Жыхар Магілёва дабіўся, каб яго адбіткі пальцаў выдалілі з базы дадзеных міліцыі

Жыхар Магілёва дабіўся, каб яго адбіткі пальцаў выдалілі з базы дадзеных міліцыі

Магілёўскі грамадскі актывіст Юрый Гарбаценка даказаў, што міліцыя незаконна ўзяла ў яго адбіткі пальцаў і змясціла іх у базу дадзеных. У выніку праваахоўнікі выдалілі дадзеныя дактыласкапічнай экспертызы. Гэта вынікае з ліста, які Гарбаценка атрымаў ад начальніка Упраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Яраслава Федарынчыка. З адказу вынікае, што пасля скаргі актывіста камітэт судмедэксперты звярнуўся з запытам у Магілёўскі РАУС. Там і пацвердзілі неабгрунтаванасць праведзенай дактыласкапічнай экспертызы.

Па словах Юрыя Гарбаценкі, існуе пэўная працэдура правядзення экспертызы, якая ў яго выпадку была парушаная.

Прычына маёй дактыласкапіі пастаянна мянялася. Магілёўскі РАУС спачатку хацеў адкатаць пальчыкі таму, што я ваеннаабавязаны. Я даказаў, што калі я такі, то існуе працэдура, якая была парушаная. Затым пачалі спасылацца, што я здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне, аднак я даказаў, што і гэтага не здзяйсняў. Потым звярнулі ўвагу на яшчэ адно маё адміністрацыйнае правапарушэнне, якое было даўно. Я пасля гэтага паскардзіўся ў галоўную інстанцыю, якая займаецца дактыласкапіяй. Напісаў, што калі маё законнае патрабаванне не будзе выкананае, то ў адпаведнасці з артыкулам 353 ГПК скарыстаюся сваім правам падаць скаргу на незаконныя дзеянні і буду падаваць іск аб маральнай і іншай кампенсацыі”, — кажа Гарбаценка.

Грамадскі актывіст тлумачыць, што не жадае, каб ягоныя адбіткі пальцаў незаконна знаходзіліся ў міліцыі.

Трэба ведаць, на падставе чаго адбіткі пальцаў былі першапачаткова ўзятыя. Трэба даказаць, што гэта было незаконна. У ваеннабавязаных таксама ёсць свая дакладная працэдура. Спачатку ваенны камісарыят накіроўвае запыты, складаюцца спісы і толькі затым па тэрытарыяльнасці РАУСы праводзяць дактыласкапію. Калі адбіткі ўзялі ў іншым РАУС, то гэта ўжо незаконна. Так і атрымалася ў маім выпадку: адбіткі пальцаў у мяне браў РАУС не маёй тэрытарыяльнасці”, — кажа Юрый Гарбаценка.

Ён дадае, што пакуль здолеў адбіцца ад жадання міліцыі атрымаць у яго адбіткі пальцаў, але не выключае, што праваахоўнікі ўсё ж працягнуць спрабаваць гэта зрабіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі