Як напісаць тэставанне на 100 балаў

14 чэрвеня тэстам па беларускай мове стартуе уступная кампанія. Віка Якімчык, якая летась набрала 100 балаў па мове раіць выспацца перад іспытам. І нічога не паўтараць. Інакш — усё пераблытаецца.

“За дзень перад іспытам трэба добра адпачыць. І не варта паўтараць у дзень іспыта нешта, бо гэта не пойдзе на карысць. Трэба устаць, папіць кавы і пайсці ўсё здаць. Тут значную ролю грае падрыхтоўка, але і ўдача таксама”, — прыгадвае Віка Якімчык. І раіць не парыцца падчас самога тэста. Можна нашкодзіць.

Да тэставання яна рыхтавалася з настаўнікамі — дадаткова. Рэпетытараў не брала. У выніку набрала 96 балаў па матэматыцы, 88 — па хіміі і 100 па беларускай мове. Цяпер вучыцца на хімічным факультэце БДУ. І здае сесію на 9-10.

Добра здаць іспыт дапамагае цяжкая музыка, дзеліцца сакрэтам студэнтка медыцынскага ўніверсітэта Карына Пачко. Летась яна напісала на 100 балаў хімію і біялогію. І набрала 92 балы па рускай мове.

“Мне дапамагала музыка перад адказнымі падзеямі. Перад экзаменамі я звычайна слухала Pantera. Яна стымулюе, зараджае энергіяй. Падаецца, што ўсё па плячы і ты ўсё здаш. І не варта налягаць на валяр’янку, бо можна ператварыцца ў тормаза”, — засцерагае Карына Пачко.

Перад экзаменам трэба гуляць на паветры, але і паўтараць, дае параду леташняя выдатніца Таццяна Бараноўская.

“За дзень — за два трэба ўсё паўтарыць. Але шмат за апошнія дні не вывучыш. Уначы перад экзаменам варта выспацца, позна не класціся. На тэстах трэба быць ўважлівым, можна некалькі разоў перачытваць заданні. Трэба мець з сабой гадзіннік, каб кантраляваць час. Калі пытанне не зразумелае, можна адкласці яго на потым”, — дзеліцца з Еўрарадыё Таццяна Бараноўская.

Цяпер яна студэнтка перакладчыцкага факультэта ў Мінскім лінгвістычным універсітэце. Напісала на 100 балаў рускую мову і гісторыю і на 98 балаў на англійскую мову. Рыхтавалася з рэпетытарамі.

Трэба адразу на тэставанні ўяўляць сябе студэнтам, раіць псіхолаг-кансультант Яўгенія Кузняцова. І нічога не баяцца!

Яўгенія Кузняцова: “Калі вы хвалюецеся, то гэтым занятая палова мозгу. Лепш рыхтавацца за тыдзень, за 10 дзён і трэба ўнушаць сабе, бачыць мэту, што ты ўжо студэнт. А не думаць толькі пра тэсты. Нашмат важней добра сябе адчуваць і быць максімальна спакойным, чым намагацца нешта вывучыць у апошні момант. Увечары перад іспытам нічога вучыць не трэба. Лепш паслухаць музыку ці заняцца ўлюбёнай справай”.

Нагадаем, сёлета на цэнтралізаванае тэставанне запісаліся 117 тысяч абітурыентаў. Для іх ва ўніверсітэтах ёсць амаль 80 тысяч месцаў. А 30,5 тысяч змогуць паступіць на бюджэт — гэта кожны чацвёрты абітурыент, які запісаўся на тэставанне.

Рэпетытары: Сучасныя выпускнікі не ведаюць вершаў

Фота - Еўрарадыё, відэа: vedy.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі