З-за каранавіруса Лукашэнка накіраваў на Віцебшчыну міністра аховы здароўя
У аўторак Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі і экс-кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай выказаўся пра сітуацыю ў Беларусі з каранавірусам. Лукашэнка заявіў, што па яго адчуваннях і па "лічбавым аналізе захворванняў" "мы цяпер... знаходзімся на піку". "Я ўжо малю бога, каб да Вялікадня гэты пік пайшоў уніз", — заявіў беларускі кіраўнік. Раней ён ужо заяўляў, што беларусам трэба пратрымацца да праваслаўнага Вялікадня (19 красавіка).
Падчас сустрэчы з Качанавай Лукашэнка назваў Віцебскую вобласць "праблемным рэгіёнам". Як вядома, у апошнія дні з гэтага рэгіёна ідзе трывожная інфармацыя пра сітуацыю з заражэннем каранавірусам. У аўторак стала вядома пра першую смерць ад COVID-19. У выхадныя Наталля Качанава была на Віцебшчыне.
"Я не гавару, што там катастрофа нейкая, не, — цытуе словы Лукашэнкі тэлеграм-канал Пул Першага. — Проста Віцебская вобласць у нас заўсёды, і па клімаце іншая, і крыху зрушыўся гэты пік захорванняў".
Высвятляецца, што Аляксандр Лукашэнка паслаў на Віцебшчыну міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка і групу спецыялістаў. 31 сакавіка яны працуюць там. Яны мусяць прааналізаваць сітуацыю і "зрабіць высновы".
На ўчорашні дзень у Беларусі было афіцыйна заяўлена пра 152 выпадкі заражэння каранавірусам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.