Збор пры пакупцы валюты адменены: хто на ім зарабіў, а хто страціў

30% збор пры набыцці валюты уводзіцца сумеснай пастановай урада і Нацбанка і дзейнічаць пачынае 20. Мяркуецца, што да лютага, але новае кіраўніцтва урада і Нацбанка спачатку двойчы змяншае яго да 20% і 10%. А ў ноч з 6 на 7 студзеня збор за набыццё валюты на біржы увогуле прыраўноўваецца да 0%. 8 студзеня адмяняецца і для людзей. За гэты час у Беларусі шмат што змяняецца.

Курс долара.

На момант увядзення збору пры пакупцы валюты долар па курсе Нацыянальнага банка каштуе 10890 рублёў. На 9 студзеня 2015 года Нацбанк выстаўляе курс амерыканскай валюты ў памеры 13760. За 18 дзён афіцыйны курс долара вырастае на 26,35%.

Працэнтныя стаўкі па крэдытах і дэпазітах.

Пастанова, якая ўводзіць 30% збор, прадугледжвае таксама з’яўленне 50% ставак па рублёвых укладах. На 8 студзеня пакласці рублі ў банк пад 50% яшчэ можна. Аднак тэрмін укладу абмежаваны. Напрыклад, у “Белаграпрамбанку” ён складае 35 дзён. Пасля банк можа ў аднабаковым парадку змяніць умовы ўкладу.

Змяняюцца таксама працэнты рублёвых крэдытаў. Да 19 снежня банкі даюць у сярэднім пад 50%. Пасля увода збору банкі на нейкі час увогуле перастаюць выдаваць крэдыты, аднак на пачатку новага года рублёвыя крэдыты вяртаюцца. Працэнтныя стаўкі дасягаюць 85%.

Графік змянення курса рубля з 19 снежня па 9 студзеня.

 

Прэм’ер-міністр і старшыня праўлення Нацыянальнага банка.

27 снежня, праз тыдзень пасля ўвядзення 30% збору, сваіх пасадаў пазбаўляюцца прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова. Іх замяняюць Андрэй Кабякоў і Павел Калаўр. Разам з Мясніковічам месца ва ўрадзе пазбаўляюцца віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч і шэраг іншых віп-чыноўнікаў.

Хто зарабіў на экстранных мерах урада.

“Тэарэтычна, у асобных прадпрыемстваў была магчымасць агучыць адны мэты для набыцця валюты без уліку збору, а пасля прадаць яе даражэй іншым удзельнікам рынка”, — расказвае фінансавы аналітык, афіцыйны прадстаўнік кампаніі партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.

Маецца на ўвазе, што ад выплаты 30% збору былі вызваленыя тыя прадпрыемствы, якім валюта патрэбная для аплаты коштаў нафты, газа, электрычнасці.

Да тых, хто зарабіў, можна залічыць таксама валютчыкаў і гандляроў электронікай і бытавой тэхнікай. Ужо вечарам 19 снежня у крамах — ажыятажны попыт на тэлевізары і лядоўні. Паліцы пусцеюць за лічаныя гадзіны.

Акрамя гэтага пабагацелі ўладальнікі валютных укладаў і рахункаў. Іх прыбытак у пераводзе на рублі роўны падзенню рубля — 26%.

Хто найбольш страціў.

Вадзім Іосуб лічыць, што гэта экспарцёры: “Хутчэй за ўсё, тут можна выдзеліць катэгорыю экспарцёраў, якія ў гэтыя дні, маючы валютныя прыбыткі, былі вымушаныя як мінімум палову прадаваць дзяржаве па заніжаным кошце. Без уліку збору”.

Эксперт называе такі вынік крыху парадаксальным: “Атрымліваецца сітуацыя, пры якой меры, якія ўвялі, каб “пакараць” імпарцёраў, прычынілі больш шкоды экспарцёрам. Тым, якія прыцягваюць жывую валютную выручку ў краіну”.

Сюды ж можна аднесці грамадзян, у каго былі значныя банкаўскія ўклады ці накапленні ў беларускіх рублях. Падзенне курса рубля на 26% зменшыла іх у доларавым эквіваленце.

Навошта ўводзілі.

“Зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў эканоміках сумежных дзяржаў, і ў першую чаргу — у Расійскай Федэрацыі”, — так тлумачаць увядзенне абмежаванняў у Нацбанку і урадзе. Лагічна меркаваць, што да 8 студзеня 2015 года, калі збор у Беларусі адмяняюць, сітуацыя ў Расіі таксама змянілася. Насамрэч, гэта крыху не так, расійскі рубель працягвае павольнае падзенне. Калі 19 снежня 2014 года курс долара ў Расіі складае 59,6 рублёў, то на 8 студзеня — 61,7 рубля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі