“Выдадзеных крымчанам расійскіх пашпартоў няма ні ў адным рэестры”

Цалкам размову з Юрыем Рыбаком можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Юрый Рыбак — начальнік штаба грамадскага фармавання "Подільська січ" пры Дзяржаўнай памежнай службе Украіны. Байцы фармавання сумесна з памежнікамі нясуць службу на адміністрацыйнай мяжы з Крымам, займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, займаюцца баявой падрыхтоўкай добраахвотнікаў.

Еўрарадыё: Што з сябе ўяўляе мяжа паміж Украінай і Крымам?

Юрый Рыбак: Зробленыя дакладна такія ж кантрольна-прапускныя пункты, як і на іншых нашых межах: з памежнымі і мытнымі службамі. Гэта зроблена і з нашага боку, і боку Крыма: там такія ж пасты пастаўленыя Расійскай Федэрацыяй. Яшчэ з нашага боку пабудаваныя фартыфікацыйныя ўмацаванні, акопы — мы гатовыя адбіваць атакі.

Еўрарадыё: Наколькі вялікая імавернасць атакі з крымскага кірунку? І ці маеце чым яго адбіваць, калі гэта будзе, да прыкладу, танкавая атака?

Юрый Рыбак: З канца лютага ўсе нашы падраздзяленні, размешчаныя на той мяжы, знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці. І адбіваць такія атакі, кажучы агульнымі словамі, у нас ёсць чым — больш падрабязна пералічваць я проста не маю права.

               Да адміністрацыйнай мяжы з Крымам — 300 метраў

Еўрарадыё: Ці шчыльна ахоўваецца мяжа — можна нейкімі “ляснымі” сцежкамі незаўважна яе перайсці? Можа, былі выпадкі, калі затрымлівалі такіх “шпіёнаў”?

Юрый Рыбак: Мяжа перакрытая шчыльна — цішком перайсці немагчыма. І ўжо былі выпадкі, калі байцы затрымлівалі ўдзельнікаў розных бандфармаванняў з тэрарыстычных арганізацый ДНР і ЛНР. Да прыкладу, затрымалі кіраўніка асабістаў аховы Безлера (Ігар Безлер, палявы камандзір аднаго з батальёнаў ДНР і самаабвешчаны “камендант Горлаўкі” — Еўрарадыё). Былі выпадкі, калі спрабавалі прарывацца праз мяжу з боем, але ў іх гэта проста не атрымалася. Яны прарываліся з украінскага боку, але мяжа добра кантралюецца і з крымскага.

Еўрарадыё: А правакацыі з таго боку бываюць?

Юрый Рыбак: Відавочныя — не. Бывае, страляюць у паветра, штоноч закідваюць асвятляльнымі ракетамі нашу тэрыторыю, але нічога сур’ёзнейшага пакуль не было.

Еўрарадыё: Ёсць яшчэ уцекачы з Крыма? Як яны павінныя сябе на мяжы паводзіць, да каго звяртацца?

Юрый Рыбак: Едуць. Не так масава, як раней, не ідуць машыны няспынна, але кожны дзень такія людзі ёсць. На мяжы ёсць супрацоўнікі АБСЕ, якія манітораць мяжу — да іх можна звярнуцца. Ёсць супрацоўнікі Чырвонага Крыжа і супрацоўнікі сацыяльных службаў. Дастаткова да іх звярнуцца, і вам дапамогуць.

Еўрарадыё: Якія патрабаванні да звычайных людзей, што едуць альбо ў Крым, альбо ва Украіну? Што наконт крымчан з расійскімі пашпартамі?

Юрый Рыбак: Уведзенае правіла, паводле якога перасякаць мяжу можна толькі па замежных пашпартах: і грамадзянам Украіны, і грамадзянам іншых краін. Гэтая мяжа нічым не адрозніваецца ад мяжы, да прыкладу, з Беларуссю: есць замежны пашпарт, няма ніякіх абмежаванняў — можаце перасякаць мяжу. Што да крымчан з так званымі расійскімі пашпартамі… Няма такога пашпарту ні ў адным з рэестраў, гэта не больш чым “фількіна грамата”! І цяпер, калі ўзнікаюць пытанні, што, маўляў, пашпарт выдалі, а яны з помсты не прапускаюць, то адказваю: гэты пашпарт выдадзены на неафіцыйнай падставе. Разумееце, калі пашпарта няма ў Адзіным рэестры дзяржаў (ёсць такі для ўсіх пашпартоў, там ёсць усе нумары), то яго пашпарт лічыцца нелегітымным. А гэтых “крымскіх” пашпартоў там няма. Адпаведна, жыхары Крыма могуць трапіць ва Украіну толькі па ўкраінскім пашпарце. Ну, а калі чалавек не мае жадання быць грамадзянінам Украіны, а хоча мець такі вось нелегітымны пашпарт — калі ласка, няхай едзе праз Керчанскую затоку ці яшчэ як.

Еўрарадыё: Чаму байцы вашага фармавання служаць толькі на крымскай мяжы — на іншых дапамога памежнікам непатрэбная?

Юрый Рыбак: Мы хоць і добраахвотнікі, але з’яўляемся адным з падраздзяленняў Памежнай службы Украіны і падпарадкоўваемся камандам. Але ёсць людзі, якія ад пачатку праходзілі ў нас падрыхтоўку, а цяпер служаць на ўсходзе Украіны, ваююць на Данбасе.

Еўрарадыё: У вашым фармаванні служаць добраахвотнікі, якія за час знаходжання на мяжы не атрымліваюць ніякага заробку — а за што людзям жыць?

Юрый Рыбак: Сапраўды, людзі падчас службы хоць і знаходзяцца на забеспячэнні, але ніякага заробку не атрымліваюць. Але калі ўзнікаюць такія складанасці, як вы кажаце, то наша арганізацыя бярэ на сябе вырашэнне гэтых пытанняў — дапамагаем сем’ям нашых байцоў. У нас ёсць сябры, якія дапамагаюць фармаванню фінансава. Вось цяпер адзін з нашых байцоў ляжыць паранены ў ваенным шпіталі Днепрапятроўска, хлопец выйшаў з “ілавайскага катла”, і мы займаемся не толькі пераводам яго на лекаванне і рэабілітацыю ў наш горад, але і падтрымкай яго сям’і. Хлопец прайшоў у нас адпаведную падрыхтоўку, але потым перавёўся ў іншае падраздзяленне і ў складзе Нацгвардыі ўдзельнічаў у тых баях.

Еўрарадыё: Вы нават тых, хто ад вас сышоў, усё адно лічыце сваімі і падтрымліваеце?

Юрый Рыбак: Канечне. Усіх, хто праходзіў падрыхтоўку ў нас, але потым захацеў удзельнічаць у больш актыўных дзеяннях, мы лічым сваімі і заўжды будзем дапамагаць ім і іх сем’ям.

       Юрый Рыбак і Мітрапаліт Хмяльніцкі і Камянец-Падольскі Антоній Махота

Еўрарадыё: Запісацца ў фармаванне можа кожны ахвочы?

Юрый Рыбак: Толькі грамадзяне Украіны, якія папярэдне прайшлі пэўную падрыхтоўку і праверку адпаведнымі структурамі. Дарэчы, у нас ёсць хлопец, ён беларус па нацыянальнасці, але грамадзянін Украіны, і ён разам з намі нясе службу на мяжы. Я скажу вам шчыра: сёння ў нашай краіне няма ніякіх дзяленняў на рускіх, беларусаў ці ўкраінцаў. Не ведаю, хто гэта прыдумвае і хто расказвае пра такія праблемы! Вось я з вамі па-руску гавару, лічу сябе патрыётам Украіны, хоць і не магу пахваліцца добрым валоданнем украінскай мовы. Але вораг у нас ва ўсіх сёння адзін.

Еўрарадыё: Чым апроч службы на мяжы займаецца вашае фармаванне?

Юрый Рыбак: Мы займаемся падрыхтоўкай людзей да ваеннай службы. Праз нашую арганізацыю праходзяць людзі, якія ў працэсе падрыхтоўкі ператвараюцца ў сапраўдных байцоў і якія пасля могуць пры жаданні пераводзіцца ў іншыя армейскія альбо міліцэйскія падраздзяленні. Апроч таго, мы займаемся валанцёрствам — забяспечваем падраздзяленні нашых памежнікаў, што служаць на ўсходзе Украіны. Раз на два тыдні мы пастаўляем ім транспарт, паліва, прадукты, рыштунак і ўсё неабходнае.

Еўрарадыё: Ці выклікае ў вас падазрэнне беларуская мяжа?

Юрый Рыбак: Ёсць мяжа, якая патрабуе аховы і маніторынгу. І тут недарэчныя развагі пра тое, падазроная яна ці не. Не вылучаецца ў гэтым сэнсе і беларуская мяжа: яна ахоўваецца, маніторыцца пастаянна, яна “працуе”, і людзі на ёй проста выконваюць свае абавязкі.

Фота: з архіва Юрыя Рыбака, Мітрапаліта Антонія Махоты

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі