Жонка Сяргея Міхалка назвала Паўла Булатнікава “сцыкуном”

Акурат перад маскоўскай прэзентацыяй максі-сінгла “Ёлки” гурта Trubetskoy у акаўнце калектыву Brutto ў сацыяльных сетках з’яўляецца скандальны пост. Сяргей Міхалок абражае былых калег па “Ляпісу Трубяцкому”.

“Я пакінуў песні трубяцкога пацанам, бо яны ўвогуле не ўмеюць пісаць песні!!! — выказваецца Сяргей. — Іх сінгл “Ёлки” гаўно! І песню “Рядом” я не пісаў. Я даў ім нейкія накіды, старыя чарнавікі, карацей, нарыхтоўкі, якіх у мяне на 10 альбомаў. А яны з гэтага зляпілі нешта ў духу гуртоў “Леприконсы” і “Дрозды””.

На гэты допіс адразу рэагуе колішні канцэртны мэнаджар “Ляпісаў”, а цяпер і гурта Trubetskoy Ірына Булатнікава:

“Сяргей Міхалок нам заўсёды ладзіць такія сюрпрызы напярэдадні адказных канцэртаў, — піша Ірына. — А мне ёсць, што сказаць у адказ. Не злуйце жанчыну, Сяргей, якая кіравала Вашымі канцэртамі, фінансамі і іншымі рэчамі цягам апошніх 13 гадоў. Яна ў абарону сваёй сям’і сама патоне, але і Вас утопіць”.

Праз пэўны час на старонках Brutto з’яўляецца афіцыйны каментарый. Маўляў, “афіцыйныя акаўнты ў сац.сетках узламаныя”, дзіўны пост пісаў не Міхалок, бо ён нават і не чуў сінгл “Ёлки”.

Падавалася б, канфлікт вычарпаны. Але здзіўляе, што ні Brutto, ні сам Сяргей Міхалок нават не просяць прабачэння за недарэчную сітуацыю ў былых калег па гурце.

Скандал працягваецца праз два дні, калі вядомая беларуская актрыса ды жонка Сяргея Міхалка Святлана Зелянкоўская публікуе анонс прэзентацыі сінгла “Ёлки” гурта Trubetskoy з допісам “Так цікава, дзяўчаты, што вы пра гэта думаеце…”.

Гледзячы па ўсім, абурыла Святлану тое, што надрукаваны артыкул на сайце выдання “Ридус”, якое ў свой час выключна негатыўна выказвалася пра “Ляпис Трубецкой”. А вось пра Булатнікава і кампанію напісалі пазітыўна, з пажаданнямі і спадзяваннямі на паспяховую творчую кар’еру.

"Хоць раз дзе-небудзь Булатнікаў быў смелым? — пытаецца Святлана ў каментатараў свайго паста. — Задумайцеся... Учытайцеся ў інтэрв’ю... Сцыкло! Сраку Пуціну ліжа”.

“Усе ўчынкі, песні, увесь агонь на сябе ўзяў самі ведаеце хто, — працягвае спрэчку з тымі, хто абараняе Trubeckoy, актрыса. — А нехта падладжваецца і халтурыць. Не люблю сцыкуноў і лайдакоў. Халяўшчыкаў, якія выязджаюць за кошт іншых”.

Афіцыйнай рэакцыі ад Булатнікава і кампаніі ні на гэты пост, ні на папярэднія выказванні нібыта хакераў ад імя Міхалка так і не з’явілася.

“Тое, што нехта выкладае на сваіх старонках — гэта іх асабістае меркаванне, няхай выкладаюць што заўгодна, — кажа колішні прэс-аташэ "ляпісаў", а цяпер гурта Trubetskoy Аляксандр Бергер. — А заява ў суполцы Brutto была абвергнутая, маўляў, гэта нейкія хакеры, ну і няхай! Няма ніякага жадання ўвязвацца ў гэты скандал. Наша пазіцыя такая: кожны гурт займаецца сваёй справай! Тым больш, цяпер складаная сітуацыя і ў шоў-бізе, і паўсюль. Падставаў для стасункаў ні фармальных, ні нефармальных няма. Вельмі рэдка мэнэджмент гуртоў сутыкаюцца адзін з адным, але толькі па пытаннях звязаных яшчэ з “Ляпісамі”, якія трэба закрываць. Новыя гурты ўвогуле ніяк не перакрыжоўваюцца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі