Якія банкаўскія паслугі знікнуць у момант дэнамінацыі і калі ўзновяцца

Якія банкаўскія паслугі знікнуць у момант дэнамінацыі і калі ўзновяцца

Вечарам 30 чэрвеня і да раніцы 1 ліпеня ў сувязі з дэнамінацыяй ў Беларусі будзе недаступная большасць банкаўскіх аперацый. Банкаматы, абмен валют, разлік пластыкавымі карткамі, інтэрнэт і мабільны банкінг ды іншыя папулярныя ў шырокага кола спажыўцоў паслугі будуць прадастаўляцца з перабоямі. Але ў кожнага банка краіны свой графік адключэння той ці іншай функцыі. Еўрарадыё знаёміць з асноўнымі з іх.

Разлік карткамі:

Раней за ўсіх гэтую функцыю, а таксама і аперацыі па карткам унутры банкаўскай сістэмы, адключаць для кліентаў “БСБ Банк” — перабоі прагназуюцца ў перыяд з 22:00 30 чэрвеня да 10:00 1 ліпеня.

Наступнымі з наступствамі дэнамінацыі сутыкнуцца кліенты “Альфа-Банка”, “Прыёрбанка”, “БелінвестБанка” і “Банка Масква-Мінск”. Перабоі пачнуцца ў 23:00, а вось аднавіць працу абяцаюць “Альфа-Банк” і “БелінвестБанк” у 7 раніцы, “Прыорбанк” — у 9:00, апошнім абяцае вярнуцца да звыклай працы “Банк Масква-Мінск” — толькі ў 12:00 1 ліпеня.

Апошнімі пазбавяць сваіх кліентаў магчымасці набыць што-небудзь ноччу карткай “Беларусбанк” і “Белаграпрамбанк” — у 23:30, узновяць працу абодва банкі ў 8 гадзін раніцы.

Банкаматы і плацёжныя тэрміналы:

Альфа-Банк” спыніць працу банкаматаў у 23.00 30 чэрвеня, адновіць у 7.00 1 ліпеня. А вось плацёжна-даведкавыя тэрміналы будуць адключаныя амаль на два дні з 18.00 30 чэрвеня да 9.00 2 ліпеня.

Беларусбанкаўскія” банкаматы не будуць працаваць з 23.30 да 08.00. Цягам 1 ліпеня яны будуць пачынаць абслугоўваць грамадзян па меры іх загрузкі новымі банкнотамі. А інфакіёскі адключаць на паўгадзіны раней (у 23:30), з 8:00 1 ліпеня яны будуць прымаць і старыя, і новыя купюры, аднак у некаторых інфакіёсках, магчыма, не паспеюць пераналадзіць праграмнае забеспячэнне, таму там разлік будзе даступны толькі старымі грашыма.

Банкаматы і інфакіёскі “Прыёрбанка” не будуць працаваць з 23:00 да 10:00, але супрацоўнікі банка адзначаюць, што гэта прыкладны час, які можа пасунуцца, як у адзін, так і ў іншы бок.

Ва ўстройствах самаабслугоўвання “Белаграпрамбанка” тэхналагічны перапынак плануецца з 22:00 30.06 да 08:30, але зноў жа, час прыкладны, бо ўсё залежыць ад наладкі абсталявання.

У банкаматах і інфакіёсках “Белінвестбанка” з 21:00 будзе заблакаваны перавод з картак на рахунак і наадварот ды пакрыццё крэдытаў, а з 23:00 і іншыя аперацыі. Узновіцца ўсё ў 7 гадзін раніцы 1 ліпеня.

Банк “Масква-Мінск” спыніць працу бакаматаў у 22:00. У 06:00 праца ўзновіцца, але атрымаць наяўныя грошы будзе магчыма толькі пасля пачатку функцыянавання банкаўскіх картак, то бок з 12:00.

БСБ Банк” адключыць банкаматы на той жа перыяд, што і прыпыніць працу пластыкавых картак — з 22:00 да 8:00.

Інтэрнэт- і мабільны банкінг:

2-4 ліпеня у “Альфа-Банку” гэтыя паслугі будуць забяспечваць толькі аплату праз АРІП, пераводы паміж рахункамі, канверсія, блакіроўка картак і іншае стане даступнае ў другой палове дня 4 ліпеня. Да таго ж, варта аднавіць свае праграмы загадзя, бо старыя версіі перастануць працаваць з 1 ліпеня.

Абодва банкінгі кліентаў “Беларусбанка” не будуць працаваць з 23.00 30 чэрвеня да 08.00 1 ліпеня. Але пераводы з карткі на картку, рэгістрацыя іншых карыстальнікаў ды заяўкі ў інфакіёсках будуць недаступныя ўжо з 21:00.

Тэхналагічны перапынак для мабільных сэрвісаў “Белаграпрамбанка” плануецца ў перыяд з 22:30 30.06.2016 да 08:00  01.07.2016.

З 23:00 30 чэрвеня дыстанцыйнае абслугоўванне ў “Белінвестбанку” будзе адсутнічаць, узнавіць яго абяцаюць 2 ліпеня і далейшых перабояў не плануюць.

Да 2 ліпеня інтэрнэт-банкінг не будзе працаваць і ў “Прыёрбанку”. Прычым, супрацоўнікі ўстановы папярэджваюць, што перабоі ў працы магчымыя яшчэ да 4 ліпеня. Сэрвіс недаступны ўжо з 11:00 30 чэрвеня.

Масква-Мінск” спыніць працу мабільных сэрвісаў на суткі з 16:00 30 чэрвеня, да 16:00 1 ліпеня.

БСБ Банк” прыпыніць аплату праз АРІП, свабодны плацёж ды іншыя аперацыі мабільнага ды інтэрнэт-банкінгу з 22:00 30 чэрвеня да 12:00 1 ліпеня.

Пры гэтым большасць банкаў нагадвае, што адпаведныя праграмы варта абнавіць, бо ужо 1 ліпеня старыя версіі перастануць працаваць, а адпаведна, доступ да мабільнага ды інтэрнэт-банкінгу будзе адсутнічаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі