулі Менск па патрабаванні ўладаў.
Вашынгтон разлічвае таксама, што амерыканскаму грамадзяніну Эмануілу Зэльцэру, які атрымаў тры гады пазбаўлення волі за замах на камерцыйны шпіянаж і выкарыстанне загадзя падробленага афіцыйнага дакумента групай асобаў, будзе забяспечана належнае медыцынскае абслугоўванне і права на наведванне яго ў турме.
29 жніўня Аляксандр Лукашэнка падчас кадравых прызначэнняў у сілавых ведамствах заявіў, што "у адказ на шчырае жаданне Беларусі нармалізаваць адносіны з Захадам, з Злучанымі Штатамі, на нашы пэўныя крокі ні Еўрасаюз, ні ЗША з адэкватнымі мерамі спяшацца не збіраюцца", "пазітыўная канкрэтыка ў гэтым кірунку адсутнічае".
БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі