За вулічную апытанку актывістку АГП абвінавацілі ў дробным хуліганстве

За вулічную апытанку актывістку АГП абвінавацілі ў дробным хуліганстве

Суд Кастрычніцкага раёна Гомельшчыны 30 студзеня будзе разглядаць адміністратыўную справу мясцовай актывісткі АГП Алены Луцковіч. Пратакол на яе склалі міліцыянты мясцовага РАУС. Дзяўчыну вінавацяць у дробным хуліганстве. Як інфармуе БелаПАН, нагодай для пратаколу стала вулічнае апытанне мясцовых жыхароў, якое Луцковіч ладзіла разам з блогерам Андрэем Павуком.

У пратаколе сцвярджаецца, што актывістка на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлку Акцябрскі ля будынку райвыканкаму "наўмысна, беспадстаўна, неаднаразова спыняла і чаплялася да грамадзян, патрабавала адказаць на яе пытанні, на просьбы грамадзян адчапіцца не рэагавала, чым парушыла грамадскі парадак і спакой грамадзян".

Луцковіч распавяла, што 17 студзеня яна з Андрэем Павуком здымалі відэа для блога "Рудабельская паказуха". Яны пыталіся ў мясцовых жыхароў, наколькі сумленныя і справядлівыя выбары ў Беларусі. Дзяўчына кажа, што ёй цікавая грамадская думка на гэты конт, бо яна вылучалася кандыдаткай раней і плануе вылучацца ў будучыні.

Ніхто з апытаных не выказваў прэтэнзіяў, акрамя работнікаў выканкама, адзначыла Луцковіч. "Там былі і людзі, якія пастаянна працуюць ва ўчастковых і раённай ці акруговай выбарчых камісіях. Яны ўсе адмовіліся адказваць. Я думаю, іх бянтэжыла наша пытанне, і яны напэўна пакрыўдзіліся. Таму хтосьці патэлефанаваў у міліцыю і запатрабаваў спыніць "бязладдзе", — пракаментавала актывістка АГП.

Луцковіч хоча абскардзіць дзеянні міліцыі ў пракуратуры, бо міліцыянты не патлумачылі ёй яе статус, правы і абавязкі, а таксама склалі пратакол у яе адсутнасць. Дзеянні міліцыі яна расцэньвае як пераслед па палітычных матывах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі