Вотум недаверу, выпадковы госць, на слуханнях у КР становіцца сорамна за сваркі

А яшчэ да пачатку другога дня слуханняў становіцца ўсё больш відавочна, што ў протаўрадзе грошай не заробіш / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

А яшчэ да пачатку другога дня слуханняў становіцца ўсё больш відавочна, што ў протаўрадзе грошай не заробіш / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

На сайце "Новая Беларусь" нядаўна з'явілася вельмі адыёзная прапанова. Невядомы аўтар заклікаў папрасіць у палякаў лапік зямлі ў арэнду, каб там і пабудаваць Новую Беларусь.

Палякі, напэўна, падумалі, што беларусы жартуюць. Бо і ў цэлым ідэя пра беларускі анклаў у Польшчы вельмі ўтапічная. Аднак беларускі протапарламент ужо другі дзень засядае ў цэнтры Варшавы.

 

Што адбываецца?

Беларусы арандавалі адну з залаў варшаўскага Палаца культуры і навукі і ўсталявалі там трыбуну з гербам "Пагоня". На трыбуну два дні запар падымаліся прадстаўнікі Пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай (протаўрада). А Каардынацыйная рада (протапарламент) задавала ім нязручныя пытанні.

Трошкі фантазіі — і вось ты ўжо сапраўды ў Новай Беларусі, дзе Валерый Кавалеўскі (прота-прэм'ер?) трымае адказ перад народам.

Калі ў вас ёсць 4 гадзіны, можаце паглядзець, як дэлегаты дапытваюць прадстаўнікоў Кабінета тут. Калі ёсць толькі 15 хвілін — чытайце нашы рэпартажы з пасяджэнняў.

 

Даклад Вольгі Гарбуновай, пасля якога нам становіцца сорамна за сваркі ў дэмсілах

Прадстаўніца Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова заклікала падтрымаць палітвязняў, якія пішуць прашэнні аб памілаванні. Нагадваем, на гэтых выходных крэдыт даверу да Гарбуновай вырас на паўмільёна еўра.

— Я разумею, што ідзе анлайн-трансляцыя, і хацела б звярнуцца да грамадства. Я бачу, што ідзе асуджэнне з боку праактыўных грамадзян і дэмакратычных структур, калі яны даведваюцца, што палітвязні, спрабуючы сябе выратаваць, пішуць прашэнні на памілаванне.

Вотум недоверия, случайный гость, на слушаниях в КС становится стыдно за ссоры
Часовае памяшканне беларускага протапарламента / Euroradio

— Узровень канфліктаў [у дэмсілах], пра які я даведалася, калі пералезла праз мяжу, мяне ўразіў. Не ўпэўненая, што я б з'ехала з Беларусі, калі б ведала пра гэта загадзя. Таму што я з'язджала, мяркуючы, што прынясу тут карысць.

Але такая ўжо сітуацыя. Іншых нас у нас не будзе. Мусім навучыцца дамаўляцца і выбудоўваць адносіны, — сказала Гарбунова.

— Воля, ты недарэмна пералазіла цераз плот, — адказала ёй Лена Жываглод.

 

Даклад Валерыя Кавалеўскага, з якога мы разумеем, што ў Кабінеце грошай не заробіш

Звычайна, калі прадстаўнік Кабінета выходзіць да трыбуны, пачынаюцца пытанні. У выпадку з Кавалеўскім усё крыху інакш: спачатку — кампліменты, і толькі потым пытанні. А вы ж слухалі калі-небудзь Кавалеўскага? Значыць, самі ўсё разумееце.

Зрэшты, аказалася, што сімпатыя з боку грамадства ні ў што не канвертуецца. У цэлым пасля двух дзён слуханняў стала відавочна, што ўсе члены Кабінета хутчэй валанцёраць, чым працуюць. І, здаецца, нават дэлегаты КР здзівіліся таму, што кожны выступоўца часам нясмела адзначаў гэтую праблему.

Напрыклад, выявілалася, што прадстаўніцтва Ціханоўскай па міжнародных справах — гэта ўсяго тры чалавекі.

— У ідэале мая каманда павінна была б складацца з 10 чалавек. Трое — у Бруселі, трое — у Кіеве і трое — у самім кабінеце, — прызнае Кавалеўскі.

— У чым праблема і як вы думаеце, ці ўдасца ў наступнай кадэнцыі знайсці больш фінансавых магчымасцяў? — акуратна фармулююць дэлегаты пытанне пра грошы.

Кавалеўскі так жа сама акуратна нагадвае:

— Адбывалася эвалюцыя ў падыходах да фінансавання, былі змены, адхіленні ад першапачатковага плана. План не спрацаваў, як мы памятаем. Трэба было мяняць кірунак і дзейнічаць інакш.

Нагадваем, што "план" — гэта фандрайзінг ад Таццяны Зарэцкай. Ну і так, праўда, план не спрацаваў. Кавалеўскі прызнае, што Кабінет пакуль не навучыўся добра працаваць з беларускім бізнесам, хоць і адчувае, што ў гэтым ёсць патэнцыял.

— Мы разлічваем, што супрацоўніцтва з КР дапаможа патлумачыць беларускаму бізнесу важнасць Кабінета і яго падтрымкі. Бо менавіта беларускае грамадства павінна мець цікавасць да таго, што мы робім. Мы ж займаемся не толькі пытаннямі палітычнага характару, але і прамымі праблемамі беларусаў.

Самы просты прыклад: Кавалеўскі займаецца стварэннем пашпарта "шчырага беларуса". Калі ў вас заканчваецца пашпарт звычайнага беларуса, вы адчуваеце ўсю вастрыню задачы.

Ужо распрацаваны ўзор дакумента, у гэтай распрацоўцы ўдзельнічалі дызайнеры, гісторыкі, геральдысты, філолагі. Мы атрымалі пацверджанне ад Еўракамісіі ў тым, што гэты дакумент адпавядае стандартам Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Яны будуць гатовыя прапанаваць яго для прызнання краінамі ЕС.

Такога раней ніхто не рабіў. Каб сотні тысяч людзей распрацавалі сабе нацыянальны пашпарт? Мы першапраходцы, але менавіта таму гэта няхуткі працэс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі