Віталь Радзівонаў: Спорт можа стаць пляцоўкай для рэкламы беларускай мовы

Віталь Радзівонаў ― адзін з нешматлікіх беларускіх спартсменаў, які мае актыўную грамадскую пазіцыю. Нядаўна ён першы адгукнуўся на прапанову маладога рэжысёра зняцца ў сацыяльным роліку “Футбол ― гэта…”. І вырашыў паралельна з папулярызацыяй футбола зрабіць рэкламу беларускай мовы.

Еўрарадыё: Ці шмат вы ведаеце неабыякавых спартсменаў, якія клапоцяцца пра мову?

Віталь Радзівонаў: У спартовым асяродку часта сустракаю погляды ў падтрымку роднага слова. Не толькі сярод футбалістаў. Калі ўдаецца пабачыцца на нейкіх мерапрыемствах з вядучымі спартсменамі, то чую такія меркаванні. З Сашай Герасіменяй, напрыклад, мы перасякаліся на акцыях і мерапрыемствах. Гэта абсалютна нармальная пазіцыя грамадзяніна сваёй краіны. Тут няма чаго абмяркоўваць. Ёсць такія людзі і ў нашай камандзе.

Еўрарадыё: У БАТЭ вас называюць Прафесарам. Цікава, якая ў вас адукацыя?

Віталь Радзівонаў: Скончыў універсітэт фізічнай культуры. А ў гэтым годзе атрымаў дыплом эканамічнага ўніверсітэта. Тут, дарэчы, навучаліся Аляксандра Герасіменя, Даша Домрачава.

Еўрарадыё: Ці вучылі вы ў школе беларускую мову? Бо часта здараецца так, што людзі ў дзіцячым узросце не надаюць гэтаму пытанню ўвагі. А ў сталым ― пачынаюць разумець актуальнасць.

Віталь Радзівонаў: Я быў такім самым хлопцам. Ну, малады, адным словам. Натуральна, я нешта чытаў ― вершы, творы. Заклаў у школьныя гады пэўную базу. Але, што тут казаць, у паўсядзённым жыцці мова сустракаецца не так часта. Яна існуе на дадзены момант, каб моладзь не забывалася на свае карані. Сітуацыя склалася з-за таго, што беларуская мова мала сустракаецца на дадзены момант у паўсядзённым жыцці, на тэлебачанні. Таму ў мяне вельмі моцная ўнутраная павага да людзей, якія сёння размаўляюць па-беларуску. Мне здаецца, што ў нас такіх людзей робіцца больш.

Еўрарадыё: Тэкст для роліка вам пераклаў Лявон Вольскі. Ці падабаецца вам нехта з беларускіх музыкаў, якія займаюцца раскруткай мовы?

Віталь Радзівонаў: Ёсць нашы “Песняры” ― легендарны гурт. Ёсць “Беларускія песняры”, яны ў 2011 годзе выступалі ў нас на ўганараванні каманды. Не магу сказаць, што я фанат нейкіх пэўных музычных стыляў. Але новую беларускамоўную музыку, якую чую па радыё, мне слухаць цікава, нават вельмі. Ведаю Лявона таго ж, “Ляпісаў”.

Еўрарадыё: Калі БАТЭ пачало гуляць у Лізе чэмпіёнаў, Віктар Ганчарэнка заклікаў заўзятараў быць больш культурнымі. Здзіўляла сітуацыя, калі многія беларусы прыходзілі на стадыён найперш паглядзець на “Ювентус” і “Рэал”. Выказваюцца думкі, што ў першую чаргу беларуская мова магла б дапамагчы выхаваць нашых заўзятараў больш патрыятычнымі і культурнымі. Ці згодны вы з гэтым?

Віталь Радзівонаў: Зразумела, мне здаецца, у гэтым кірунку варта рухацца нашаму спорту, гэта адназначна. Адзінае, натуральна, не ўсё адразу. Не праз год ці два беларуская мова ўвойдзе ва ўжытак па ўсіх сферах. Павінна прайсці шмат часу, і неабходна рабіць крокі, каб родная мова ўваходзіла ў жыццё грамадзян. А спорт можа стаць адной з пляцовак для рэкламы мовы. Карацей, футбол павінен у гэтым пытанні дапамагчы. Мне здаецца, нашым кіраўнікам варта ўжо задумвацца, якія крокі рабіць. Гэта было б цудоўна.

Еўрарадыё: Віталь, як вы сябе зараз адчуваеце, як здароўе?

Віталь Радзівонаў: Добра. Але пасля матчу нашай зборнай з Фінляндыяй не зусім добры настрой. Па выніку дзвюх гульняў вынік атрымаўся катастрафічны ў параўнанні з тым, на які мы разлічвалі. На гэты конт унутры адчуваю негатыў.

Еўрарадыё: Зараз шмат пішуць, што ў народнай каманды БАТЭ здарыўся спад. У чэмпіянаце абышоў “Шахцёр”. Выказваюцца меркаванні, што каманда разлічвае такім чынам выйсці на пік падчас еўракубкаў. Ці маглі б вы патлумачыць, што цяпер адбываецца?

Віталь Радзівонаў: Я не сумняваюся, што ў нас усё будзе добра. Хочацца, каб гэта ўпэўненасць перадавалася заўзятарам. Што тычыцца спаду, то гэта спартовая статыстыка. Праз нейкі час у каманд здараецца спад, калі цягам гадоў знаходзішся на высокім узроўні. Хочацца думаць, што гэты спад, гэты крызіс у нас ужо скончыўся. Мы вельмі плённа абмеркавалі гэта пытанне на базе, вузкім колам, камандай. Вынайшлі прычыны таго стану, у які патрапілі. Мяркую, зараз у нас будзе пад’ём угару. Нядаўна пазнаёміўся з такім выразам: часам чорная паласа пераўтвараецца ва ўзлётную. Хочацца верыць, што ўсё будзе цудоўна, і гэты год будзе больш паспяховым за папярэдні. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі