Вікторыя Азаранка будзе судзіцца за апеку над сваім сынам

Вікторыя Азаранка будзе судзіцца за апеку над сваім сынам

Вікторыя Азаранка будзе судзіцца за апеку над сваім 7-месячным сынам Леа Аляксандрам (ён нарадзіўся ў снежні 2016-га ў Злучаных Штатах). Судовы працэс пройдзе ў верасні ў Беларусі. Тэнісістка вырашыла скарыстацца паслугамі ізраільскага адваката Зівы Вальнера. Гэтую сенсацыйную навіну паведамляе група Вікторыі Азаранкі ў “Вконтакте” (раней яна з'явілася ў ізраільскіх СМІ).

Высветлілася, што ў ліпені Вікторыя Азаранка развіталася з сваім маладым чалавекам, бацькам яе сына Білі Макігам. У ЗША ён звярнуўся ў суд і заявіў пра выкраданне дзіцяці. І суд неўзабаве пастанавіў, што яго сына мусяць вярнуць у Лос-Анджэлес. “Ён забраў 7-месячнае дзіця і пазбавіў Азаранку магчымасці спаць са сваім дзіцёнкам”, — чытаем у згаданым паведамленні. Адзначым, што афіцыйна адносіны Азаранкі і Макіга не былі зарэгістраваныя.

Пасля гэтага Азаранка і яе юрыст звярнуліся да Вальнера, які лічыцца адным з лепшых адвакатаў у галіне сямейнага права ў Ізраілі. Падрыхтоўка да суда ідзе ўжо два тыдні і яна “была схаваная ад фанатаў і СМІ”. Зіва Вальнер паведаміў пра падрыхтоўку іска да былога партнёра Азаранкі за нанясенне вялізных матэрыяльных страт. З-за сітуацыі з сынам і падрыхтоўкі да суда Вікторыя вымушаная прапускаць буйныя тэнісныя турніры, а значыць нясе матэрыяльныя страты. Вальнер перакананы, што ў беларускі добрыя шанцы, каб выйграць суд. Яна ўжо паабяцала адвакату, што ў такім выпадку наведае Ізраіль.

Вікторыя Азаранка будзе судзіцца за апеку над сваім сынам
Вікторыя Азаранка з адвакатам. Фота: vk.com/azarenka_vik

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі