Якаўлеўскі: Лукашэнку ад санкцый ЗША выратаваў "афганскі транзіт"

Менавіта так Раман Якаўлеўскі ацаніў тое, што Злучаныя Штаты не працягнулі эканамічныя санкцыі супраць "Белтэхэкспарту" і Беларускага оптыка-механчнага аб'яднання.



На думку палітычнага аглядальніка, ЗША прынялі "супер-прагматычнае" рашэнне:



Якаўлеўскі: "Вельмі вялікі ўплыў на рашэнне не працягваць санкцыі меў так званы транзіт у Афганістан, у якім удзельнічае Беларусь. Маецца на ўвазе, канал Балтыя — Беларусь — Расія — Цэнтральная Азія — Афганістан. Беларусь у ім удзельнічае праз сваё геаграфічнае становішча. І гэты рычаг уплыву (на ЗША. — Еўрарадыё) падказалі гэтыя знакамітыя джэймстаўнскія аналітыкі, якія тут былі і сустракаліся з Лукашэнкам".



Нагадаем, што чатыры палітолагі з "Jamestown Foundation" наведалі Беларусь на пачатку 2013 года. На думку Якаўлеўскага, менавіта яны падказалі ўдзел Беларусі ў транзіце амерыканскіх войскаў пры вывадзе іх з Афганістана ў 2014 годзе.



Палітычны аглядальнік мяркуе, што гэты крок ЗША паўплывае на адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.



Якаўлеўскі: "Вельмі велізарны, на мой погляд, негатыўны ўплыў і на Еўропу. Бо амерыканцы дагэтуль займалі больш жорсткую пазіцыю ў санкцыйнай палітыцы да рэжыму Лукашэнкі. А тут будзе вельмі моцны маральна-псіхалагічны ўплыў".



Фота — 5min.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі