Жыхар Добруша пра кітайцаў: жывуць на фабрыцы, а іх начальства — у кватэрах

У 20-тысячным Добрушы пра эфектную акцыю пратэсту, якую ў чацвер зладзілі кітайскія будаўнікі, мала што ведаюць.

“Да ўскраін горада інфармацыя пра гэты пратэст не дайшла”, — апавядае Еўрарадыё адзін з супрацоўнікаў “Добрушскай папяровай фабрыкі”, для якой кітайцы і будуюць кардонны камбінат.

Нагадаем, што 2 ліпеня “добрушскія кітайцы” абурыліся на нявыплачаныя зарплаты і выйшлі калонай у дзве сотні чалавек пехам у Гомель. Дайшлі да абласнога цэнтра "пад канвоем" міліцыі, сустрэліся з прадстаўніком кітайскай амбасады і нават збіраліся ажыццявіць пешы паход у Мінск. Гэта была адна з самых буйных акцый пратэсту, якая б здаралася ў Беларусі цягам апошніх гадоў.

Хоць прыезджыя кітайцы і добрушскія рабочыя папяровай фабрыкі па ідэі калегі, жыхары райцэнтра не збліжаюцца з азіяцкімі гастарбайтарамі. Тыя жывуць на тэрыторыі фабрыкі, як у рэзервацыі. 

“Іх тэрыторыя аддзелена ад нашай. Кантакту з імі амаль не адбываецца. Бачым іх, калі выходзяць з будоўлі ў краму і тут жа вяртаюцца назад. А вось начальства іх і перакладчыкі на фабрыцы не жывуць. Яны здымаюць кватэры ў цэнтры (гэты дом людзі называюць “кітайскай сцяной”) і ў новым дзевяціпавярховіку на “Фарфоравым заводзе”, — дзеліцца назіраннямі супрацоўнік ДПФ.

“Як складваюцца адносіны з кітайцамі?", — здзіўляецца камендант аднаго з навучальных інтэрнатаў Добруша. — Ды яны ж па пяць чалавек ходзяць, усміхаюцца, шаркаюць нешта на сваёй мове. Мы нічога не разумеем”.

На “Добрушскай папяровай фабрыцы” сцвярджаюць, што мала ведаюць пра канфлікт кітайскіх будаўнікоў з іх начальствам. У бухгалтэрыі ДПФ тлумачаць, што кардонны камбінат узводзіцца цалкам кітайскімі сіламі пад ключ.

Зусім нядаўна — у сярэдзіне траўня — па беларускім тэлебачанні паказалі сюжэт пра поспехі ў будаўніцтве. Шмат распавядалася пра тое, што на камбінаце паставяць самую сучасную на тэрыторыі былога СССР кардонавырабляльную машыну. Што будаўніцтва ідзе па плане і без праблемаў. Інтэлігентны з выгляду прадстаўнік кампаніі Цзян Шуцян хваліў Добруш, Беларусь і беларусаў. І вось праз паўтара месяца незадаволеныя нявыплатай зарплат кітайцы арганізавалі такую гучную акцыю пратэсту.

Фота з суполкі "Привет, сей час"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі