З-за 75 працэнтаў якаснай беларускай музыкі стала менш?
Радыёстанцыі па-ранейшаму скардзяцца на нізкі ўзровень айчынных выканаўцаў і працягваюць шукаць беларускія карані ў замежных зорак
Больш чым 4,5 гады таму беларуская музыка заняла 75% радыёэфіру краіны. Ці здолелі за гэты час нашы выканаўцы дасягнуць такога ўзроўню, каб канкурыраваць з замежнымі зоркамі без розных загадаў і абмежаванняў.
Больш беларускай музыкі за гэты час не стала, а якасць павысілася толькі ў тых, хто даўно на сцэне і робіць мастэрынг за мяжой, кажа музычны рэдактар "Рускага радыё" Алеся Шынко.
"Колькасць — не, але якасць павысілася. Але тут трэба казаць асобна па кожным выканаўцы. Навічкі якія прыносяць — там жах проста. А ў тых, хто з намі даўно, там якасць павысілася, але зноў-такі, калі мастэрынг у Маскве".
У Беларусі няма шоў-бізнеса, таму няма якаснага прадукту, таму на "Альфа-радыё" таксама запаўняюць эфір, як загадалі, але якасць з-за гэтага кульгае.
Супрацоўнік Альфа радыё: "Носьбітаў мала. Хто прыносіць музыку? Шоў-бізнесу няма ў Беларусі. А хто мусіць плаціць за гэтыя 75 працэнтаў? Дзяржава, ці выканаўцы?"
Эміль, музычны рэдактар адной з самых мезазойных беларускіх станцый, кажа, што якаснай музыкі вельмі мала, бо песні пішуць некалькі чалавек, якіх на 75 працэнтаў не хапае, таму станцыі вымушаныя выходзіць з сітуацыі і круціць серадняк.
"Яшчэ станцыі як мухі налятаюць на новыя альбомы "J-морса", "Атлантыкі", таму што ведаюць, што гэта сапраўды будзе прадукт. І разбіраюць новыя альбомы, якія яшчэ не паспелі выйсці, практычна па частках. Гэта я лічу вельмі няправільным. Зыходзячы з досведу заходняга рынка, на радыё раціруецца 1-2 песні".
Радыёстанцыі выкручваюцца, як могуць. Міністэрства культуры дазваляе выкарыстоўваць песні выканаўцаў, у якіх ёсць беларускія корні. Таму станцыі вывучылі генеалагічныя дрэвы многіх выканаўцаў, кажа Алеся Шынко з “Рускага радыё”.
"У нас фармат дазваляе: Маісееў, Свірідава. Таксама “Корні” — там жа беларус спявае, вось так выкручваемся. Дапамагаюць маскоўскія беларусы".
Сёлета сітуацыю палепшыў і Аляксандр Рыбак, які склаў добрую кампанію замежным беларусам.
Ёсць яшчэ адзін выхад. Выкарыстоўваць кавер-версіі на песні, якія зрабіў які-небудзь беларускі дыджэй: песня замежная, а выканаўца беларускі! Праўда, там мусіць быць іншы музычны шэраг ці іншае выкананне.
Днямі беларускія СМІ паведамілі, што планку ў 75% неўзабаве могуць знізіць да 50%. Але галоўны спецыяліст упраўлення электронных СМІ Мініінфармацыі Павел Качан у размове з Еўрарадыё абверг чуткі пра зніжэнне квоты:
"На дадзенае пытанне афіцыйна яшчэ няма ніякіх адказаў. Я не ведаю, адкуль узятая гэтая інфармацыя. Яна цалкам няпэўная. Я магу сказаць, што пакуль усё працуе без змен".
Між тым, квота ў 50% задаволіла б беларускія радыёстанцыі, кажа Эміль:
"50 працэнтаў для нашай не вельмі вялікай краіны было проста цудоўна. Ёсць прыклад Украіны, там 50 працэнтаў украінскай музыкі. Гэты падыход больш сябе апраўдвае. Тады ўзнікае моцная канкурэнцыя. Бо выканаўцу становіцца не ўсё адно, як гэта было раней. Парай-тройкай беларускіх зорак мы не зможам закрыць эфір. І станцыі згубілі свой твар. Я даўно не выкарыстоўваю слова фармат. Таму што пры 75 працэнтах не адлюстроўваецца палітыка станцыі".
Фота:belta.by