Вышыванкі на "Камяніцы": Ад прадзеда, з Данецка і Львова

Сяржук прыехаў на Камяніцу ў кашулі прадзеда: “Прадзед мой з-пад Слаўгарада. Гэтую кашулю прабабка сшыла прадзеду, ужо пасля вайны. Бабуля яе недзе захоўвала, пасля аддала маці, а маці — мне. Нашу яе на тэматычныя падзеі, проста па горадзе не нашу. Не думаю, што прадзед у ёй таксама кожны дзень хадзіў”.

Ганна рабіла строй сабе сама, разам з мамай: “Гэта ўзоры Цэнтральнай Беларусі, Мінская вобласць. Рабілі гэты строй каля тыдня. Я яе яшчэ апранаю на танцы, ва ўніверсітэт бывае. Людзі дзіўна пазіраюць, асабліва, калі едзеш у метро. Але ўсміхаюцца звычайна”.

Святлана з сястрой Наталляй строі пашылі ўсёй сям’і: “Гэтыя строі не адпавядаюць нейкай вобласці ці рэгіёну. Усё рабілі самі, нешта прыдумалі. Мы бралі многае ад нашай бабулі. Яна з-пад Нарачы, з вёскі Тарасавічы”

“Гэта падарунак ад сяброўкі з Данецка. Гэтая кашуля перадавалася ў музей, але яна вырашыла падарыць яе мне. Я пару разоў на год яе апранаю, на тэматычныя мерапрыемствы. У мяне некалькі кашуль, ёсць стылізаваная цішотка, ёсць беларуская вышыванка з Клімавіцкага раёна”.

Наталля прывезла сабе вышыванку са Львова: “Я з Украіны родам, таму набыла сабе украінскую. На беларускія грошы яна каштавала 100 тысяч”.

Валерыя і Андрэй народныя строі ўзялі ў музычнай школе: “Мама там працуе, грае на цымбалах. Узялі на пракат, бясплатна. А так, у нас ёсць вышыванкі, але іх таксама прывезлі аднекуль, не тут набывалі”.

Арцёму з Полацка вышыванку зрабілі ў музеі народнага ткацтва, на замову: “Гэта ўзоры з маёй мясцовасці, арыгінальны строй. Замаўляў гадоў пяць таму, тады каштавала каля 250 тысяч. Апранаю цяпер на тэматычныя фэсты ці святы”.

Кашулю з Макееўкі Данецкай вобласці Аляксандр знайшоў менавіта для фэста: “Гэтую кашулю падаравалі сваякі майго бацькі. Яны украінцы, размаўляюць па-ўкраінску. Гэтая кашуля актуальная на сённяшні час”.

Алена сваёй дачцэ сама рабіла строй, для выступаў: "На гэта каля двух месяцаў сышло. Сабе пакуль не зрабіла”.

Аляксей і Юля строі зрабілі самі, а фрагменты набывалі: “Часткова мы самі рабілі, часткова набывалі ў Ветцы. Самая складанае — гэта кашуля, асабліва жаночая. Усе арнаменты мы намагаліся, каб падпадалі пад Чачэрскі раён. Па горадзе, вядома, не ходзім”.

Фота: Еўрарадыё

Чытайце таксама: "Камяніца-2014": Рух у будучыню праз мінулае. Трэнд, стабільнасць і хібы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі