Змены ў дэкрэт №3 кіраўнік краіны “прэзентуе” ў сваім традыцыйным “пасланні"?

Змены ў дэкрэт №3 кіраўнік краіны “прэзентуе” ў сваім традыцыйным “пасланні"?

Прапановы па зменах у дэкрэт №3 мусілі быць гатовыя да 1 красавіка. Адказваючы 3 красавіка на пытанне Еўрарадыё ў кулуарах парламента, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Качанава прызнае ― яны ўжо накіраваныя кіраўніку краіны.

Качанава: “Мы іх накіравалі на ўзгадненне кіраўніку краіны, і пакуль гэта разглядаецца”.

Але ўдакладняць, што за змены прапанаваныя, чаго чакаць ад абноўленага “антыдармаедскага” дэкрэта, хто тыя змены распрацоўваў і калі яны могуць быць прынятыя, Качанава адмаўляецца.

Але, як даведалася Еўрарадыё, прапановы па ўнясенні зменаў ва ўзгаданы прэзідэнцкі дэкрэт рыхтавалі “выканаўчая ўлада, дэпутацкі корпус і Міністэрства па працы і сацаброне”.

Ігар Марзалюк: "Там шмат істотных дапаўненняў, якія ўлічваюць пазіцыю і дэпутатаў, і выканаўчай улады, і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, і канкрэтную практыку, не толькі пазітыўную, прымянення гэтага дэкрэта. Змены будуць, і вялікая колькасць тых, хто патрапіў па чыста фармальных прыкметах, не будуць плаціць ― гэта факт. І тыя, хто быў пакрыўджаны не па справе, атрымаюць поўную сатысфакцыю. А тыя, хто заплаціў гэты збор ― ён будзе ім вернуты, калі яны трапляюць пад новыя нормы. А гэта вайскоўцы ― тыя, хто служыў ва ўзброеных сілах, жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей і трапляюць па катэгорыю хатніх гаспадынь, людзі, якія працуюць на зямлі, і гэта не толькі, хто працуе на прысядзібных палетках, але і, калі нешта звязанае з будаўніцтвам дома і гэтак далей. Карацей, усё гэта будзе ісці ў залік. Увогуле, дэпутаты прапанавалі вялікую колькасць правак, і ўсе яны былі ўлічаныя".

Заўважым, дэпутат кажа пра тое, што збор на дармаедства вернуць, калі дармаеды трапляюць пад новыя нормы. Раней кіраўнік дзяржавы анансаваў вяртанне падатку ўсім, хто заплаціў, калі гэты чалавек знайшоў працу.

Калі змены гэтыя будуць унесеныя і набудуць моц? Па словах Марзалюка, здарыцца гэта павінна “ўжо з дня на дзень”. Вядома, што 3 красавіка кіраўнік Беларусі знаходзіцца з візітам у Расіі. Верагодна, па вяртанні ў яго знойдзецца час на тое, каб азнаёміцца з прапанаванымі зменамі ў дэкрэт. І магчыма, нават падпісаць яго. Пасля гэты дакумент мусяць ухваліць дэпутаты парламента.

Глядзім графік працы дэпутатаў на красавік: пасяджэнні запланаваныя на 19 і 21 красавіка. Цікава, што звычайна менавіта ў гэты час, у канцы красавіка, кіраўнік краіны звяртаецца з традыцыйным пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Верагодна, гэтыя дзве падзеі супадуць: Лукашэнка прадставіць беларускаму народу свой клопат пра яго ў выглядзе зменаў у дэкрэт, які так той народ абурыў.

А як жа меркаванне самога народа: яго меркаванні і прапановы па зменах у дэкрэт будуць улічаныя? Выглядае на тое, што не.

“Усе, каму гэта было цікава, дасылалі свае прапановы, да мяне проста людзі прыходзілі. І ўсё было абагульненае і ўлічанае”, ― кажа Ігар Марзалюк.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі