Як не застацца аднаму ў Дзень Святога Валянціна?

Калі ў Дзень усіх закаханых вам востра захацелася рамантыкі, а на квіток да Парыжа грошай не хапае, смела накіроўвайцеся ў Віцебск. Бо, як сцвярджае Паліна Рэспубліка, гэта і ёсць сапраўдны беларускі Парыж. 14-га лютага ў к/з “Віцебск” з сумесным канцэртам выступяць Паліна Рэспубліка і гурт Akute.

“Мне падаецца, што на гэтым канцэрце будзе столькі флюідаў кахання, што ніхто адзін не сыйдзе!” — смяецца спявачка і дадае, што хоць і не вельмі любіць гэтае свята, сёлета плануе падрыхтаваць свайму каханаму падарунак, зроблены сваімі рукамі.

Вакаліст Akute Стас Мытнік прызнаецца, што да свята ўсіх закаханых ставіцца прыязна, але прапануе не назапашваць рамантычныя ўчынкі на адзін дзень.

“Калі ты цягам года не ствараў для сваёй каханай рамантычных нагод, а раз на год у свята нешта робіш, гэта выглядае ненатуральна”, — кажа Стас і заклікае часцей рабіць сюрпрызы сваёй другой палове.

Тым, хто на Свята ўсіх закаханых не мае ні планаў, ні каханага чалавека і разлічвае правесці вечар у адзіноце перад камп'ютарам, Стас дае слушную параду:

“Можна ж знайсці сваю другую палавінку падчас канцэрта!” — смяецца музыка і прыгадвае цікавую гісторыю пра ўладальніка крамы, які прыдумаў для наведвальнікаў адмысловую фішку. Ён набыў для пакупнікоў кошыкі двух колераў — зялёнага і чырвонага. І адпаведна з тым, ці хацеў наведвальнік крамы знайсці сабе сябра або сяброўку, ён выбіраў зялёны ці чырвоны колер.

“Таму бярыце на канцэрт белыя і чырвоныя стужкі! Калі ты з белай стужкай, можаш смела падыходіць да другога “белага” і знаёміцца”, – раіць Стас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі