“Як вам маглі даць гэты нумар — ён жа ў лесе!”

“Як вам маглі даць гэты нумар — ён жа ў лесе!”

Таемную будоўлю ці то элітнага санаторыя, ці то рэзідэнцыі высокай службовай асобы знайшлі журналісты тэлеканала "Белсат" у Мінскім раёне, непадалёк ад вёскі Шаршуны. Праўда, дакладна высветліць, што насамрэч хаваецца за высокім плотам з відэакамерамі, не атрымліваецца.

Таемная сядзіба знаходзіцца на месцы, пазначаным на мапе як вёска Пральня Шаршунскага сельсавета. Хто, як не старшыня мясцовага сельвыканкама Мікалай Панкевіч ведае, што будуецца на “яго” зямлі, ці не рэзідэнцыя кіраўніка Беларусі там будзе? Вось толькі мой суразмоўца калі нешта і ведае, то дзяліцца ведамі не хоча.

“Людзі, якія там працуюць, і нашы там працуюць, ніякай размовы, што там нейкая рэзідэнцыя Аляксандра Рыгоравіча будуецца, няма. Такога няма”, — упэўнівае мяне Мікалай Панкевіч.

— Дык а што там тады будуецца?

— Працуюць людзі, проста арганізацыя нейкая будуе. Будуе нешта… Будаўніцтва дазволенае, я так разумею. Бо ніякае будаўніцтва немагчымае без дазволу, без узгаднення — усё як мае быць. Таму дзякуй Богу, што ў нас на тэрыторыі савета сельскага з’явілася такое прадпрыемства, дзе і нашы людзі будуць працаваць. І ажыўляць наш край. Бо аб’ект, пра які вы кажыце, мы яму таксама радыя — гэта працоўныя месцы. А хто там, што там — гэта дробязь. Усё ж на месцы застаецца: зямля на месцы застаецца, возера — на месцы, рачулка — на месцы…

— Толькі пішуць, што на дарозе да той будоўлі — міліцэйскі пост, і там не праедзеш. Атрымліваецца, калі я захачу на тое возера-рачулку прыехаць адпачыць, мяне не пусцяць?

— Праход па лесе свабодны!

— А па дарозе?

— Усе лясы, што на тэрыторыі сельскага савета, абмежаванняў па праходзе, па наведванні, апроч пажаранебяспечнага перыяду, не маюць. Грыбы, ягады — любы грамадзянін прыязджае, ходзіць…

Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, тыя 11 гектараў зямлі на беразе ракі Удра, дзе была вёска Пральня, а цяпер ідзе будаўніцтва таемнай сядзібы, у арэнду на 100 гадоў узяла замежнае будаўнічае прадпрыемства “СертусАвія”. А ўсе будынкі на ёй — кіпрскай афшорнай кампаніі “Блатберг Холдынгс Лімітэд”. Як высвятляе  Еўрарадыё, юрыдычны адрас абедзвюх гэтых кампаній — Шаршунскі сельсавет, вёска Шаршуны. Але старшыня сельсавета сцвярджае, што нічога пра гэтыя кампаніі не ведае, кантактаў іх не мае.

“Як вам маглі даць гэты нумар — ён жа ў лесе!”
“Як вам маглі даць гэты нумар — ён жа ў лесе!”

Добра, паспрабуем спытацца ў саміх уладальнікаў: што яны там будуюць? Кантакты кампаній знайсці у сеціве немагчыма. Дапамагае падатковая інспекцыя Мінскага раёна. Датэлефаноўваюся па нумары, які, паводле падаткавікоў, належыць “СертусАвія” атрымліваецца цікавая размова.

— Добры дзень. Гэта “СертусАвія”?

— Так.

— Гэта вашае прадпрыемства ўзяло ў арэнду 11 гектараў зямлі у Мінскім раёне на беразе ракі Удра?

— Я не магу каментаваць гэтыя пытанні. Можа толькі “СертусАвія”, толькі дырэктар. Знайдзіце яго тэлефон і званіце.

— Пакуль я знайшоў толькі гэты нумар…

— Але вы трапілі не зусім на “СертусАвія” і таму…

— А вы да “СертусАвія” не маеце дачынення? Як жа так?

— Ну, вось так, да.

— Дзіўна атрымліваецца: у падатковай мне гэты нумар даюць як нумар “СертусАвія”, а вы кажаце, што нумар не іх…

— Не ведаю, чаму ў падатковай вам гэты нумар далі. Яго ніяк не маглі даць, бо ён стаіць у лесе…

— У лесе ля вёскі Пральня, дзе ідзе будаўніцтва?

— Усё, што мог, я вам ужо сказаў…

Падказаны раённымі падаткавікамі мабільны нумар нібыта кампаніі “Блатберг Холдынгс Лімітэд” выяўляецца… “ліпавым”. Па ім адказвае мужчына, які вельмі здзіўляецца майму пытанню і сцвярджае, што гэта яго асабісты нумар, а да кіпрскага афшору ён не мае ніякага дачынення. Далейшы пошук дае толькі тое, што кампанія “Блатберг Холдынгс Лімітэд” была зарэгістраваная 16 снежня 2010 года (за тры дні да падзей Плошчы-2010 — Еўрарадыё) на Кіпры і месціцца ў бізнес-цэнтры “Ледра”. Гэты бізнес-цэнтр адзначаны ў так званых “Панамскіх архівах”, і ў ім зарэгістравана шмат розных афшораў. Такім чынам, і “Блатберг Холдынгс Лімітэд”  — не больш чым звычайны афшор.

Журналісты сцвярджаюць, што будынкі на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі ў лесе пад Шаршунамі кампаніі “Блатберг Холдынгс Лімітэд” прадалі сумесна “СертусАвія” і “Дыпсервіс”. Апошняя — арганізацыя, у абавязкі якой уваходзіць забеспячэнне дзейнасці найвышэйшых службовых асоб дзяржавы. У тым ліку кіраўніка краіны. Звяртаюся па каментар да іх.

“Хто нешта там напісаў, той няхай і адказвае на пытанні, якія ўзнікаюць — “Дыпсервіс” ніяк пракаментаваць гэта не можа”, — адказваюць мне ў “Дыпсервісе”.

Ці сапраўды гаворка ідзе пра будаўніцтва чарговай рэзідэнцыі для кіраўніка Беларусі? Адпаведны запыт накіроўваем ў прэс-службу беларускага лідара. Вядома, што даваць афіцыйны каментар можа выключна прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі, а яна цяпер разам з ім у замежнай камандзіроўцы. Давядзецца чакаць іх вяртання. 

“Як вам маглі даць гэты нумар — ён жа ў лесе!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі