Яскевіч: Мытня затрымлівае шмат літаратуры, але экстрэмісцкай яшчэ не было

Даведка Еўрарадыё: Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму пачала працу з 27 верасня 2014 года. Існуе камісія пры Міністэрстве інфармацыі. Галоўная мэта дзеяння – правядзенне экспертызы інфармпрадукцыі ў мэтах вызначэння наяўнасці ў ёй прыкмет экстрэмізму. Старшыня камісіі – дырэктар Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ, доктар філасофскіх навук Ядвіга Яскевіч.

Еўрарадыё: Камісія працуе ўжо тры месяцы: сутыкаліся ўжо з экстрэмісцкай інфармпрадукцыяй?

Ядвіга Яскевіч: Усе працы, якія мы за гэты час разгледзелі, не атрымлівалі з боку экспертаў ніякіх адмоўных ацэнак: што іх нельга выкарыстоўваць. Пакуль такой літаратуры нам не траплялася, хоць і вельмі шмат яе зараз ідзе да нас. Літаратура рознай накіраванасці: і рэлігійнай, і па ісламе, і гэтак далей. Але камісія працуе, людзі ў ёй вельмі адказныя і калі ўзнікае неабходнасць, то прызначаюцца эксперты, якія вывучаюць матэрыял і на кожную адзінку прадукцыі пішуць сваё заключэнне. Потым камісія таксама вывучае і працу, і заключэнне экспертаў і ідзе абмеркаванне – калі ёсць месцы, якія выклікаюць сумневы. І ўжо сапраўды было шмат літаратуры, затрыманай на мытні, але не было ніводнай крыніцы, якая б па сваіх прыкметах выклікала асцярогі з пункту гледжання экстрэмізму. Карацей, ідзе праца, што яшчэ тут сказаць?

Еўрарадыё: З мытні вам працу падкідвалі, а хто гэта можа зрабіць яшчэ? Магу, да прыкладу, я звярнуцца да вас з просьбай праверыць факт продажу ў нейкай краме экстрэмісцкай, на мой погляд, літаратуры?

Ядвіга Яскевіч: Такіх выпадкаў за час працы камісіі не было… А на мытні сапраўды: яны бачаць, што ёсць нейкая літаратура, але ж яны там не спецыялісты – як яе ацаніць? Патрэбныя эксперты. А ты паспрабуй па рэлігійнай тэматыцы знайдзі эксперта! Ці вось па ісламе шмат літаратуры было перададзена. А ў нас у камісіі ёсць спецыялісты з розных галін. Экспертаў для вывучэння атрыманай прадукцыі мы прызначаем альбо са складу камісіі, альбо са структур навукова-даследчых інстытутаў, навучальных устаноў ды кафедраў – навукоўцаў, карацей. Якія сапраўды адэкватную ацэнку могуць даць гэтай літаратуры. Але паўтару: пакуль да нас літаратура паступала толькі такім чынам – з мытні.

Еўрарадыё: Вы можаце сказаць простымі словамі: што такое экстрэмізм? Той, які вы шукаеце ў перададзенай вам літаратуры?

Ядвіга Яскевіч: Паглядзіце закон! Там усё напісана, дадзена вызначэнне, што такое экстрэмізм, да чаго прыводзіць… Усё распісана, усё ў адкрытым доступе! Усё ў нас адбываецца ў адпаведнасці з палажэннем (аб экспертнай камісіі – Еўрарадыё), у адпаведнасці з законам і проста трэба ўсім уважліва глядзець і ведаць ступень адказнасці. І ўсё. Але гэта правільна, што вы цікавіцеся працай нашай камісіі: каб людзі ведалі, што, як кажуць, абарона нацыянальнай бяспекі, дабрабыту ў сваім доме, у сваёй дзяржаве. Нічога іншага, нічога!

Еўрарадыё: Даводзіла ўжо праводзіць экспертызу літаратуры, створанай у Беларусі?

Ядвіга Яскевіч: Пакуль яшчэ такога не было. У асноўным з-за мяжы вязуць. Нехта, да прыкладу, едзе на пастаяннае месца жыхарства, і вязуць з сабой літаратуру: трэба яе агледзець – што там і як. А што на мытні? Яны бачаць, што літаратура, а што там, асабліва калі яна на замежнай мове? Тут не кожны прафесіянал “урубіцца”, а крыніцы часам вельмі аб’ёмныя. І тады камісія глядзіць, што там і як. Магчыма, што нешта вязуць і для бібліятэк ці для вывучэння – вывучаць жа трэба любую з’яву, якой бы яна не была. Тады робіцца заключэнне, што гэту літаратуру можна ў бібліятэцы прафесіяналам вывучаць. Калі гэта, да прыкладу, неафашысцкага накірунку літаратура. І гэтую з’яву трэба вывучаць. Тады робіцца заключэнне, што можна такое вывучаць прафесіяналам – людзі ж і дысертацыі пішуць на такія тэмы. Вось едзе чалавек са сваёй бібліятэкай, ён, можа, гэтую з’яву ўсё жыццё вывучаў, навуковыя працы па гэтых крыніцах піша – ну як забараніць?

Еўрарадыё: Ёсць у мяне, да прыкладу, адна кніжка, якая раптам выклікае пэўныя пытанні ў мытнікаў ці супрацоўнікаў якіх іншых органаў, то я магу ім казаць,што гэта літаратура для асабістага вывучэння?..

Ядвіга Яскевіч: Я ж вам прыводзіла прыклад: калі чалавек працуе ў гэтай галіне, гэта яму неабходна для вывучэння гэтых пытанняў, каб ведаць гэтую з’яву і каб потым пра гэта паведамляць, то канешне… Ні ў каго няма жадання прыцягнуць некага за нешта. Проста ў кожным канкрэтным выпадку трэба разбірацца і глядзець: наколькі гэта будзе распаўсюджана сярод моладзі. Ну, каму трэба, каб у нас распаўсюдзіўся, як у іншых месцах, рух неафашысцкі?! Гэта ж пачынаецца з дробных рэчаў, а потым вырасце… Мы ж усе памятаем, што папярэднічала фашызму. Спачатку бяскрыўдныя рэчы, а потым усё вырасла ў сусветную трагедыю. А зараз бачыце як гісторыя аднаўляе гэтыя з’явы, на жаль. Гвалт жа нікуды не знікае, хоць і мы кажам пра канцэпцыю не гвалту ў дваццатым стагоддзі. І на гэта трэба рэагаваць любой дзяржавы. Праз выхаванне і праз, у тым ліку, забароны такія. Без гэтага ж не бывае нацыянальнай палітыкі.

Еўрарадыё: Добра, вязе нехта, да прыкладу, біяграфію Сцяпана Бандэры, якога ва Украіне лічаць героям, а ў Расіі – фашыстам…

Ядвіга Яскевіч: Біяграфія – ну, і што? Біяграфія на тое і біяграфія, што тут нічога не зменіш – чалавек як жыў, так жыў. Але трэба канкрэтна разбірацца: што там і як? У кожным канкрэтным выпадку канкрэтнае рашэнне прымаецца, так абстрактна нельга разважаць. Калі на фоне біяграфіі ідуць заклікі… Можна ж любую з’яву падаць з пэўнага пункту гледжання. Калі біяграфія стане заклікам да экстрэмізму, тэрарызму нейкага, то зразумела тады трэба абмяжоўваць. Тады, трэба глядзець, куды пойдзе такая праца ці нават артыкул. Усё трэба вывучаць. А калі ў гэтых манаграфіях ёсць пакрокавае апісанне,  як зрабіць выбуховую прыладу – ці можна для агульнага выкарыстання пускаць такую літаратуру?! Трэба думаць, якія будуць наступствы. Так і ідзе наша праца. У інтарэсах дзяржавы і каб моладзь не атрымлівала такога – і так хапае гэтага гвалту з экранаў і іншых месцаў.

Еўрарадыё: У жніўні быў гучны скандал вакол кнігі пра Стралкова-Гіркіна, якая прадавалася ў мінскіх крамах…

Ядвіга Яскевіч: Я пра гэта не ведаю, нам нічога такога не паступала, такой інфармацыяй камісія не займалася. Таму нічога па гэтым канкрэтным выпадку сказаць не магу.

Еўрарадыё: Я да таго, што тады вельмі шмат людзей былі абураныя фактам распаўсюду гэтай кнігі. Ці могуць у такіх выпадках людзі звяртацца да вас з просьбай даць экспертную ацэнку пэўнай кнізе?

Ядвіга Яскевіч: Мяркую, што так, калі лагічна разважаць. Калі чалавек нешта ўбачыў, што яго занепакоіла: “А раптам гэта яго дзіцяці патрапіць?” Калі чалавек такі адказны, то ён можа проста пайсці ў сваё мясцовае аддзяленне міліцыі, і то ўжо будзе нейкая рэакцыя далей. У нас ёсць людзі адказныя, і гэта добра.

Еўрарадыё: Што, калі адзін эксперта кажа, што ён у пэўным месцы бачыць прыкмету экстрэмізму, а другі – што нічога такога там няма?

Ядвіга Яскевіч: Бывае і такое. Уявіце: тры чалавекі – ужо будуць розныя меркаванні. Абмяркоўваем, спрачаемся, прыходзім да агульнага меркавання.

Еўрарадыё: Прыйшла камісія да высновы, што ёсць у нейкім матэрыяле прыкмета экстрэмізму, – што далей?

Ядвіга Яскевіч: Камісія не ўпаўнаважаная караць. Мы ўпаўнаважаныя толькі зрабіць экспертызу і вынесці рашэнне: ёсць там прыкметы альбо не. Ніводнага такога рашэння, што прыкметы ёсць, у нас яшчэ не было.

Еўрарадыё: Матэрыялы, апублікаваныя ў газеце ці ў інтэрнэце, могуць быць разгледжаныя вашай камісіяй?

Ядвіга Яскевіч: Канешне! Я пакуль уважліва яго не вывучала, але ж ужо пачаў дзейнічаць абноўлены закон “Аб СМІ” і там ёсць, што інфармацыя, размешчаная ў інтэрнэце, яна таксама…

Еўрарадыё: Працу ў камісіі вы выконваецца на грамадскіх пачатках, ці нешта ўсё ж…

Ядвіга Яскевіч: На грамадскіх, упэўніваю вас! Ніхто нічога – калі нехта некалі скажа дзякуй толькі!

Еўрарадыё: А яно вам трэба?

Ядвіга Яскевіч: А што рабіць! Тым больш што мы – грамадствазнаўцы, нас часта прыцягваюць і лекцыі перад насельніцтвам прачытаць, і тое, і іншае. Што выходзіць за дужкі нашых прафесійных абавязкаў, а мы проста абавязаны гэта рабіць. Канешне, нагрузка вельмі вялікая, але нічога: папрацую і перадам каму іншаму. Можа, вы вось захочаце!

Фота: sitv.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі