Паспяваць разам з Tricky: місія не выкананая

Беларускі музыка Алег Вяль аднойчы натрапляе на навіну Еўрарадыё пра тое, што Tricky прапануе завяршыць свой няскончаны трэк і выступіць з ім на адным з канцэртаў еўрапейскага туру. Восеньская дэпрэсія, выкліканая паўзай у Hair Peace Salon, саступае месца цікавасці і спробе Алега скончыць трэк знакамітага брытанца. Першая версія сачынення разам з даўжэзным тэкстам не прыносіць задавальнення музыку. Другая нараджаецца за некалькі дзён да заканчэння конкурсу і апынаецца... лёсавызначальнай.

“Я сядзеў і глядзеў па тэлевізары "Политический обозреватель", і раптам у галаву ўдарыла мелодыя, — узгадвае Алег Вяль. — Яна накладалася як на куплет, так і на прыпеў, што вельмі добра. Гэта прыкмета таго, што можа атрымацца хіт. Я яшчэ раз перачытаў умовы конкурсу.Там было прыпісана, што ідэальна, калі песня будзе праспяваная на сваёй роднай мове. І я зразумеў, што гэта таксама фішка, бо большасць песень, якія ўдзельнічалі ў конкурсе і былі выкладзены на soundcloud, былі выкананы па-англійску, хоць паходзілі іх аўтары з розных краін.

Запісаў я ўсё ж гэты трэк. У апошнія дні сумняваўся, дасылаць ці не. Параіўся з жонкай — яна паслухала і сказала адправіць. Адправіў і пачаў чакаць. Насамрэч, на старонцы, куды мы выкладалі свае трэкі, нічога не было зразумела: як ідзе праслухоўванне, хто ў фаварытах. Хаця некаторы час мой трэк быў у плэйлісце ў Tricky і ён рэкамендаваў яго да праслухоўвання. Там было шмат трэкаў — каля 40 кампазіцый. На сёння мой трэк праслуханы больш за 2200 разоў.

За два дні да канцэрту ва Уроцлаве ў сне я гучна смяяўся, кажа жонка. А зранку ў пошце знайшоў ліст з прапановай выступіць з Tricky. Я хвілін 15 спрабаваў скеміць, што мне рабіць з гэтым шчасцем. І ўвогуле не вельмі верыў, што гэта праўда. Таму папрасіў у адваротным лісце пацвердзіць інфармацыю (смяецца). Яе пацвердзілі”.

Уроцлаў. 17 лістапада. А трэцяй гадзіне дня, як было дамоўлена ў лісце, Алег Вяль разам з жонкай зазіраюць у вокны зачыненага Eter Club. Дзея нагадвае кадры з прыгодніцкага фільму.

“Праз гадзіну клуб пачалі запаланяць англічане, — працягвае Алег. — Сярод гэтай тусоўкі я не бачыў патрэбнай мне жанчыны — менеджаркі Tricky. Я падышоў да важнага хлопца і запытаў, ці ведае ён Шарлот. "Yes, — адказаў ён. — She is in London now. Can I help you?". Я адказаў, што выйграў конкурс і мушу сёння выступаць разам з Tricky. Ён здзівіўся, бо чуў, што першы “польскі” канкурсант выступіць у Кракаве на наступны дзень. Я яму паказаў e-mail ад Шарлот, ён ёй патэлефанаваў і сказаў: "Усё о’кей. Ты выступаеш. Хадзем, пазнаёмлю цябе з Tricky ".

І тут неяк адразу выскоквае Трыкі, і такі: "О, гэта мой хлопец!". Я адразу ашалеў ад такой блізкасці, звярнуўся да яго па аўтографы і папрасіў зрабіць сумеснае фота. На што ён адказаў: "Relax". Засёк, што я хвалююся. Маўляў, ідзі "чэкайся", не дуры галавы (смяецца). Я пайшоў на сцэну, пазнаёміўся з музыкамі. Tricky ім сказаў: "Вось хлопец, з ім трэба сыграць песню". Яны дзівяцца: "Што за песня?  А, unfinished trаck, але ў нас нават няма запісу з сабой! А ў цябе ёсць?" Я даў сваю MP3-флэшку. Гукач пачаў спрабаваць звесці фанаграму. Падлятае Tricky: "Што вы робіце? Якая фанера? Давайце жыўцом граць, будзе крута! Клавішніца клёва сыграе". Яна кажа: "Так, я сыграю" і да мяне: "Дай паслухаць, што там за  трэк увогуле?" (смяецца)… Tricky ў іх круты бос, яны яго ўсе баяцца. Я зразумеў, што музыкі, што гралі з ім, — сесіёншчыкі, і што ў Уроцлаве быў першы іх сумесны канцэрт. На ім яны гралі проста выдатна, прычым Tricky нібыта імі  дырыжыраваў. Адыгралі прыкладна 9 песень, кожная з якіх цягнулася 10 хвілін. Сам Tricky нібыта ўвайшоў у экстаз. Гэта было відаць па яго фізічных паводзінах. У яго так жорстка трэслася нага. Асноўныя партыі выконвала вакалістка Франчэска Бельмонтэ, а Трыкі падпяваў сваім нізкім голасам, крычаў, скакаў па сцэне, раскідваў мікрафоны, падлятаў да музыкаў, якія яго проста шарахаліся. Асабліва Франчэска. Калі ён да яе падскокваў, яна адыходзіла на тры крокі назад. Ён спяваў у яе мікрафон, пасля чаго Франчэска вярталася на сваё месца. Гэта было прыкольна. Такі жывы джаз.

Франчэска Бельмонтэ

Я стаяў за сцэнай — іх турменеджар сказаў, што дасць знак, калі мне выходзіць. Але я пачаў сумнявацца ў тым, што я выступлю. Перад канцэртам я хацеў пагаварыць з Tricky: маўляў, Эндру, можна цябе на секунду? Ён казаў: "Minute, man", — і "зліваўся". І так было двойчы. І я больш не прыставаў да яго, бо ён быў  нібыта крыху "на ўзводзе". Яму 46, ён шмат ведае, шмат бачыў, і падаецца, што ён бярэ апошняе ад жыцця". Усе 7 гадзін, якія я назіраў Трыкі, ён быў з касяком. Мабыць, гэта яго нармальны стан — калі ўлічваць, што нават на ўсіх постарах і афішах ён у дыме.

Канцэрт цягнуўся прыкладна гадзіну дваццаць. Магчыма, Tricky нешта не спадабалася ў паводзінах публікі: былі моманты, калі амаль у цішы ён штосьці шаптаў, а публіка смяялася і крычала. Пасля гэтага ён развітаўся, спусціўся са сцэны, паабдымаўся з фэнамі, замовіў сабе нешта ў бары і сышоў. Уласна, і ўсё — і я "праляцеў" (смяецца)”.

З аднаго боку, Алег адчуў аблягчэнне: насамрэч трэк цяжкаваты для выканання — ён у ім даволі высока для сябе спявае. Да таго ж, музыка мусіў сыграць на губным гармоніку, хаця ўзяў яго ў рукі 2 тыдні таму. З іншага боку, было крыху крыўдна: місія да канца не выкананая, тым больш што навіна прайшла па Мінску.

“Але ў выніку тое, чаго я чакаў, здарылася: гэты трэк выбралі! — не крыўдзіцца Алег. — Асабліва, калі ўлічыць, што было пададзена каля 100 заявак больш чым з 20 гарадоў. У такіх умовах мала верагоднасці, што выберуць менавіта цябе, тым больш чалавека з Беларусі. Дарэчы, яны былі ўпэўнены, што я паляк (смяецца) — давялося тлумачыць, што такое Беларусь.

Менеджар выбачаўся. Кажа: "Прабач, чэл, так атрымалася. Тут галоўны Tricky і ён вырашае ход падзей". Увогуле, Tricky дружалюбны хлопец, просты ў стасунках, але блізка да сябе людзей не падпускае... Ён пра мяне зусім забыў. Не ведаю, што было з другімі музыкамі, якіх ён выбраў для дуэту ў іншых гарадах... А потым мы прыкольна патусілі ў Уроцлаве, зладзілі шопінг, як сапраўдныя беларусы, і паехалі дадому (смяецца). 

Саўндчэк Трыкі

Для мяне гэтая падзея мае вялікае значэнне ўжо хаця б таму, што я ўбачыўся з жывой легендай, заснавальнікам трып-хопа, аўтарам выдатных альбомаў. Я ўбачыў кухню — як гэта ў іх адбываецца. Дый сам канцэрт мне вельмі спадабаўся. Я бываў на шматлікіх выступах “фірмачоў”. Апошнія, каго я назіраў, — Atoms for peace у Амстэрдаме. Але ад шоў Tricky, якое ёсць суцэльнай імправізацыяй, застаюцца неверагодныя ўражанні: як ён кіруе гэтай музыкай, як выцягвае на сцэну палову залы фэнаў, як ён у гэтым жыве... Для мяне гэта адрэналін. Тут, у Мінску, у мяне зусім іншае жыццё. Я, па сутнасці, офісны клерк (смяецца). Натуральна, што я крыху засмуціўся, але гэта жыццё”.

Натхнёны блізкасцю да зорак, па вяртанні ў Мінск Алег Вяль аб'яўляе пра паўзу, якую бярэ Hair Peace Salon, і знаёміць публіку са сваім новым праектам Bristol. Кажа, у хуткім часе каманда прэзентуе дэбютны, беларускамоўны ЕР, і пераконвае, што мае план прасоўвання новай фармацыі.

"Вось схадзіў на Земфіру, — у задуменні ўзгадвае музыка падзеі 2013 года. —  Быў на фан-зоне — нібыта самае клёвае месца... Мне вельмі спадабаўся апошні альбом Земфіры, я таму і рваўся на гэты канцэрт — набыў квіткі яшчэ летам. Але, пры ўсёй павазе да альбома, канцэрт мяне не зачапіў. Такое ўражанне, што я быў на нейкім юбілеі Алы Барысаўны. Усё неяк вельмі пампезна. І гэтыя шчыраванні, што “я была ў вас улетку і мне не спадабалася, а тут мне падабаецца, бо "Арэна" такая клёвая", — мяне гэта засмуціла. Tricky больш уразіў, хоць там была чысцейшая імправізацыя. І хоць ён мяне і “кінуў”. Ён зачапіў рэальна, таму што ў яго ўсё шчыра. Хаця ён такі злы на сцэне. Ён аддалены ад гледачоў. Але ў той жа час да сябе іх кліча”.

Фота з канцэрту ва Уроцлаве ўзятыя на jazzsoul.pl. Іншыя фота прадстаўлены музыкам і зробленыя Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі