Затрыманая ў Беларусі грамадзянка Таджыкістана з'яўляецца апазіцыянеркай

Затрыманая ў Беларусі 29-гадовая грамадзянка Таджыкістана Шабнам Худайдодава з'яўляецца сяброўкай аб'яднання таджыкскай апазіцыі на эміграцыі "Група 24". Яна знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Брэсце (замежніцу затрымалі ў міжнародным чыгуначным пункце пропуска "Брэст"). Улады Таджыкістана просяць аб экстрадыцыі апазіцыянеркі на радзіму, дзе яе абвінавачваюць у "саўдзеле ў злачынстве". Шабнам Худайдодава раней была абвешчаная ў міжнародны вышук за "экстрэмісцкую дзейнасць".

Як інфармуе "Интерфакс-Запад", асацыяцыя "Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі" выказвае заклапочанасць у сувязі з пагрозай высылкі апазіцыянеркі ў Таджыкістан. Сцвярджаецца, што там ёй "за адкрытае выказванне свайго меркавання ў сацыяльных сетках... пагражаюць катаванні" і пазбаўленне волі да 20 гадоў.

Нагадаем, лідар "Групы 24" Умаралі Куватаў быў забіты невядомымі ў Стамбуле ў сакавіку. Яго прыхільнікі назвалі забойства палітычным. Дарэчы, у Таджыкістане асуджаныя ўжо пяць удзельнікаў апазіцыйнай арганізацыі, на тэрміны ад 3 да 17 гадоў. Дзясяткі таджыкскіх апазіцыянераў затрымалі ў Расіі і дэпартавалі на радзіму.

Фота: nadejda-atayeva.blogspot.cz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі