Замежнікам з Шэнгенам могуць дазволіць прыехаць у Беларусь без візы

Замежнікам з Шэнгенам могуць дазволіць прыехаць у Беларусь без візы

Дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейстэр расказвае, што беларускія ўлады ўжо самі зразумелі неабходнасць аблегчыць візавыя працэдуры для замежнікаў. Прынамсі, для некаторых. Па інфармацыі Цэхмейстэра, у адміністрацыі кіраўніка краіны ўжо падрыхтаваны дакумент, які дазволіць замежнікам прыязджаць у нашу краіну без візы на тыдзень.

Замежнікам з Шэнгенам могуць дазволіць прыехаць у Беларусь без візы

Па ініцыятыве саміх чыноўнікаў цяпер рыхтуецца указ кіраўніка краіны, які б дазваляў турыстам знаходзіцца ў Беларусі пяць альбо сем дзён без візы. Мяркуецца, што такая магчымасць будзе ў тых турыстаў, якія ўжо маюць шэнгенскую візу

Дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейстэр

Такім чынам беларускія ўлады плануюць прыцягнуць у краіну тых турыстаў, якія едуць у Еўрасаюз альбо вяртаюцца з яго транзітам праз Мінск. Як стала вядома Еўрарадыё, канчатковы варыянт дакумента пакуль не зацверджаны. Не вядома таксама, калі новы указ будзе падпісаны. У выпадку, калі ў ім пакінуць толькі уладальнікаў шэнгенскіх віз, ён можа стаць амаль бессэнсоўным ― грамадзянам краін-удзельніц Еўрасаюза шэнгенскія візы не патрэбныя ў прынцыпе. Магчыма, што ў канчатковым варыянце ўсё ж будзе прадугледжаная магчымасць кароткатэрміновага бязвізавага ўезда для грамадзян ЕС альбо таямнічых "добранадзейных краін".

Тым часам наведваць Беларусь без візы замежнікі могуць ужо больш за год. Праўда, толькі на тры дні і выключна тэрыторыю беларускай часткі Белавежскай пушчы. Падчас круглага стала, арганизаванага кампанияй "У Беларусь і Еўропу без візаў" былы галоўны рэдактар газеты "Турызм і адпачынак" Сяргей Плыткевіч кажа, што вопыт "бязвізавай" пушчы сябе, на жаль, не апраўдаў. Прычына ― адсутнасць неабходнай інфраструктуры ў параўнанні з польскай часткай старажытнага лесу:

"Нават па той шырока разрэкламаванай Белавежскай пушчы чаканні не апраўдаліся. Паток асабліва не павялічыўся. Бо на польскай частцы пушчы толькі вакол Белавежы 300-400 сядзібаў рознага ўзроўню. Маршрутаў — мора. А ў нас Белавежская пушча забаронная зона. Ні сядзібаў, нічога ― толькі дзяржаўныя ўстановы", ― кажа Плыткевіч.

Разам з тым эксперт адзначае, што за апошнія тры гады узровень турыстычнай інфраструктуры ў Беларусі значна вырас і ўжо набліжаецца да таго, што прывыклі бачыць турысты з краін Еўрасаюза. Асабліва розніца відавочная ў параўнанні з Расіяй, дзе дагэтуль турыстычны сэрвіс моцна нагадвае часы позняга СССР.

Плыткевіч мяркуе, што крызіс апошніх двух гадоў можа стаць прычынай станоўчых пераменаў для беларускага турбізнесу, які арыентуецца на прывоз замежных турыстаў. Калі некалькі гадоў таму беларускія базы адпачынку і санаторыі былі перапоўненыя расіянамі сярэдняга дастатку, то цяпер адпачынак там стаў для расіян дарагім. І беларусы павінны альбо зніжаць кошты, альбо паляпшаць інфраструктуру, каб прыцягнуць да сябе больш патрабавальных турыстаў з грашыма.

З іншага боку, узнікаюць новыя непрадбачаныя праблемы. Напрыклад, пасля ўвядзення абмежаванняў на ўвоз тавараў у Беларусь (новыя правілы пачалі працаваць з 1 красавіка) у замежных турыстаў з'явіліся новыя складанасці:

Замежнікам з Шэнгенам могуць дазволіць прыехаць у Беларусь без візы

На мяжы жах, што адбываецца пасля 2 красавіка. Асабліва з замежнікамі. Нашых сяброў не прапусцілі з патэльняй. Нават не новай. Яна нейкая адмысловая была, для паэллі. Прыйшлося вярнуцца, закапаць патэльню гэтую. Які можа быць турызм, калі нельга нават нейкія рэчы з сабой правезці

Сяргей Плыткевіч

Пры гэтым абодва эксперты перакананыя, што працэс паволі рухаецца ў патрэбным кірунку і беларускія ўлады паступова будуць спрашчаць візавыя патрабаванні для замежнікаў. Цікава, што на гэты працэс пазітыўна ўплывае няпростая фінансавая сітуацыя ў краіне. Прыбыткі ад турызму пакуль складаюць зусім невялікую частку нашага унутранага валавога прадукту ― усяго каля 1,5%. Аднак бюджэт цяпер спрабуюць павялічыць любымі сродкамі, таму можна чакаць нават аднабаковых візавых паслабленняў. Як гэта нядаўна адбылося з грамадзянамі Арабскіх эміратаў, якім візы ў Беларусь адмянілі зусім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі