За тры месяцы ў Польшчы папрасілі прытулак 159 украінцаў

Тыдзень таму польскія СМІ адрапартавалі: у краіну прыбыла першая вялікая група крымскіх татараў (32 чалавекі), каб атрымаць прытулак. Уцекачы казалі пра прыцясненні дома і спадзяваліся атрымаць бяспеку ў новым месцы. Але хутка высветлілася, што жыццё вымушанага эмігранта — не цукар.

 

“Калі ўвайшлі паглядзець тэрыторыю цэнтра, на пляцоўцы забаў пабачылі шмат шпрыцаў. Не ведаем, навошта яны там былі, але зразумелі, што гэта не лепшае месца для нашых дзяцей. Падумалі, што лепей вярнуцца ва Украіну, чым застацца ў Польшчы, бо тут небяспечна”, — адна з жанчын скардзіцца ў інтэрв’ю на ўмовы ў цэнтры для ўцекачоў “Падкова Лесна”, што пад Варшавай.

 

У Адміністрацыі па справах замежнікаў такія скаргі адмаўляюць, кажуць, што шпрыцаў не было. І нагадваюць, што цэнтр для ўцекачоў мае ўсё неабходнае, але гэта не 5-зоркавы гатэль.

 

Як толькі стала вядома, што едуць крымскія татары, са сваёй прапановай выступілі і татары з Падляшша, якія стагоддзямі жывуць у Польшчы.

 

Старшыня Мусульманскай рэлігійнай абшчыны ў Крушынянах Браніслаў Талкоўскі звярнуўся па гэтай справе да падляшскага ваяводы.

 

Браніслаў Талкоўскі: “Тут у нас шмат прасторы, ёсць мячэць і старая татарская гвардыя, якая мае абавязак падтрымліваць гэтых людзей. Хочам дапамагчы, каб адчулі сябе хаця б крыху так, як у сябе”.

 

Што тычыцца саміх крымскіх татараў, то з пад Варшавы іх перавялі ў іншы цэнтр, у Лукаве. На ўмовы тут не наракаюць, і ўся група ўжо напісала заявы на атрыманне статуса ўцекача.

 

Тым часам колькасць уцекачоў з Крыма, ды і ўвогуле з Украіны можа павялічыцца. З гэтай нагоды нядаўна выказаўся і міністр унутраных спраў Барталамей Сянкевіч:

 

“У нас ёсць розныя сцэнарыі ў гэтай справе. Ад такіх лёгкіх, да крайне песімістычных. Паводле апошніх закладваем магчымасць будоўлю такога “гарадка для ўцекачоў” на 5-6 тысяч чалавек”.

 

Сапраўды, паводле самай апошняй інфармацыі Адміністрацыі па справах замежнікаў, апошнім часам колькасць уцекачоў з Украіны значна павялічылася. Калі ў мінулым годзе статус уцекача ў Польшчы папрасілі 46 украінцаў, то за няпоўныя тры месяцы гэтага года лічба павялічылася да 159 (амаль у 3,5 разы больш).

Фота: ShutterStock

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі