Віктарын: ЕС застаецца прыхільнікам крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю

Віктарын: ЕС застаецца прыхільнікам крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю

Еўрасаюз застаецца прыхільнікам крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю. Пры гэтым вялікае значэнне надаецца супрацоўніцтву з краінай і народам. З такой заявай кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Мінску Андрэа Віктарын выступіла на канферэнцыі арганізацый грамадзянскай супольнасці 23 красавіка ў Мінску, перадае БелаПАН.

Дыпламат адзначыла, што за апошнія два гады былі зробленыя некалькі крокаў да паляпшэння супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС. У прыватнасці, пачаліся перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, аднавіўся дыялог па правах чалавека, Беларусь актыўна ўдзельнічае ў праграме ЕС "Усходняе партнёрства".

У якасці станоўчых момантаў Віктарын назвала "канструктыўную ролю" Беларусі ў рэгіёне. Яна дадала, што вызваленне палітвязняў стала крокам, якога даўно дамагаўся ЕС, а прэзідэнцкія выбары 2015 года "прайшлі без гвалту". У адказ ЕС спярша прыпыніў, а потым і зусім адмяніў санкцыі супраць большасці фігурантаў "чорнага спісу".

Аднак Віктарын падкрэсліла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі "працягвае заставацца прадметам заклапочанасці". Яна нагадала, што сёлета ў нашай краіне пройдуць парламенцкія выбары. ЕС заклікае беларускія ўлады ўлічыць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і выбарчага працэсу, зробленыя пасля прэзідэнцкіх выбараў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб рэабілітацыі былых палітвязняў, а таксама практычнай рэалізацыі свабод палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і СМІ.

Згадала Віктарын і пра ўжыванне ў Беларусі смяротнага пакарання. ЕС прапануе афіцыйнаму Мінску ўвесці мараторый на смяротную кару. Гэтая праблема будзе абмяркоўвацца на чарговым раўндзе перамоваў па правах чалавека, які пройдзе ў чэрвені ў Мінску.

Арганізатарам канферэнцыі "Развіццё нацыянальнай платформы: новыя стратэгіі" стала Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі каля 70 грамадзкіх арганізацыяў. Палітычная мэта канферэнцыі — прыняць "Дарожную карту супрацоўніцтва Прадстаўніцтва ЕС у Мінску і беларускіх НДА".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі