“Замежныя” войскі ўжо ў нядзелю пачнуць выводзіць з Данбаса?

Перамовы прадстаўнікоў Украіны, АБСЕ, Расіі, а таксама так званых ДНР і ЛНР павінны былі пачацца а 15 гадзіне 19 верасня ў Мінску. Але спачатку пачатак сустрэчы перанеслі на гадзіну, а потым і ўвогуле ссунулі графік: толькі каля 18 гадзіны да “Прэзідэнт-гатэля” пад’ехаў амбасадар ва Украіне Міхаіл Зурабаў і спецпрадстаўнік АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні.

Каля 19 гадзіны прыехаў экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, а праз хвілін 20 пасля яго на мікрааўтобусе прывезлі прадстаўнікоў данецкіх і луганскіх сепаратыстаў: Аляксандра Захарчанку, Андрэя Пургіна (ДНР), Ігара Платніцага і Аляксея Каракіна (ЛНР).

Сустрэча праходзіла за зачыненымі дзвярыма і ніякай інфармацыі журналісты, якія чакалі яе вынікаў у холе гатэлю, не мелі. Апроч аднаго расійскага інфарагенства, якому адзін з прысутных у зале “кантактнікаў” онлайн скідваў з дапамогай смс усё, пра што там дамовіліся ці аб чым спрачаюцца.

Тым не менш, а 2 ночы перамовы завершыліся. Нечакана, да журналістаў не толькі выйшлі ўсе, хто браў удзел у перамовах, але, у адрозненні ад мінулага разу, пагадзіліся адказаць на шэраг пытанняў з іх боку.

Але найперш, экс-прэзідэнт Леанід Кучма зачытаў тэкст падпісанага ўсімі бакамі Мемарундуму. Што вырашылі:

  1. Спыненне прымянення зброі лічыцца агульным;
  2. Спыненне падраздзяленняў і вайсковых фарміраванняў павінна адбыцца на лініі іх сутыкнення на момант 19 верасня;
  3. Уводзіцца забарона на прымяненне ўсіх відаў зброі і правядзенне наступаў;
  4. Цягам сутак з моманту прыняцця мемарандуму сродкі знішчэння калібрам вышэй 100 мм адводзяцца ад лініі сутыкнення на адлегласць не менш за 15 кіламетраў з кожнага боку, у тым ліку з населеных пунктаў, што дае магчымасць стварыць зону спынення прымянення зброі не менш 30 кіламетраў – так званую зону бяспекі;
  5. Пры гэтым, адвесці артылерыйскія сістэмы калібрам вышэй за 100 мм ад лініі сутыкнення бакоў на адлегласць іх максімальнай дальнабойнасці;
  6. Забараняецца ўстанаўліваць цяжкое ўзбраенне і ваенную тэхніку ў раёне населеных пунктаў;
  7. У зоне бяспекі ўводзіцца забарона на ўсталёўванне новых мінна-выбуховых агароджаў, а раней ўсталяваныя павінны быць прыбраныя;
  8. З моманту падпісання мемарандуму ўводзіцца забарона на палёты баявой авіяцыі і замежных беспілотнікаў, за выключэннем беспілотнікаў АБСЕ. Маніторынг місіі ў зоне спынення прымянення зброі будзе распачаты цягам сутак з моманту падпісання мемарандуму;
  9. Вывад усіх узброеных фарміраванняў, ваеннай тэхнікі, а гэтак сама баявікоў і наёмнікаў.

Еўрарадыё аразу цікавіцца, чаму ў гэтым мемарандуме нічога не кажуць і ніяк не рэгулюцю пытанне вызвалення ваеннапалонных.

Леанід Кучма: Гэта было і застастаееца галоўным пытаннем, запісаным у папярэднім пратаколе. І вы ведаеце, што гэты працэс ідзе. Сёння мы таксама абмеркавалі гэту праблему: ні з аднаго боку няма ніякіх супярэчанняў і мы будзем працягваць больш актыўна пра гэта казаць. Бо кожны з бакоў зацікаўлены, каб гэты працэс прайшоў як мага хутчэй.

Па словах удзельнікаў перамоў, сёння пытанне статуса ДНР і ЛНЛ не абмяркоўвалася. Але Леанід Кучма параіў цікаўным перачыць прыняты днямі Вярхоўнай Радай Украіны закон “Пра асаблівы парадак мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей” – маўляў, там усё на гэты конт сказана. “У нас свій погляд на закон аб асаблівым статусе і тут пытанні пазней будуць яшчэ ўзнікаць”, -- папярджвае прадстаўнік ЛНР Ігар Платніцкі.

Цікавяцца журналісты і тым, ці з’явяцца на мяжы Расіі і Украіны, у тых месцах, дзе мяжу кантралююць сепаратысты, маніторынгавая місія АБСЕ? Яны будуць на працягласці ўсёй украінска-расійскай мяжы, упэўнівае Кучма.

“На дадзеным этапе мы дамовіліся пра маніторынг рэжыма спынення прымяненні зброі ў той зоне, пра якую тут казалі”, -- удакладняе спецпрадстаўнік АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні. Гэта фактычна азначае, што маніторыць мяжу АБСЕ пакуль не будзе.

Еўрарадыё нагадвае прадстаўніку ДНР Аляксандру Захарчанку яго словы, сказаныя нам у інтэр’ю напярэдадні сустрэчы ў Мінску 19 верасня, што ён не бачыць сэнсу ў новых перамовах, бо дамоўленасці, дасягнутыя 5 верасня не выконваюцца. І цікавіцца, чаму ён усё ж бярэ удзел у чарговай сустрэчы і ці ёсць гарантыі, што ўсё, прапісанае ў прынятым 19 верасня мемарандуме, будзе выконвацца?

Аляксандр Захарчанка: Калі мы размаўлялі і падпісвалі дамову 5 чысла, там былі агульныя палажэнні, без прывязкі да артылерыйскай зброі. Сёння ўдалося ў цяжкіх перамовах адстаяць сваю пазіцыю наконт вываду артылерйскіх сістэм, мінамёнаў і гэтак далей на тыя адлегласці, якія не дазволяць ім весці агонь па пазіцыях. Гэта больш канкрэтныя дамоўленасці, чым былі дасягнутыя 5 верасня, і спадзяюся, што яны будуць выконвацца.

Леанід Кучма: Што да спынення агню, то мы не выключаем, што заўсёды знойдуцца сілы, якія нешта не будуць выконваць. Хачу вярнуць вас да гісторыі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, якая скончылася ў 1945 годзе, да 1953 года на тэрыторыі Заходняй Украіны яшчэ ішлі пэўныя баявыя дзеянні. Але прыняты мемарандун дае нам больш упэўненасці, што такое далей не будзе працягвацца.

Пракаментаваць рашэнне аб вывадзе ўсіх замежных войскаў, баявікоў і наёмнікаў з Данбаса журналісты просяць прадстаўніка Расіі Міхаіла Зурабава. Адказ з серыі: "Вось такі я дыпламат!"

Міхаіл Зурабаў: Сапраўды, пасля падпісанага 5 верасня пратакола, узніклі папрокі адносна яго неэфектыўнасці. Бо парушэнні дамоўленасці спынення агню рэгістраваліся. Сёння ўсе ўдзельнікі кантактнай групу пацвердзілі правільнасць рашэння, прынятага 5 верасня. Ужо зараз маштабы ўзброенага супрацьстаяння зменшыліся прыблізна на 70%, зменшыўся аб’ём ненпапраўных і санітарных страт (забітых і параненых – тлумачэнне Еўрарадыё). Гэта значыць, што такі крок сябе апраўдаў. Чаму ж гэтыя дамоўленасці не спрацавалі да канца? Бо не было той лініі сутыкнення, без якой немагчыма было ажыццявіць: я кажу пра вывад цяжкога ўзбраення. Цяжка было ўвогуле выконваць рэжым спынення агню. І сёння больш часу мы патрацілі на спрычкі па зоне спынення прымянення зброі. Апроч таго, мы абмеркавалі гуманітарныя пытанні і пытанне вызвалення ваеннапалонных. Цяпер што тычыцца дээскалацыі. Тыя, каго мы называем наёмнікамі, і гэта абодва бакі неаднаразова прызнавалі, прысутнічаюць як з аднаго, так і з другога боку. І таму такая заява абсалютна адпавядае нашаму разуменню сітуацыі і гэтым іы будзем займацца. І кантроль за выкананнем гэтага пытання будзе ключавой задачай АБСЕ.  

Па словах Леаніда Кучмы, кантактная група не завяршае на падпісанні гэтага мемарандуму сваю працу – сустрэчы яшчэ будуць. Праўда, калі і з якой нагоды экс-прэзідэнт Украіны не ўдакладняе. Але са слоў Аляксандра Захарчанкі, калі ўсё, пра што дамовіліся 19 верасня ў Мінску, будзе выкананае, то наступным пытаннем, па якім бакі будуць “гандлявацца” стане пытанне статусу так званых ДНР і ЛНР.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі