Запрашэнне на Віленскі саміт Усходняга партнёрства Беларусь хоча атрымаць на імя Лукашэнкі

Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Андрэй Гіро падчас дыскусіі ў Берліне 7 траўня. Як інфармуе БелаПАН, дыскусія прайшла ў рамках серыі мерапрыемстваў пад эгідай Мінскага форума. Амбасадар Беларусі выступіў з прамовай пасля выступаў спікераў.



Ён нагадаў, што ў 2009 годзе кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг прывёз у Мінск запрашэнне для Аляксандра Лукашэнкі на ўдзел у інаўгурацыйным саміце Усходняга партнёрства ў Празе. У той жа час, кажа Гіро, па дыпламатычных каналах паступалі просьбы накіраваць на саміт у Прагу іншага прадстаўніка Беларусі. Мінск тады прыняў гэтую ўмову, бо звязваў з новай палітыкай ЕС вялікія надзеі, тлумачыць амбасадар. Аднак, дадаў Гіро, гісторыя Усходняга партнёрства — гэта "чарада расчараванняў".



Дыпламат выказаў надзею на тое, што на лістападаўскім саміце ў Вільні Беларусь не будзе дыскрымінаваная.



Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Мінск і Брусэль вядуць кансультацыі пра фармат удзелу Беларусі ў саміце. У прыватнасці, абмяркоўваецца магчымасць запрасіць на сустрэчу міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Гэтае пытанне ўвязваецца з вызваленнем і рэабілітацыяй беларускіх палітвязняў.

Палітолаг Юрый Шаўцоў лічыць верагодным варыянт, калі запрашэнне дашлюць на імя Лукашэнкі:

Шаўцоў: "Тэарэтычна, напэўна, можа, калі зараз будуць выпушчаныя тыя людзі, якіх у Еўрасаюзе лічаць палітзняволенымі. Пасля гэтага адпадае галоўная ўмова для нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Еўропай".


Разам з тым палітолаг звяртае ўвагу на тое, што ўвосень чакаецца падзея, якая абвострыць адносіны Беларусі і Еўропы. Акурат напярэдадні Віленскага саміту пройдуць беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні ў Беларусі. Тады ж чакаюцца вайсковыя вучэнні NATO ў Польшчы. Гэтыя вучэнні абавязкова будуць суправаджацца ростам напружанасці паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. І яны могуць паўплываць на нармалізацыю нашых адносінаў, мяркуе Шаўцоў.

Аналітык BISS Андрэй Елісееў кажа, што афіцыйны Мінск чакае ад Еўрасаюза гарантыяў.


Эксперт нагадвае, што ў 2009 годзе менавіта на імя Лукашэнкі запрашэнне і дасылалася, але перад тым былі прыпыненыя санкцыі супраць яго. Гэтым разам, кажа эксперт, трэба, каб спярша былі вызваленыя палітвязні, а потым знятыя санкцыі.


Елісееў: "Мажліва, Беларусь разлічвае, што санкцыі сапраўды адменяць да гэтага моманту. Мажліва, афіцыйны Мінск спрабуе сабе нейкія кампенсацыі выбіць за вызваленне палітзняволеных. То бок, хочуць нейкіх канкрэтных гарантый з боку Еўрасаюза. Калі мы вызвалім палітзняволеных у бліжэйшы час, то, напрыклад, вы дасылаеце нам запрашэнне, і другое, трэцяе і г.д."


З іншага боку, кажа аналітык, не выключана, што Беларусь будзе шантажаваць Еўрасаюз. Калі запрашэнне на імя Лукашэнкі не прыйдзе, афіцыйны Мінск можа прыгразіць выхадам з праграмы Усходняга партнёрства.


Фота — news-bel.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі