Юрый Царык: Калі адвакаты не адступяцца, справа “Белага легіёна” разваліцца

Юрый Царык: Калі адвакаты не адступяцца, справа “Белага легіёна” разваліцца

Паводле інфармацыі газеты “СБ. Беларусь сегодня”, 20 затрыманых па “справе Белага легіёна” абвінавачваюць па новым артыкуле ― “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”. Што стаіць за такім сур’ёзным абвінавачаннем, якая сувязь справы “Белага легіёна” з артыкуламі ў расійскіх СМІ за 2015 год, чаго распачатай справай хочуць дамагчыся яе ініцыятары? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Юрый Царык.

Цалкам размову з Юрыем Царыкам можна паслухаць тут:

Важныя цытаты:

Пакуль не прад’яўленыя сур’ёзныя пацвярджэнні, а тым больш доказы таго, што сапраўды існавала спячая ячэйка ці цэлае незаконнае ўзброенае фармаванне. Але мы ведаем паводле аналізу прадстаўленых публічна матэрыялаў, што там баявой зброі альбо не знойдзена, альбо яна зарэгістраваная.

Усё, што ёсць па справе ― тэлефонныя перамовы паміж асобнымі сябрамі былой арганізацыі “Белы легіён” і прадстаўнікамі “Маладога фронту” аб арганізацыі абароны ўдзельнікаў акцыі на Дзень Волі ад магчымых правакацый і правакатараў.

Новае абвінавачанне па артыкуле “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання” звязанае з тым, што доказнай базы па папярэднім абвінавачванні (масавыя беспарадкі, ― Еўрарадыё) няма і таму следства рухаецца ў бок тых артыкулаў, якія, магчыма, было б прасцей абгрунтаваць і даказаць.

Абраны артыкул абвінавачвання сведчыць, што робіцца спроба вывесці справу “з палітычнага поля” ― не даць магчымасці надаць гэтым людзям статусу палітзняволеных.

У абгрунтаванні і ў інфармацыйным суправаджэнні гэтых крымінальных спраў выкарыстоўваюцца, ажно да супадзення асобных сказаў, фармулёўкі расійскай прапаганды ўзору 2015 года, калі ў расійскіх СМІ на фоне спробаў “праціснуць” стварэнне авіябазы пачалі з’яўляцца паведамленні пра Майдан ў Беларусі, 15 соцень баевікоў-нацыяналістаў ды іншая лухта.

Ідэя распачатай “справы Белага легіёна” альбо ў тым, каб стварыць інфармацыйнае прыкрыццё для дзейнасці тут нейкіх прарасійскіх сіл, альбо затрыманых хлопцаў хочуць зламаць, завербаваць і далей выкарыстоўваць у сваіх мэтах.

Мэты знішчыць патрыятычныя элементы няма. Хутчэй, ёсць мэта раскачаць грамадства і выклікаць у нацыянальна арыентаванай часткі насельніцтва абурэнне. І ў выніку, у вачах гэтай немалой часткі насельніцтва падарваць легітымнасць улады, што аслабляе ўладу, пазбаўляючы яе магчымасці абапірацца на нацыянальна арыентаваныя колы ў грамадстве.

Калі адвакаты абвінавачаных па “справе “Белага легіёна” не адступяцца, будуць прафесійна выконваць свае функцыі і дойдуць да Вярхоўнага суда, то дамогуцца справядлівасці, і справа гэтая разваліцца. Але да суда першай інстанцыі справу цалкам могуць давесці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі