Ярмошына згодная з апазіцыяй: Працоўныя калектывы не павінны вылучаць кандыдатаў

Ярмошына згодная з апазіцыяй: Працоўныя калектывы не павінны вылучаць кандыдатаў

Рашэнне аб правядзенні рэферэндуму падчас мясцовых выбараў 2018 года яшчэ не прынятае. Пра гэта Еўрарадыё распавяла Лідзія Ярмошына. Паводле слоў старшыні Цэнтрвыбаркама, у яе ёсць і свае прапановы наконт таго, якія пытанні можна было б вынесці на такі плебісцыт. Да прыкладу, пазбавіцца ад артыкула, што забараняе галасаваць на выбарах асобам, якія знаходзяцца пад вартай.

Ярмошына: “Акрамя таго, я лічу, што нам трэба выключаць артыкул аб магчымасці адклікаць дэпутата выбаршчыкамі. Па-першае, ён усё адно не працуе і не будзе ніколі працаваць, а па-другое, ён не дае нам магчымасці змяніць выбарчую сістэму на іншую, апроч мажарытарнай. Ну, і апроч таго, я згодная з апазіцыяй: нам трэба выкрэсліваць з Канстытуцыі права працоўных калектываў на вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты”.

З ініцыятывай правесці рэферэндум выступае Ліберальна-дэмакратычная партыя. Іх прапанова ― павялічыць тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў парламента да пяці гадоў, а прэзідэнта ― да сямі гадоў. Па словах Ярмошынай, яна згодная з тым, што на такі крок можна пайсці. Прынамсі, павялічыць тэрмін дэпутацтва. Адначасова старшыня ЦВК сцвярджае, што сельскія і пасялковыя саветы дэпутатаў ― анахранізм, ад якога трэба пазбаўляцца. Яна прапаноўвае падчас мясцовых выбараў абіраць не дэпутатаў саветаў, а кіраўнікоў мясцовых адміністрацый.

“Гэта і будзе сапраўднае самакіраванне без наяўнасці "дэкаратыўных органаў"”, —  кажа старшыня ЦВК. І абяцае, што выступіць з такой прапановай бліжэйшым часам.

Па словах Ярмошынай, правядзенне падчас мясцовых выбараў рэферэндуму павысіць да іх цікаўнасць выбаршчыкаў. А, адпаведна, і патэнцыйных кандыдатаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі