Якія онлайн-звароты ўплываюць на беларускае заканадаўства?

Якія онлайн-звароты ўплываюць на беларускае заканадаўства?

Прамоўтар ініцыятывы zvarot.by Андрэй Стрыжак распавядае Еўрарадыё пра розніцу паміж онлайн-петыцыямі, якія маюць юрыдычную сілу, і звычайнымі выказваннямі пазіцыі.

Еўрарадыё: Вось петыцыя на change.org у падтрымку Лявона Вольскага. Яна мае назву "Зняць забарону на канцэртную дзейнасць з Лявона Вольскага ды гурта "Крамбамбуля"" і адрасаваная Міністэрству культуры Беларусі. Ці яна мае сэнс? Ці сапраўды варта згубіць некалькі хвілінаў і падпісацца пад гэтай петыцыяй, калі ты згодны?

Андрэй Стрыжак: Трэба размяжоўваць такія паняцці, як юрыдычная моц, публічная і інфармацыйная моц петыцыі. З пункту гледжання інфармацыйнай нагоды, нейкага маральнага ўнёску з падтрымку музыкаў, гэта мае сэнс, нават з'яўляецца нейкім актам грамадзянскага дзеяння. Калі казаць менавіта пра юрыдычны бок пытання, на жаль, нашы чыноўнікі не заўсёды звяртаюць увагу на такія петыцыі, нават, калі яны набіраюць шмат галасоў, бо не абавязаныя гэта рабіць па законе.

Еўрарадыё: Распавядзі пра гэтую розніцу паміж онлайн-петыцыямі ў Беларусі з прававога пункту гледжання.

Андрэй Стрыжак: Можа быць, тады мы крыху развядзем паняцці, бо ёсць паняцце петыцыі, да якой больш пасуюць такія сайты, як Change.org — гэта петыцыі ў чыстым выглядзе. Яны працуюць па ўсім свеце. Але ў нашым заканадаўстве свая спецыфіка. Па законе "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", мы можам звяртацца, як у пісьмовым выглядзе, так і ў электронным. Але электронны зварот мусіць мець свае адметнасці, якія дазваляюць чалавека ідэнтыфікаваць, change.org не заўсёды дазваляе гэта зрабіць. Але ў Беларусі існуе некалькі інцыятыў, якія займаюцца зваротамі грамадзян — гэта Zvarot.by, якую я прадстаўляю, а таксама petitions.by. Гэтыя ініцыятывы займаюцца падачай зваротаў у той форме, якая прадугледжаная заканадаўствам.

Еўрарадыё: Распавядзі, калі ласка, як дзейнічае Zvarot.by? Хто стварае онлайн-петыцыі на гэтым партале, ці магу я, як грамадзянін, вам нешта прапанаваць?

Андрэй Стрыжак: Напрыклад, да нас вельмі шмат звяртаюцца абаронцы жывёлаў, якія спрабуюць абараняць іх правы. Але бываюць і такія выпадкі, калі можна проста сядзець у сацыяльных сетках і ўбачыць нешта цікавае, што чалавека хвалюе. Калі такі чалавек ідзе на кантакт, ствараецца такі онлайн-зварот, і ён распаўсюджваецца, як гэта было пры пераследзе нашага калегі-праваабаронцы Леаніда Судаленкі, ён увесь час падвяргаецца паглыбленаму дагляду на мяжы. Я проста ўбачыў яго пост пра гэта. Быў створаны зварот, які набраў 90 подпісаў і быў адпраўлены ў профільныя камітэты.

Еўрарадыё: Онлайн-звароты адпраўляюцца ў дзяржаўныя органы. Што далей?

Андрэй Стрыжак: Па законе "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", чыноўнік мае 15 дзён на тое, каб даць адказ. Калі ён мае патрэбу на нейкія дадатковыя дзеянні, тэрмін можа быць падоўжаны да 30 дзён. У адказе мусіць быць прапісана, як дзяржава будзе рэагаваць на такі зварот.

Еўрарадыё: З наступнага года набываюць моц змены у закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”, за неабгрунтаваныя звароты давядзецца плаціць экспертам а таксама пакрываць паштовыя выдаткі. Ці апасаецца ініцыятыва Zvarot.by новага закона?

Андрэй Стрыжак:  Мы праводзілі стрэсавае тэставанне нашай сістэмы на гэты конт і прыйшлі да высновы, што нашы звароты не падпадаюць пад дзеянне гэтага закона, бо не з'яўляюцца паўторнымі і гэта не той працэс, які ініцыююць так званыя прафесійныя скаржнікі. Калі гэта масавы зварот, то сітуацыя выглядае адваротным чынам. У прынцыпе, закон які ўступіць ў дзеянне, ён не такі благі. З ім можна працаваць.

Фота: сацыяльныя сеткі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі