За “водкуп” ад размеркавання выпускнікі плацяць да 160 мільёнаў

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце мінулагоднія выпускнікі заплацілі да 160 мільёнаў, каб не адпрацоўваць па размеркаванні і вярнуць дзяржаве сродкі затрачаныя на навучанне.

“Там розныя сумы, ёсць 96 мільёнаў, а ёсць і 161 мільён — гэта выпускнік 2013 года. У гэтым годзе можа быць яшчэ больш”, — падлічваюць у гэтай ВНУ.

Сёлета “адкупіцца”, каб не працаваць два гады па размеркаванні, у БДТУ пажадалі два чалавекі. Але сумы для іх пакуль не вылічвалі.

Выпускнікі БДУ даязджаюць да першага працоўнага месца. “Адкупнікоў” яшчэ няма: ніхто не казаў, што гатовы расплаціцца замест двухгадовай адпрацоўкі.

“У наймальніка ёсць месяц, каб нам адказаць, ці прыбылі выпускнікі на месца. Хто не хоча, можа напісаць заяву, і ім разлічаць, колькі трэба заплаціць. Але пра такіх яшчэ не чулі”, — паведамляюць у галоўнай ВНУ краіны.

Ад адпрацоўкі пасля Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова сёлета адмовіліся 2 чалавекі, будуць плаціць за навучанне. Леташніх “адкупнікоў” было 3, адзін ужо расплаціўся. Два чалавекі адпрацавалі менш за 2 гады.

“Дзве дзяўчыны адпрацавалі па годзе і цяпер будуць выплачваць”, — расказваюць ва ўніверсітэце.

Выпускнікі гэтага года з Універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі яшчэ не расплачваліся за адпрацоўку. Даязджаюць на першае месца працы.

“Можа, і прыходзілі пісаць заявы, каб не адпрацоўваць, але яшчэ не плацілі. Цяпер яны пацвярджэнні прыносяць, што ўладкаваліся”, — паведамляюць у ВНУ.

А мінулагодні выпускнік БДУІР Андрэй паспеў адпрацаваць шэсць месяцаў па размеркаванні ў Wargaming, пасля з’ехаў у Варшаву да дзяўчыны. А каб адпусцілі, выплаціў 78 мільёнаў.

У мяне ў Польшчы дзяўчына жыве, мы два гады сустракаліся, і каб не чакаць, я адкупіўся і паехаў. Удалося накапіць. Я з 3 курса працаваў. З сярэдзіны 4 курса я працаваў на Wargaming, жыў з бацькамі, крэдытаў браць не давялося”, — апісвае сваю сітуацыю Андрэй.

У мінулым годзе дыпломы за кошт бюджэту атрымалі 20,3 тысяч чалавек. На працу з іх накіравалі 19 тысяч. Але маладымі спецыялістамі сталі толькі 18,3 тысячы, падлічвае Белстат.

Фота: izvestiaur.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі