Загадкавыя супадзенні ў забойстве Барыса Нямцова

Камеры відэаназірання

Барыса Нямцова забіваюць на Вялікім маскварэцкім мосце — ён выходзіць акурат на Чырвоную плошчу. Да сцен Крамля — дзесяткі метраў. Камер відэаназіраня тут літаральна панатыкана, толькі на слупе, пад якім адбылося забойства, іх ажно пяць штук. Яшчэ дзве на іншым, таксама зусім побач. Але адзіны відэазапіс забойства, які пакуль маем, зроблены вэб-камерай тэлеканала ТВЦ, размешчанай амаль у сотні метраў ад месца здарэння. Разабраць твары на гэтым запісе проста нерэальна.

Як піша расійскі “Камерсант” раніцай панядзелка 2 сакавіка, запісаў з іншых камер… не існуе ў прынцыпе. Бо камеры відэаназірання ў момант забойства былі альбо зусім адключаныя, альбо якасць іх запісаў не можа дапамагчы нечым следству. Пазней праваахоўнікі абверглі гэтую інфармацыю, але новых відэазапісаў з месца забойства пакуль так і не з’явілася.

Снегаўборачная машына

На адзіным пакуль апублікаваным відэа забойства Барыса Нямцова нечакана фігуруе снегаўборачная машына. Па дзіўным супадзенні, яна пад’язджае да месца злачынства акурат у той момант, калі забойца страляе ў спіну апазіцыянеру. І закрывае ад нас падрабязнасці трагічнай сцэны. Можна заўважыць толькі, што мужчынскі сілуэт падбягае да белага аўтамабіля, які раптоўна спыніўся на мосце, сядае ў яго, пасля чаго машына з’язджае. Снегаўборачны грузавік пры гэтым яшчэ некаторы час знаходзіцца на месцы падзей. З’язджае праз некалькі хвілін, пакідаючы Нямцова ляжаць на тратуары. Ля яго застаецца толькі спадарожніца Ганна Дурыцкая і мінакі. Якіх, зноў жа, мяркуючы па запісе камеры ТВЦ, лёс паміраючага чалавека мала хвалюе.

Сведка-украінка

Яшчэ адна адметнасць — адзінай сведкай забойства Барыса Нямцова з’яўляецца яго знаёмая, украінская фотамадэль Ганна Дурыцкая. У вечар забойства Нямцоў сустракаўся з ёй у адной з кавярняў маскоўскага ГУМа. Праз мост яны ішлі, па адной з версій, да Нямцова дадому — кватэра палітыка знаходзіцца літаральна ў некалькі сотнях метраў ад Чырвонай плошчы.

Пасля забойства Нямцова Дурыцкая на нейкі час знікае. Пра месца знаходжання украінкі становіцца вядома толькі больш чым праз суткі пасля забойства — яе трымаюць пад вартай у прыватнай кватэры, не дапускаючы украінскіх дыпламатаў. Інфармацыі аб паказаннях Ганны Дурыцкай вельмі мала. Вядома, што яна не змагла дакладна назваць мадэль белага аўтамабіля, на якім з’ехаў забойца. Таксама паведамляецца, што Дурыцкая праходзіць па справе ў якасці сведкі.

Дзяўчына, якая была сведкай смерці Нямцова, дала першае інтэрв’ю (відэа)

Белы аўтамабіль

З ім яшчэ адна загадка. Забойства Барыса Нямцова адбылося пасля 23 гадзін. Машын, мяркуючы па відэа ТВЦ, у гэты час у цэнтры Масквы не так шмат. Тым больш машын маркі “Форд” белага колеру. Аднак нягледзячы на гучна абвешчаны план “Перахват”, аўтамабіль забойцы так і не знаходзяць. Адно дапытваюць некалькіх кіроўцаў, якія не маюць дачынення да падзей на Вялікім маскварэцкім мосце. Пры гэтым шукаюць машыну у самым центры горада, літаральна вакол Крамля, дзе камер вулічнага відэаназірання па вызначэнні павінна быць шмат. Шукаюць і не знаходзяць. Даючы злачынцам спакойна выехаць з цэнтра і надзейна схаваць свой аўтамабіль.

Зброя

Паводле паведамленняў расійскіх СМІ, Барыс Нямцоў памірае на месцы забойства ад чатырох “несумяшчальных з жыццём” раненняў. Яшчэ некалькі куль прайшлі міма. Забойца страляе ў спіну з невялікай адлегласці — ён чакаў Нямцова з Дурыцкай на адной з лесвіц, што вядуць з моста ўніз. Пры гэтым дзяўчына не пацярпела.

На месцы забойства следчыя знаходзяць гільзы ад патронаў да пісталета Макарава. Прычым, розных гадоў выпуску — 1986 і 1992. Пры гэтым цікава, што следства дагэтуль не вызначыла, з чаго дакладна стралялі ў палітыка. Па адной з версій, якую падае выданне “Камерсант”, Нямцова забілі з газавага пісталета “ИЖ”, пераробленага пад баявыя патроны. Менавіта з такой зброі у свой час забілі вядомую журналістку Ганну Паліткоўскую.

З версіяй пра Макараў ёсць яшчэ адна нестыкоўка. Калі верыць відэазапісу ТВЦ, забойца страляў у Нямцова усяго некалькі секунд, зрабіўшы за гэты час 6, альбо 7 стрэлаў. Аднак хуткастрэльнасць пісталета Макарава дазваляе зрабіць гэта толькі за 12-14 секунд, то бок даволі працяглы час.

Ператрус

Ператрус у кватэры Барыса Нямцова пачынаецца яшчэ да таго, як аб забойстве становіцца вядома ў СМІ. Па звестках расійскіх праваабаронцаў, ён працягваецца ўсю ноч. Што знайшла там паліцыя і ці знайшла нешта ўвогуле — невядома. Пры гэтым вядома, што 1 сакавіка на маршы “Вясна”, арганізаваным расійскай апазіцыяй, Барыс Нямцоў збіраўся паведаміць вынікі свайго расследавання, прысвечанага удзелу расійскай арміі ў канфлікце на Данбасе. Што стала з матэрыяламі расследавання і ці будуць яны апублікаваныя пасля смерці Барыса Нямцова, не вядома.

Фота martin.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі