Злачынная група схавала ад падаткаў 30 мільярдаў рублёў

Беларускія праваахоўнікі заяўляюць, што спынілі дзейнасць злачыннай групы, якая схавала ад падаткаў 30 мільярдаў рублёў.

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю паведамляе, што злачынная група выкарыстоўвала больш за 15 юрыдычных асоб і 30 прадпрымальнікаў. Ад прадпрыемстваў рэальнага сектара яны атрымлівалі на свае рахункі безнаяўныя грошы і пераводзілі іх у наяўныя. Потым гэтыя грошы яны вярталі кіраўнікам прадпрыемствам, беручы нейкі адсотак за свае паслугі. Незаконна атрыманыя грошы выкарыстоўваліся на закупку дарагіх аўтамабіляў і нерухомасці, а таксама ў карупцыйных інтарэсах.

Сярод фіктыўных структураў, як кажуць праваахоўнікі, адна была створаная ўсяго месяц таму. Але нават за такі кароткі прамежак часу праз яе было праведзена 1,7 млрд рублёў. Агулам жа шкода ад дзейнасці злачыннай групы перавысіла 30 млрд рублёў.

Па дзейнасці групы праваахоўнікі пачалі чатыры крымінальныя справы. Яны затрымалі дзевяць самых актыўных удзельнікаў злачыннай групы — ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, самаму маладому ўдзельніку 27 гадоў.

Фота — www.dublikat.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі