Юкнявічэне: Для Літвы важна, каб Беларусь не стала часткай Расіі

Міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне расказала Еўрарадыё, як мітынгавала супраць Лукашэнкі і чаму сёння супрацоўнічае з рэжымам, ці чакаюць Беларусь у NATO і калі ў Альянсе з’явіцца беларуская рота, а таксама раскрыла некалькі ваенных і сямейных таямніц. Еўрарадыё: Я ведаю, што, будучы дэпутатам, вы курыравалі ў Парламенце “беларускае пытанне”…

Раса Юкнявічэне:
Так, ад 2000 года я кіравала групай у Парламенце па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ведаю асабіста ўсіх лідэраў беларускай апазіцыі. Удзельнічала ў мітынгах пратэсту супраць таго, што робіць прэзідэнт Лукашэнка. Дарэчы, назіраючы цяпер за тым, што адбываецца ў Расіі, і чуючы, як нехта кажа, што Беларусь — адзіная дыктатарская краіна, я з гэтым не пагаджаюся. Беларусь — не адзіная. Калі глядзець на Ўсход, то такіх краін можна пабачыць даволі шмат. І нават пра Расію нельга сказаць, што гэта дэмакратычная краіна. Праблем з дэмакратыяй там шмат. І для Літвы важна, каб Беларусь засталася на мапе Еўропы. Каб яна не стала часткай імперыі.

Еўрарадыё: Вы зараз гэта кажыце як міністр абароны?

Раса Юкнявічэне:
Мы бачым, што сёння інтэграцыя ў сферы абароны Беларусі і Расіі вельмі моцная. Мы хацелі б, каб Беларусь больш паварочвалася на Захад, да NATO. Як палітык і як міністр абароны лічу, што мы павінны працаваць не толькі з апазіцыяй, але і мець сувязі, якія маглі б змяніць сітуацыю у будучыні.

Еўрарадыё: Напрыклад?

Раса Юкнявічэне:
Напрыклад, беларускія вайскоўцы вывучаюць англійскую мову ў нашай Ваеннай акадэміі. Гэта супрацоўніцтва з рэжымам ці не? У пэўным сэнсе — супрацоўніцтва. Але калі больш вашых вайскоўцаў будзе ведаць, што сябра NATO Літва не з’яўляецца ворагам і што не трэба больш праводзіць такіх расійска-беларускіх вучэнняў, як “Захад-2009” — маштабных, накіраваных на Літву і Польшчу, то ад гэтага будзе толькі лепш. Можа, лепш якія беларуска-літўскія праграмы наладжваць? У нас мала супрацоўніцтва ў ваеннай галіне, але трэба яго распачынаць. Выдам ваенную тайну: днямі я атрымала ліст, што ваш міністр абароны рыхтуецца прыехаць да нас у кастрычніку. Можа, гэты візіт стане штуршком да нашага супрацоўніцтва.



Еўрарадыё: Каму належыць ініцыятыва гэтай сустрэчы?

Раса Юкнявічэне:
Мне. Я запрасіла яшчэ былога міністра. Была падрыхтаваная праграма візіту, але яго знялі. Гэта будзе першы візіт ваеннага міністра, і мы маем намер падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне абароны.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што кантакт на ўзроўні сілавых міністраў нашых краін магчымы?

Раса Юкнявічэне:
Я не такі наіўны чалавек, каб думаць, што адна сустрэча можа змяніць усю сітуацыю. Але паспрабаваць трэба. Польшча выйшла з ініцыятывай, мы ў ёй удзельнічаем, каб стварыць польска-украінска-літоўскую брыгаду. Гэта было да выбараў ва Ўкраіне. На жаль, цяпер не ведаю, як сітуацыя там павернецца. Але на наступным тыдні я еду з візітам ва Ўкраіну, буду сустракацца з міністрам абароны. Мне кажуць, што новы прэзідэнт і ўрад не мяняе курс наконт супрацоўніцтва з NATO. І ў нас ёсць ідэя, каб уключыць у гэтую брыгаду беларускую роту. Такое супрацоўніцтва выгадна і ў палітычным, і ў ваенным сэнсе. Вядома, такое супрацоўніцтва было немагчыма, пакуль у вашым Мінабароны працаваў генерал Усхопчык — гэта чалавек, які адказны за тое, што адбылася ў Літве ў студзені 1991 года. Паводле яго загада, салдаты Віленскага гарнізона пайшлі забіваць мірных людзей. Цяпер ён у Мінабароны не працуе і Генпракуратура Беларусі дапытала яго. Зразумела, гэта такія фармальнасці, але гэта — крок наперад. І зараз мы можам хаця б размаўляць адзін з адным.

Еўрарадыё: Як бы вы паставіліся да ваенных беларуска-літоўскіх вучэнняў?

Раса Юкнявічэне:
Гледзячы якіх. Калі антытэрарыстычных, то чаму і не? А ўвогуле, я ўдзячная Расіі за вучэнні “Захад-2009”. Пасля іх у NATO змянілася стаўленне да вучэнняў у нашым рэгіёне. І ў наступным годзе ў нас будуць добрыя вучэнні па нашай абароне. Раней нам казалі, што не трэба Расію такімі вучэннямі раздражняць, а зараз — калі ласка, праводзьце!

Еўрарадыё: На ваш погляд, ці магчыма Беларусі ўвайсці ў NATO?

Раса Юкнявічэне:
Я б гэтага хацела. NATO створана для таго, каб мір і бяспека захоўвалі ў краінах-сябрах NATO. Але яшчэ савецкая прапаганда зрабіла шмат, каб людзі з недаверам ставіліся да NATO. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне моцныя стэрэатыпы, што NATO — варожая ваенная арганізацыя, якая пагражае вашым краінам. Але ўсё зусім наадварот! Дзе ёсць NATO, там няма вайны. Вы можаце запытацца пра Бялград, пра Сербію. Але там быў генацыд, там людзі гінулі. Пакуль NATO не прыйшло. Калі Беларусь стане сябрам NATO, сябрам Еўрасаюза, калі я ў сваім жыцці дачакаюся гэтага, то я была б рада не менш, чым калі Літва стала незалежнай і стала сябрам NATO! Тут ёсць наш прагматычны інтарэс: мы не хочам межаў. Але рашэнне Беларусі — не ўступаць ні ў Еўрасаюз, ні ў NATO. І гэтыя межы паміж нашымі краінамі будуць, пакуль Беларусь не прыме іншага рашэння.

Еўрарадыё: Раскажыце крыху пра сябе і пра тое, як цывільная жанчына патрапіла на пасаду міністра абароны?

Раса Юкнявічэне:
Я нарадзілася на поўначы Літвы, у горадзе Панявежасе. Побач з гэтым горадам ёсць невялікая вёсачка, дзе жывуць мае бацькі і куды я і сёлета ездзіла ў адпачынак. Была фермерам — вырошчвала агуркі, памідоры, і так добра было без палітыкі і ўсяго астатняга, чым даводзіцца жыць цэлы год. У палітыцы з 1988 года, з таго часу, як у Літве быў створаны “Саюдзіс” — рух за незалежнасць Літвы. Да 1988 года я працавала ў Пасвалісе дзіцячым доктарам. Тады мне, дачцэ рэпрэсаваных (мая маці была ў Сібіры), немагчыма было марыць пра кар’еру ў палітыцы, але развал Саюза ўсё памяняў, і я цалкам сябе аддала змаганню за незалежнасць. У 1990 годзе мяне абралі ў Парламент, падчас першых свабодных выбараў. Я думаю, што тады ў нас выбары былі нават больш свабоднымі, чым цяпер. Тады не было вялікіх грошай, не было бізнэса, які хацеў уплываць на палітыку. Людзям было лёгка выбіраць: былі Камуністычная партыя і “Саюдзіс”, была адна жанчына-кандыдат у дэпутаты і шэсць супернікаў-мужчын. Выбралі мяне. І калі цяпер жаночыя часопісы задаюць мне пытанне: “Ці не цяжка жанчыне у палітыцы?”, я адказваю: “Мяркую, што значна цяжэй у 4 раніцы вуліцы падмятаць”. А іх ніхто не пытаецца, ці не цяжка ім. У 1996 годзе я паўторна прайшла ў Парламент і свядома пайшла працаваць у Камітэт па нацыянальнай бяспецы і абароне. Я зразумела, што без падмурка бяспекі нашай невялікай дзяржавы не пабудаваць дзяржавы такой, пра якую мы марым. Потым была створана наша сённяшняя партыя “Саюз “Айчына”, дзе я ўвайшла ў кіраўніцтва і адказвала за абарону і бяспеку. І калі мы фармавалі ў 2008 годзе ўрад, кандыдат у прэм’еры Кубілюс прапанаваў мне гэтую пасаду.



Еўрарадыё: Адразу пагадзіліся?

Раса Юкнявічэне:
Не, спачатку адмовілася. Думала, што гэта не для мяне. Але пасля шэрагу перамоў пагадзілася. Вельмі цікавая праца.

Еўрарадыё: Ці лёгка жанчыне быць міністрам абароны? Як вас прынялі ваенныя?

Раса Юкнявічэне:
Асабіста я не адчула з іх боку непрыняцця. Большасць нашых афіцэраў ужо былі ў краінах, дзе жанчына-ваенныя — гэта не рэдкасць. Нас цяпер 5 жанчын — міністраў абароны: у Даніі, Нарвегіі, Іспаніі, Славеніі і Літве. А што тычыцца таго, лёгка ці не, то быць цяпер міністрам сацыяльнай абароны значна цяжэй і праблематычней! А ў мяне адна праблема — малое фінансаванне. Абарона атрымлівае толькі 0,9% ад агульнага валавога прадукту.

Еўрарадыё: Форму не носіце?

Раса Юкнявічэне:
Нельга! Я ж не ваенная. Згодна з нашымі законамі, ваенны не можа стаць міністрам абароны. Затое ў мяне ёсць хобі — я люблю страляць і на меткасць не скарджуся.

Еўрарадыё: Як вашая сям’я паставілася да вашага новага прызначэння?

Раса Юкнявічэне:
Нармальна. Нават падтрымлівалі. Калі я сумнявалася, ці прымаць прапанову Кубілюса, мае браты падштурхнулі мяне да таго, каб паспрабаваць сябе на гэтай пасадзе.

Еўрарадыё: Час на сям’ю застаецца?

Раса Юкнявічэне:
Вечары, выходныя — я люблю ездзіць да бацькоў у вёску. Там адзінае месца, дзе я сапраўды адпачываю. Дзе я магу быць сама сабой і не трэба быць, нібыта на сцэне. А там, ды і дома, я займаюся тым, чым займаюцца ўсе жанчыны: вару абеды, вячэры. Да мяне прыязджаюць з сем’ямі браты, бацькі — усе яны любяць смачна паесці. Люблю вакол вёскі на ровары пракаціцца.



Еўрарадыё: Вашыя адносіны са сваякамі, з мужам пасля гэтага прызначэння не памяняліся?

Раса Юкнявічэне:
Я ж разумею, што гэта ўсё часова. І ты павінен заўсёды заставацца чалавекам. Праўда, гэтая пасада адымае шмат часу, але і дае шмат. Таго ж досведу. Але ніколі не трэба забывацца на тое, што і на гэтай пасадзе, і ў палітыцы, і на гэтым свеце ты часова. Трэба застацца чалавекам — гэта галоўнае.

Еўрарадыё: Муж вас да вашага кар’ернага поспеху не раўнуе?

Раса Юкнявічэне:
Не. Ён сам быў дэпутатам парламента. Цяпер ён працуе адвакатам і палітыкай не займаецца, але ён усё разумее, і праблем з гэтым ніякіх у нас няма. Учора вось раней прыйшла з працы дадому, і мы разам ставілі на зіму памідоры.

Еўрарадыё: Дазваляеце сваім эмоцыям праявіцца на працы?

Раса Юкнявічэне:
Вельмі рэдка. Некалькі разоў толькі такое было. Я стараюся спакойна глядзець на ўсе праблемы. Наадварот — калі віруюць эмоцыі ў іншых людзей, то я стараюся іх зраўноўваць. Вельмі шмат залежыць ад “галавы” ведамства.

Еўрарадыё: Ці любіце, калі вам дораць кветкі?

Раса Юкнявічэне:
Вядома. Але я люблю жывыя кветкі, ў гаршчках. Мне вельмі шкада, калі праз два дні даводзіцца кветкі выкідаць.

Еўрарадыё: Ці думалі аб далейшай кар’еры? Стаць прэзідэнтам не марыце?

Раса Юкнявічэне:
Я ніколі не хацела б працаваць на пасадзе, дзе ёсць ахова. Тады ж у мяне не будзе ніякага асабістага жыцця! Я не змагу ездзіць у сваю вёску! А так — я сама за рулём, аховы ў міністра абароны няма, я сама сабе гаспадар.

Еўрарадыё: І па крамах самі ходзіце? Адзежу сабе выбіраеце?

Раса Юкнявічэне:
Так, па крамах бывае, што і хаджу. Але ўвогуле часу не хапае. А адзежу мне шые дызайнер. Мы разам над мадэлямі працуем.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі