Як я хадзіла на кастынг да Аляксандра Рыбака (фота, аўдыё, відэа)

У 13.15 на другім паверсе мінскага Палаца ветэранаў ужо даўжэзная чарга. Тут можна запісацца на кастынг, які праводзіць Аляксандр Рыбак. Пераможца "Еўрабачання-2009" вырашае зноў паспрабаваць свае сілы ў самым знакамітым песенным конкурсе Еўропы, толькі гэтым разам у ролі прадзюсара. Ён піша песню пра дзяўчат, якіх пры размове па-англійску выдае мілы славянскі акцэнт (“My accent”), і хоча падарыць яе Беларусі, краіне-фанатцы "Еўрабачання".

У сваім відэазвароце, які з'яўляецца за два тыдні да падзеі, Аляксандр звяртае ўвагу на тое, што на кастынгу будзе вітацца фальклорны вакал, і што ў выніку будзе абраны гёрлз-бэнд, які возьме ўдзел у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2015".

Мінскі кастынг — трэці па чарзе. Дагэтуль музыка разам з прадзюсарскім цэнтрам Grand Music слухае каля 60 удзельніц у Магілёве і Гродне і распавядае журналістам, што ўжо мае прэтэндэнтак на месцы ў яго гурце, "якія добра спяваюць у тым стылі, у якім мне неабходна".

У доўгай чарзе прыстройваюся да Русі з мінскага гурта Shuma і Юлі Гібкоўскай, спявачкі з філармоніі.

"Спяваць — гэта заўсёды весела. Для нас кожная спроба спеваў — гэта своеасаблівы рух, — кажа Руся. — Мы прыйшлі сюды, каб крыху паказытаць сабе нервы, адчуць вакальную канкурэнцыю, адчуць, як спяваюць іншыя людзі, гэта заўсёды цікава, развівае. Мы сёння ў складзе трыа. Пакажам некалькі песень. Спадзяюся, што гэта, калі не стане пераможным нумарам, то хаця б уразіць спадара Рыбака".

Мой нумар — 42. Shuma будуць выступаць пасля мяне. Наперадзе доўгія гадзіны чакання, бо, кажуць, кастынгі цягнуцца вельмі доўга. Хуценька бягу на прэс-канферэнцыю. Аляксандр, такі ж мілы, як і ў тэлевізары, распавядае пра сваіх беларускіх бабуль, пра тое, як яны хочуць яго ажаніць, і пра тое, што для яго цяпер найбольш істотны "унутраны поспех":

"Для мяне цяпер важней быць менш папулярным, але з музыкай, якая мне падабаецца, чым быць больш папулярным з музыкай, якая мне не падабаецца. Людзі пытаюць мяне, чаму я больш не пішу радыйных песень. Мне гэта проста нецікава. У мяне вышэйшая адукацыя. Так, я ў свой час паэксперыментаваў з "Еўрабачаннем". Часам мне падабаецца пісаць поп-музыку, але тады я не думаю пра радыё. Я думаю пра тых 750 тысяч сваіх фанатаў у Фэйсбуку, якія ў любым выпадку будуць сачыць за маёй песняй. Цяпер я вядомы артыст. Але я хачу стаць вядомым кампазітарам".

Фішкай нумара, які мусіць з'явіцца па выніках кастынгу, будуць "шчырыя і ўсмешлівыя беларускі":

"Вы калі-небудзь бачылі шчырых, усмешлівых і беларускіх? — смяецца Аляксандр, маючы на ўвазе беларускія нумары на "Еўрабачанні". — Ім заўсёды падбіраюць песні, у якіх вялікую ролю грае тэхніка, танцы і спроба заспяваць па-англійску, хоць яны і шыкоўна спяваюць. А песню, якую я склаў, я веру, будзе проста вывучыць удзельніцам. Я хачу, каб яны не вельмі шмат думалі на сцэне, а адчувалі".

На кастынгу ў Аляксандра вельмі ўтульна і проста. Пасля кожнага нумара ён у асноўным хваліць дзяўчыну. Калі не за песню, то за прыгожую сукенку. Але за жартамі хаваюцца і слушныя парады. Напрыклад, звяртае ўвагу на "руку", якая мацае паветра, як на візітоўку нашай эстрады: "Рука — гэта такі беларускі феномен. Яна мне ніколі не падабалася". Ці сумняваецца ў правільнасці песні, якую абірае спявачка, калі выконвае "ВіаГру": "У гэтым жанры ты канкуруеш з мадэлямі, якія замужам за мільянерамі. Ты мілая, у цябе вельмі добрая ўсмешка. І я лічу, што фальклор табе больш падыходзіць".

Першай, каму Рыбак кажа амаль казачнае "пакуль ты лепшая з усіх" становіцца студэнтка Універсітэта культуры пад нумарам 9. Яна выконвае песню "Лети пёрышко через полюшко". Пад дзвярыма залы, дзе ідзе праслухоўванне, абмяркоўваюцца першыя вынікі:

"Я вельмі нервавалася. У мяне збілася дыханне і я вельмі расстроілася, — кажа дзяўчына, якая спявала знакамітую ўкраінскую песню "Там у зылэному саду". Размову падхоплівае дзяўчына ў прыгожым вышываным строі. — Я ніякіх вялікіх задач не ставіла, бо я не прафесіянал і не маю музычнай адукацыі. Мне проста хацелася прыйсці праспяваць, магчыма, раскрыцца, атрымаць нейкі досвед. І вельмі прыемна, што Аляксандр вельмі ветлівы і інтэлігентны чалавек, які кажа, што ты малайчына, нават калі не падыходзіш для праекта".

Дарэчы, пра рэпертуар удзельніц кастынгу. Спяваліся песні Queen, Адэль, Ніны Сайман, Святланы Лабады, Алены Ваенгі, гурта "Город 312", Анжалікі Варум, Любові Успенскай. З народнымі песнямі, тым больш беларускімі, было не так пазітыўна. Некалькі разоў прагучала "Купалінка", выконваліся калядныя песні ў апрацоўцы, абрадавыя песні а-капэла.

"Я спяваю ў народным ансамблі пры Беларускім эканамічным універсітэце, ён называецца "Горліца". Мы там спяваем у сваё задавальненне. Мы спяваем вельмі шмат розных абрадавых крутых песень, якія бяруць за душу. Прыйшла сюды, таму што ніколі не была на кастынгах. Я не разлічваю на нейкія лаўры, але цікава на людзей паглядзець і сябе паказаць", — кажа чарговая ўдзельніца, якая ўсё ж не хоча патрапіць у шоў-біз, бо мае класную працу — арганізоўвае турніры па спартовым покеры.

Другую частку пасля перапынку адкрывае трыа Руся, Надзя Чугунова і Юля Гібкоўская — іх прапускаюць наперад, бо дзяўчаты спяшаюцца на здымкі. Трыа выдае купальскую і ю'реўскую песні, а дуэт Shuma — пад мінус свежанькую "Вецярок вее".

Паціху падыходзіць мая чарга. Назіраючы за працэсам і спрабуючы разумець, што ж трэба Аляксандру, спыняюся на ўласным "баявіку", з якім у свой час скарыла два нямецкія конкурсы вакалістаў. Хвалюючыся, заваджу сваю "Ночку" з шаптаннямі і ніжэй, чым трэба. З другой спробы ўсё атрымліваецца. Аляксандр хваліць. Кажа, што спяваю добра. Але я занадта своеасаблівая і не падыходжу пад фармат яго праекта. Я прапаноўваю выканаць яшчэ адну песню, пад фанаграму і зусім у іншым стылі, але музыка кажа, што разумее мяне як спявачку і раіць больш прадумана ставіцца да рухаў.

 

 

Сыходжу. Думаю, што ў дадзеным выпадку трэба было абіраць песню, якая не столькі раскрывае вакальны патэнцыял, колькі паказвае адчуванне стылю. Акурат "Рутка сільвія" пакаціла б! Бо фармат Аляксандра — лёгкі поп-фолк, ужо вядомы нам па яго "Fairytale".

 

 

 

Пасля мяне выдатная Вольга нізкім і неверагодна прыгожым голасам зацягвае "Тры янгалы" "Троіцы". А потым, кажуць калегі-журналісты, на кастынгу з'яўляюцца суперспявачкі з Універсітэта культуры, выступы якіх выклікаюць дрыжыкі і задавальненне — Рыбаку ёсць з каго выбіраць!

 

 

22 кастрычніка Аляксандр разам са сваім прадзюсарам Андрэем Гузелем едзе ў Брэст на заключны этап кастынгу. Імёны дзяўчат, якія складуць гёрлз-бэнд, аб'явяць неўзабаве.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі