Віктар Ганчарэнка: Я пакідаю клуб, у якім мне было ўтульна і камфортна

У сваім звароце, змешчаным на сайце клуба, Ганчарэнка выказвае падзяку заўзятарам, а таксама гульцам і адміністрацыі барысаўскай каманды.



“Мінула амаль шэсць гадоў з таго моманту, калі я ачоліў каманду. За гэты час мы з вамі дамагліся многага. Галоўны вынік у тым, што БАТЭ стаў візітоўкай футбольнай Беларусі, пазнавальным у Еўропе брэндам. Але гэта было б немагчыма без вашай гарачай падтрымкі, без той атмасферы, якая заўсёды панавала на матчах з удзелам БАТЭ”, — адзначае Віктар Ганчарэнка.



“У нашага трэнерскага штаба былі выдатныя адносіны з футбалістамі. Мы заўсёды ведалі, на каго і пры якіх абставінах можна абаперціся. Гэта было падмуркам усіх перамог. Нашы поспехі не былі б магчымымі без такіх мудрых людзей, як Анатоль Капскі і Аляксандр Захарчанка. Анатоль Анатольевіч тонка адчуваў грань, калі можна было падтрымаць чалавека, пагладзіць па галаве, а калі — і закруціць гайкі. Да Аляксандра Віктаравіча, які звычайна знаходзіўся ў ценю, заўсёды можна было звярнуцца за парадай. Я ўдзячны адміністратыўнаму штабу нашай каманды, чый прафесіяналізм заўсёды быў прадметам майго асаблівага гонару”, — заявіў былы трэнер БАТЭ.



“З аднаго боку, з горыччу даводзіцца канстатаваць, што развітваюся з выбітнымі людзьмі, якія працуюць у клубе, з выдатнымі футбалістамі, з якімі мне пашчасціла прайсці вялікі і запамінальны шлях. Аднак, з іншага, галавой разумею: шэсць гадоў для працы трэнера на адным месцы — вялікі тэрмін. Таму надышоў час развітання. Трэнерская доля такая, што нельга застойвацца, трэба шукаць шляхі для далейшага самаўдасканалення. Я пакідаю клуб, у якім мне заўсёды было ўтульна і камфортна працаваць. Тым не менш ФК БАТЭ застанецца ў маім сэрцы назаўсёды”, — сказаў Віктар Ганчарэнка.



Віктар Ганчарэнка пачынаў сваю кар’еру ў БАТЭ як футбаліст на пазіцыі абаронцы, але перастаў выходзіць на поле ў 25 гадоў пасля сур’ёзнай траўмы. У 2004-2006 годзе працаваў трэнерам дублёрскага складу, у 2007 годзе стаў старэйшым трэнерам асноўнай каманды, а праз некалькі месяцаў — галоўным трэнерам.



У 2008 годзе вывеў клуб у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў і стаў самым маладым трэнерам у гісторыі гэтага турніру. У 2011 годзе каманда зноў выйшла ў групавы раўнд ЛЧ і згуляла з “Барселонай”, “Міланам” і чэшскай “Вікторыяй”. У 2012 годзе БАТЭ таксама быў у групе турніру і гуляў з “Баварыяй”, “Валенсіяй” і “Лілем”.



12 кастрычніка 2013 года Віктар Ганчарэнка пакінуў пасаду галоўнага трэнера БАТЭ і далучыўся да клуба “Кубань”, які гуляе ў расійскай прэм’ер-лізе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі